Занятак “Купалле. Склад купальскай абраднасці, яе сувязь з язычніцкімі вераваннямі”
Войшніс Ф.С., кіраўнік этнаграфічнага музея “Спадчына”
Мэта: пазнаёміць вучняў з традыцыямі і абрадамі святкавання Купалля.
Задачы:
- узнавіць і расшырыць веды аб традыцыйным летнім свяце Купаллі;
- навучыць адрозніваць асаблівасці свята Купалля;
- далучыць школьнікаў да тысячагадовай традыцыі народа;
- развіваць аналітычнае мысленне школьнікаў;
- садзейнічаць выхаванню цікавасці да народных свят і абрадаў, імкненне захоўваць спадчыну.
Абсталяванне. Выстава кніг “Летнія святы”, “Традыцыйная мастацкая культура беларусаў”, “Жывая крыніца”, “Народная спадчына”, “Зборнік беларускага фальклору”, “Беларускія народныя абрады”, матэрыялы з інтэрнэт-рэсурсаў пра Купалле.
Ход занятку
Распаліце, паліце Купалля агні!
Не затым, каб ускрэсла мінуўшчына…
А каб лепей убачыць наступныя дні,
Да вытокаў душой дакрануўшыся.
Ніл Гілевіч.
1. Педагог (чытае эпіграф).
Аб якім свяце пойдзе гаворка? (Адказы вучняў).
– Адным з яскравых, маляўнічых і паэтычных абрадаў у беларусаў было свята Купалле. Яно захавалася і дажыло да нашых дзён разам з купальскімі песнямі. Свята, шырока папулярнае ва ўсіх народаў Еўропы, у Беларусі мае свае вельмі старажытныя традыцыі. Першыя пісьменныя ўпамінанні аб Купаллі на тэрыторыі Беларусі адносяцца да ХІІ-ХІІІ стст. У сувязі з распаўсюджаннем хрысціянства гэта Свята прыпадае на дзень летняга сонцастаяння і адзначаецца ў ноч з 24 па 25 чэрвеня па старому стылю (з 6 па 7 ліпеня – па новаму).
– Як вы разумееце слова “купала” (“Купала”)? (слова“купала” мае некалькі трактовак: ад стараславянскага “купа”–“купець”, што адзначае “гарэць”. Другая трактоўка ад слова “купацца”, Трэцяя – ад кораня “куп”,“кып”. Лацінскае “сиріо” – “ярыцца”, “злавацца”, “ускіпець”. У “Тлумачальным слоўніку” Даля слова “куп” –збор, зборышча людзей).
Шэраг даследчыкаў лічыць, што Купала – старажытнаславянская багіня ўраджаю . Паўстае ў абліччы дзяўчыны (дачкі Купалкі) і ў вобразе маці. Вобраз Купалкі апяваецца ў песні “Ішла Купала сялом, сялом…” У некаторых песнях Купаліш прадстае ў мужчынскім абліччы. Іншы раз абодва вобразы – дзяўчыны Купалкі і хлопца Купалы – аб’ядноўваюцца ў адной песні.
2. Паведамленне падрыхтаванага вучня пра першае летняе свята.
3. Гутарка.
– Калі святкуюць Купалле? (Беларускае Купалле святкуюць з 24 па 25 чэрвеня па старому стылю ( з 6 па 7 ліпеня – па новаму.)
– Чым займаліся хлопцы і дзяўчаты напярэдадні свята? (Хлопцы збіралі старыя рэчы (паношаную вопратку, старыя колы, клёпкі ад бочак, леташнюю кудзелю) і вывозілі за вёску на абранае для ўрачыстасці месца: узлесак, паляну, высокі рачны бераг, выган, узмежак пры жыце. Дзяўчаты збіралі кветкі на вянкі, рабілі запасы лекавых траў. Дзяды і спрыяльныя сілы прыроды, часцей за ўсё у выглядзе купальскіх зёлак, дапамагалі людзям пазбегнуць злой сілы. Дзяўчаты плялі вянкі з кветак (вялікія – для карагода, а малыя – на галаву). Рабілі і прыбіралі ляльку – жаночае пудзіла.)
– Як моладзь запрашала ўсіх на Купалле?(Рытуал Купалля – урачыстае запрашэнне на свята. Моладзь з песнямі і карагодамі абыходзіла хаты. У час абыхода кідалі вянкі на стрэхі хат нежанатых хлопцаў і незамужных дзяўчат.)
(Зачытванне песень “Да сягоння Купала, заўтра Ян”, “Ой, на Купалле, на Яна”).
4. Аповед пра купальскае вогнішча.
У купальскіх абрадах вялікае месца займала сімволіка агню. Купальскае вогнішча, якое ўвасабляла сонца, было ў цэнтры ўсяго святочнага цырыманіялу. Яшчэ ў ХІХ ст. яго запальвалі старадаўнім спосабам – тручы адзін аб другі брусы дрэва.
5. Гутарка.
– Дзе часцей за ўсё раскладвалі вогнішча? (Вогнішча раскладвалі ля рэчкі ці ля возера, на высокім месцы, як мага далей ад вёскі і засеянай нівы.)
– Што рабіла моладзь каля яго? (Каля купальскага агню ладзілі ў многіх мясцінах абрадавую вячэру, “пяклі яечню”, пасля пачыналі весяліцца, вадзіць карагоды, спяваць купальскія песні, варажыць, сачыць за гульнёй сонца пад раніцу, купацца). Дзяўчат цікавіў іх будучы лёс. Яны марылі аб хуткім замужжы, добрым выбраніку. З гэтай нагоды і скакалі хлопец з дзяўчынай цераз агонь. Калі не расчэпяць пры гэтым рук, значыць пажэняцца. Пры агні спальваўся пучок ільну са словамі-заклінаннямі: “Зарадзі лён!”. Як сімвал сонца ўздымалі на шчасце запаленае кола.)
– Якія існавалі павер’і, звязаныя са скокамі праз вогнішча? (Меркавалася, што скоканне праз агонь, дазваляла ачысціць сябе і захаваць ад чараў.)
– Якой незвычайнай сілай, паводле падання, валодаў купальскі агонь? ( У Заслаўі маладзіцу перавозілі праз агонь, каб злыя духі не маглі ёй пашкодзіць. У гэтым трэба бачыць ушанаванне маладзіцы і ачышчэння як будучай маці. Каб пазбегнуць шкоды вядзьмаркі, кароў праганялі праз невялікі агонь, які разводзілі ў варотах. Сушылі кашулю хворага дзіцяці, каб хутчэй выздаравеў.)
– Раскажыце пра папараць-кветку (Папараць-кветка, згодна з народнымі павер’ямі славян, зацвітае толькі раз у год – апоўначы на Купалле, звычайна ў самым гушчары лесу. Лічылі, што чароўны яркі колер, якім успыхвае папараць-кветка, сыходзіць на яе ад Перуна. Па агульнавядомым уяўленні гэтая кветка цвіце толькі некалькі імгненняў, і той чалавек, які зможа яе сарваць, стане шчаслівым і багатым, атрымае здольнасць разумець гаворку звяроў і дрэў, зможа адшукаць схаваныя ў зямлі скарбы. Верылі, што чароўную кветку ў момант яе цвіцення ахоўваюць розныя нячысцікі і страшыдлы, уздзеянне якіх на чалавека можа мець небяспечныя і нават трагічныя вынікі).
– Які абрад з вянкамі выконвалі дзяўчаты? (На вянок клалі дзве палачкі накрыж, пасярод якіх прымацоўвалі запаленую свечку. Калі вянок круціцца, значыць, быць у старых дзевах, калі паплыве – выйдзе дзяўчына замуж, калі стаіць на месцы – замуж пакуль не пойдзе. Спявалі песню “Как на этой, на долинке”.)
6. Фізкультхвілінка.
7. Расповед спецыяльна падрыхтаванага выхаванца пра абрад з “русалкай”
8. Гутарка.
– Каго выбіралі на ролю “русалкі”? (Дзяўчыну, якая мае доўгія валасы.)
– Як упрыгожвалі дзяўчыну, выбраную “русалкай”? (На галаву дзяўчыны адзявалі пышны вянок, агромністы, як кола. Яна здымала свой андарак і заставалася ў адной кашулі з расшпіленым каўнерыкам.)
– Якую яшчэ рабілі “русалку”? Для чаго? (Выбіралі і маленькую дзяўчынку для ролі дачкі русалкі. Адначасова рабілі з саломы пудзіла).
– Якія песні суправаджалі гэты абрад? (“Правяду я русалачку да бору”…)
9. Інфармацыя пра іншыя купальскія абрады.
– Які абрад выконвала моладзь у купальскую раніцу? (Умыванне ранішняй расою і качанне па расе ў жыце.)
– Якія павер’і пры гэтым сцвярджаліся? (Вада ў гэту ноч валодае магутнай гаючай, жыватворнай, жыццёвай і пладаноснай сілай. Яна, па паданню, робіць людзей прыгожымі.)
– Якія абрадавыя дзеянні, накіраваныя на ўмацаванне здароўя, забеспячэнне ўраджаю і плоднасці статку, выконваліся падчас свята? (На Купалле хлопцы і дзяўчаты спраўляюць рытуальнае купанне ў рэках, азёрах, вадаёмах. Акурванне жывёлы спаленымі на кастры гаючымі травамі. Прашэнне багатага ўраджаю.)
– Якія адметнасці мела варажба моладзі ў купальскую ноч? (Рытуальная варажба на вянках. Варажылі на раслінах – зёлках, купалках. Іх зрывалі і загадвалі жаданне. Калі праз некаторы час кветкі распушваліся – жаданне здзейсніцца. У нашых мясцінах загадзя, яшчэ да Купалля, шукалі чатырохпальцы лісток канюшыны, прыносілі яго дахаты, клалі пад падушку. Нельга было ні з кім размаўляць. Перад сном казалі рытуальнае заклінанне: “лісток, пакажы мне майго мілага”. Варажылі таксама на жытніх каласах.)
– Як народная медыцына выкарыстоўвала купальскія зёлкі? (Святаянскае зелле выкарыстоўвалі ў абрадах, звязаных з жывёлагадоўляй. Жанчыны абкурвалі ў хлявах свойскую жывёлу, у тым ліку кароў, каб ведзьмы не адабралі ў іх малако).
10.Рэфлексія.
– Як у Забалаці адзначаецца Купалле?
– Ці прымаеце вы ўдзел у гэтым свяце?
– Што асабліва вам запомнілася?