Top.Mail.Ru

Этнографический музей "Спадчына"

                  Пасека – родны мой кут,

Бераг шчасця майго і пакут, 

Да цябе ўсе дарогі вядуць,

Хоць і стомлена ногі гудуць…

Г.А. Засценчык  (Родзік)

Вёска Пасека-Дварчаны знаходзіцца за 56 кіламетраў на паўднёвы захад ад  г. п. Воранава, 84 кіламетры ад горада Гродна, 50 кіламетраў ад чыгуначнай станцыі Бастуны, на тэрыторыі Забалацкага сельсавета ў Воранаўскім раёне Гродзенскай вобласці, недалёка ад граніцы з Літвой. Згодна перапісу 1897 года – фальварак, адзін двор, 10 жыхароў, у Забалацкай воласці Лідскага павета Віленскай губерні. З 1919 года ў БССР. З 1921 года ў складзе Польшчы. З лістапада 1939 года ў БССР. З 4.12.1939 года ў Баранавіцкай вобласці, з 15.1.1940 года ў Радунскім раёне, з 12.10.1940 годзе ў Забалацкім сельсавеце, пасёлак. У 1940 годзе 154 жыхары. У Вялікую Айчынную вайну з канца чэрвеня 1941 года да сярэдзіны ліпеня 1944 года акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі.  З 20.09.1944 года ў Гродзенскай вобласці, з 25.12.1962 года ў Воранаўскім раёне.  У 1970 годзе вёска, 170 жыхароў. З 1956 года ўваходзіла  ў калгас імя Леніна. На 1.1.2004 года 27 двароў, 61 жыхар. З 17 ліпеня 2003 года ў складзе сельскагаспадарчага вытворчага  кааператыва “Забалацкі-Агра”, з лютага 2014 года ў складзе СВК “Гіркі”, а з 2016 года ў складзе КСУП “Гіркі” [2, с.608].

Жыхарка вёскі Пасека-Дварчаны Ганна Вікенцьеўна Явейшыс, 1930 г. н., мне паведаміла, што вёска расла і разбудоўвалася. У 30-х гадах з’явілася польская, а ў студзені 1940 года – беларуская школа, якая размяшчалася ў хаце мясцовага жыхары Баляслава Міхайлавіча Залескага. У 1949 годзе гэты дом купіла Ганна Вікенцьеўна, дзе і пражывае да цяперашняга часу (Дадатак 5).

Вызваленчы паход 17 верасня 1939 года Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь змяніў жыццё жыхароў, пачалося калгаснае будаўніцтва. Але 1941 год перакрэсліў усе надзеі, планы. А 1943 год увайшоў у жыццё жыхароў вёскі Пасека-Дварчаны, як самы жудасны з усіх пражытых.

Мясцовыя старажылы і сёння з жахам успамінаюць той крывавы дзень. У акружанай ворагамі вёсцы Пасека-Дварчаны пайшла пагалоска, што яе спаляць разам з жыхарамі. Падставай паслужыла не то забойства партызанамі нямецкага салдата на ўзлеску ля вёскі, не то перастрэлка фашыстаў з Арміяй Краёвай пад  Гудзінішкамі. Жыхароў вёскі нямецкія салдаты пачалі зганяць на ўскрай вёскі, загадалі капаць ямы. Чаканне смяротнага пакарання доўжылася суткі. Чакалі афіцэра, які прыедзе з вёскі Сабакінцы (цяпер аграгарадок Першамайск Шчучынскага раёна). Па загаду афіцэра  жыхароў вёскі адпусцілі.

Але без крывавай расправы не абышлося. Ф.А. Родзік пісаў: “Немцы праз солтыса Бугатка даведаліся, што многія члены нашай сям’і звязаны з партызанамі, рашылі зрабіць аблаву на хутар” [17, с. 2].

Дзеліцца ўспамінамі Ганна Антонаўна Засценчык (Родзік): “Па падазронасці ў сувязі з партызанамі фашысты бязлітасна расправіліся з сям’ёй Антона Родзіка, майго бацькі і сем’ямі нашых суседзяў па хутары  Клімашэўскіх. Разам з імі расстралялі А. Квеценя, В. Казадойку, Г. Стоцкую. Першыя два мелі няшчасце пайсці па коней той раніцай, а Ганна Стоцкая – па  карову. Дзяцей і жанчын забілі ў гумне, мужчын –  на падворку. На наступны дзень мужчынскія трупы зацягнулі ў гумно да іншых і падпалілі” [6, с.2].

У артыкуле, з успамінаў Ганны  Засценчык (Родзік), напісана, што ў гумне згарэлі яе мама, брат Антон (Тонік), сястра Марыя і яе двухгадовы сынок Вася. Так, сапраўды, не стала Станіславы Аляксандраўны Родзік, Антона Антонавіча Родзіка, Валіка Павядайка (сына Марыі), а не Васі. А сястра, Марыя Антонаўна Павядайка , у гэты час была ў партызанах, засталася жывой [6, с.2].

Я даведаўся ад старажылаў вёскі, што былі спалены ўсе пабудовы хутара. Пазней астанкі спаленых пахавалі.  Жанчын з дзецьмі – у адной магіле, а мужчын – у другой.

Мяне зацікавіла: колькі чалавек пазбавіліся жыцця ў той трагічны дзень, адзін з 1418 дзён мінулай вайны? Адназначных адказаў я не атрымаў. У кнізе “Памяць. Воранаўскі раён” напісана, што былі забіты 20 чалавек [13, с.170], у кнізе “З гісторыі краю і лёсаў людзей Воранаўшчыны” – 18 мірных жыхароў [7, с. 223]. У кнігах “Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі” [8, с. 146],  “Гарады і вёскі Беларусі” [2, с. 608], “Памяць. Беларусь” [12, c. 338] – 19 жыхароў. Такой лічбы прытрымліваюцца Ганна Антонаўна Засценчык (у дзявоцтве Родзік) [6, с. 2], і былы рэдактар раённай газеты А. Жалкоўскі [7, с.189].  А Франц Антонавіч Родзік адзначае, што 23 жыхары хутароў загінулі ў той час [17, c. 2]. У той дзень, як я выявіў, фашысты пазбавілі жыцця 17 чалавек (Дадатак 7). Інтэрв’ю з карэннай жыхаркай вёскі Пасека-Дварчаны Генавефай Мацвееўнай Андрушкевіч, 1934 года нараджэння, дапамагло папоўніць спіс загінуўшых. Яна назвала імёны дзяцей Марыі і Аляксандра Клімашэўскіх. З яе слоў вядома, што ў першай магіле пахаваны Ежы Антонавіч Родзік, 1909 г. н., якога ў маі 1944 года ля Васілішак (Шчучынскі раён), перад самым вызваленнем вобласці, расстралялі немцы разам з аднавяскоўцам Іванам Осіпавічам Фірыновічам, 1909 г.н. [13, с.274]. Падпольшчык І.О. Фірыновіч быў пахаваны на могілках у вёсцы Забалаць. Магчыма, яго і лічаць з усімі загінуўшымі ў вёсцы Пасека-Дварчаны. Атрымліваецца 19 чалавек загінуўшых. Але пахавана ў 2-ой магіле на паўднёва-заходняй ускраіне вёскі Пасека-Дварчаны 17 жыхароў.

Некалькім падлеткам удалося ўцалець у той страшны дзень. Аб чым сведчаць успаміны Ганны Засценчык (Родзік) [5, с.2] (Дадатак 7). Удалося ўратавацца ад смерці Ваню Павядайка, сыну Марыі Антонаўны Павядайка (Родзік), і Юзіку Клімашэўскаму (Дадатак 3). Яны схаваліся ў гумне, у кучы мякіны. У кнігах “Памяць. Воранаўскі раён” [13, с.170], “Памяць. Беларусь”  [12, с.338], “Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі”[8, с.146], “Гарады  і вёскі Беларусі” [2, с.608] паведамляюцца звесткі, што нямецка-фашысцкія акупанты загубілі жыхароў вёскі Пасека-Дварчаны ў 1942 годзе. Трагедыя адбылася 26 кастрычніка 1943 года. Аб гэтым сведчыць надпіс на помніку на месцы захавання і шматлікія ўспаміны старажылаў. 

8 мая 1983 года, у год саракагоддзя крывавай трагедыі, па ініцыятыве воранаўскіх камсамольцаў, на месцы тых жудасных падзей быў устаноўлены абеліск з чорнага мармуру з зоркай у вугле. На ім напісаны словы: “Партызанскай сям’і, загінуўшай ад рук нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны, ад камсамольцаў і моладзі раёна”.

Генавефа Мацвееўна Андрушкевіч апавядала аб адкрыцці помніка: “Сабралася вельмі шмат людзей не толькі з вёскі Пасека-Дварчаны, але і з суседніх вёсак. Прыйшлі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, кіраўнікі сельскагаспадарчых арганізацый, размешчаных на тэрыторыі Забалацкага сельсавета, прадстаўнікі партыі і райкома камсамола, піянеры, камсамольцы і настаўнікі Забалацкай сярэдняй школы, а таксама  Ф.А. Родзік, Г.А. Засценчык (Родзік), З.А. Келлер (Родзік), М.А. Павядайка (Родзік), яе сын І.У. Павядайка, дочкі У.У. Павядайка, З.У. Павядайка і іншыя родзічы  партызанскай сям’і”.

У дзень адкрыцця помніка з прамовай выступіла Ганна Антонаўна Засценчык. Яна апавядала пра сваіх аднавяскоўцаў, якія засталіся навечна ляжаць у брацкай магіле, пра яе з пляменніцай уратаванне. Ганна Антонаўна гаварыла: “Памяць аб тых, над кім сёння запальваюцца пунсовыя зоркі абеліскаў і помнікаў, брацкіх магіл, мемарыялаў неўміруча ў народзе”.

На месцы трагедыі тры магілы. (Тут, да трагедыі, знаходзіліся пабудовы сям’і Аляксандра Клімашэўскага.). На адной з іх – абеліск, на другой – помнік з прозвішчамі на польскай мове, насупраць трэцяй магілы – стары драўляны крыж .

Кожны год 9 Мая і ў памінальныя дні на месца трагедыі прыходзяць прадаўжальнікі роду Родзікаў, аднавяскоўцы, прадстаўнікі раённых і мясцовых органаў улады,  настаўнікі і вучні Забалацкай Забалацкай сярэдняй школы, каб аддаць даніну памяці сваім землякам, што загінулі ад рук нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

 

 

Спіс загінуўшых жыхароў з в. Пасека Дварчаны 26 кастрычніка 1943 года

1.Казадойка Вітольд Вікенцьевіч, 1921г.н.

2.Квецень  Адам Мацвеевіч, 1909 г.н.

3.Клімашэўская Ганна Францаўна, 1909 г. н.

4.Клімашэўская Гэлена Іосіфаўна, 1928 г.н.

5. Клімашэўская Ева Іосіфаўна, 1932 г.н.

6. Клімашэўская Марыя Канстанцінаўна, 1910 г. н.

7. Клімашэўскі Аляксандр Станіслававіч, 1905г.н.

8.Клімашэўскі  Вацлаў Іосіфавіч, 1942 г.н.

9.Клімашэўскі  Іван Іосіфавіч, 1936 г.н.

10. Клімашэўскі Іосіф Аляксандравіч, 1934 г.н.

11. Клімашэўскі Іосіф Сцяпанавіч, 1897 г.н.

12. Клімашэўскі Леанід Аляксандравіч, 1932 г. н.

13. Клімашэўскі Станіслаў Іосіфавіч, 1936 г.н.

14. Павядайка Валянцін Уладзіслававіч, 1941 г.н.

15. Родзік Антон Антонавіч, 1927 г. н.

16. Родзік Станіслава Аляксандраўна, 1893 г .н.

17. Стоцкая Ганна Аляксандраўна, 1903 г. н.

ПРА НАС

 

 

Кароткая характарыстыка этнаграфiчнага музея “Спадчына”

 

Этнаграфічны  музей Забалацкай сярэдняй школы створаны ў верасні 1985 года. Кіраўнікамі музея з 1985 па 1987 гг. была Мялешка Таццяна Іванаўна, настаўнік рускай мовы і літаратуры, з 1987 па 1993 гг. – Войшніс Фаіна Стэфанаўна, настаўнік беларускай мовы і літаратуры, з 1993 па 1997 гг. – Адамоніс Ванда Браніславаўна, настаўнік гісторыі, з 1997 па 2003 гг. Бужынская Леакадзія Яўгеньеўна, настаўнік геаграфіі, з 2003 па 2004 гг. – Радзько Вольга Мечыславаўна, настаўнік беларускай мовы і літаратуры. Кіраўніком этнаграфічнага музея “Спадчына” з 2004 г.з’яўляецца  Войшніс Фаіна Стэфанаўна.

Наш музей прапагандуе культурную спадчыну роднага краю.  Мы знаёмім дзяцей і дарослых са знакамітымі людзьмі, з песеннай спадчынай. У музеі праходзяць урокі гісторыі, грамадазнаўства, беларускай мовы і літаратуры, працоўнага навучання.

Агульная колькасць эспанатаў – 580

Колькасць экспанатаў асноўнага фонду – 470

Колькасць экспанатаў дапаможнага фонду –  110

 Экспазіцыя музея (раздзелы “Беларуская хатка”, “Куток гаспадара”, “Куток гаспадыні”, “Ткацтва і вышыўка”, “Вырабы з саломы і лазы”) апавядае пра жыццё і побыт жыхароў Забалаччыны канца ХІХ – сярэдзіны ХХ стагоддзя. Ільняныя вырабы, ткацкія прылады працы, вырабы з саломы і лазы. Тут і прылады земляробчай працы, гаспадарчы рыштунак, конская вупраж і інш.

Этнаграфічны музей “Спадчына” – цэнтр выхаваўчай работы па народных традыцыях, па гісторыі Бацькаўшчыны, пошука-даследчай дзейнасці. Задача музея – каб кожны экспанат як мага актыўней працаваў на сваіх наведвальнікаў.

Юныя экскурсаводы праводзяць вучэбныя, тэматычныя, віртуальныя экскурсіі, экскурсіі тыпу “музей у чамадане” на беларускай, рускай і нямецкай мовах, падчас якіх можна не толькі далучыцца да мінулага нашых продкаў, але і зрабіць “сэлфі”, прымераць адзенне забалацкіх мадоннаў пачатку – сярэдзіны  ХХ ст.

 Для навучэнцаў школы арганізоўваюцца экскурсіі-вандроўкі ў рамках міні-праекта “Маленькая краіна – гэта мая Забалаць”. Распрацаваны некалькі турыстычных маршрутаў па наваколлі Забалаччыны.

У музеі дзейнічаюць выставы “Матулін ручнік”, “Мова забалацкіх дываноў”, “Забалацкая школа: учора і сёння”, “Калекцыя калядных, навагодніх і велікодных паштовак ХХ стагоддзя”, “Грашовыя знакі мінулага”.

На базе музея працуе клуб “Спадчына”, члены якога ладзяць каляндарныя і сямейна-бытавыя святы і абрады; заняткі краязнаўчай накіраванасці, квэст-гульні.

Пры музеі працуюць пошука-даследчыя атрады “Пошук”, “Нашчадкі”. Актыўна вядзецца краязнаўчая, турыстычная і пошукавая работа. Сабраны краязнаўчы матэрыял, які выкарыстоўваецца ў вучэбна-выхаваўчым працэсе.

Войшніс Фаінай Стэфанаўнай, кіраўніком музея, і членамі гісторыка-краязнаўчай секцыі НТВ “Шлях у навуку” напісаны шэраг даследчых работ аб малой радзіме і яе знакамітых земляках, удзельніках  Вялікай Айчыннай вайны.

Удзел у конкурсах, канферэнцыях, краязнаўчых праектах і акцыях садзейнічае паспяховай сацыялізацыі і самарэалізацыі навучэнцаў.

Вынікі даследчай дзейнасці краязнаўцаў за апошнія тры гады (2019 – 2021):

- абласныя этапы конкурсаў: 9 дыпломаў І ступені, 7 дыпломаў ІІ ступені, 5 дыпломаў ІІІ ступені. Музей “Спадчына” ў абласным конкурсе “Віртуальны музей установы адукацыі” ў намінацыі “Веб-сайт музея” заняў І месца.

- рэспубліканскія этапы конкурсаў: Тры дыпломы І ступені: за распрацоўку матэрыялаў у ХVІІІ рэспубліканскай выстаўцы навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту; за ўдзел у рэспубліканскіх конкурсах этнаграфічных музеяў (экспазіцый) і “Скарбонка краязнаўчых знаходак”. Два дыпломы ІІ ступені: у рэспубліканскім конкурсе юных музеяў устаноў адукацыі ў намінацыі “Гісторыя аднаго экспаната” і ў творчым праекце “Скарбонка краязнаўчых знаходак” у рамках Усебеларускай маладзёжнай экспедыцыі “Маршрутамі памяці, маршрутамі адзінства”, дыплом пераможцы ў І Рэспубліканскім конкурсе творчых пісьмовых работ “За што я люблю родную зямлю”,  дыплом лаурэата ў творчым праекце “Натхнёны водарам Радзімы”.

Навучэнцы прымалі ўдзел у ХІІ і ХІІІ Міжнародных маладзёжных навукова-практычных канферэнцый “Вялікая Айчынная вайна ў 1941 – 1945 гг. у  гістарычнай памяці народа”. Атрымалі пахвальныя водзывы і падзякі педагогу.

Вынікі даследчай дзейнасці за 2021 - 2023 гады:

Міжнародныя дыпломы - 6 (2 - І ступені, 4 - ІІ ступені);

Рэспубліканскія дыпломы - 4 ІІ другой ступені;

абласныя дыпломы - 24 (10 - І ступені, 9 - ІІ ступені, 5 - ІІІ сткпені).

 

Наша команда

Наша команда

Мар'янская Лілія Паўлаўна

Войшніс Фаіна Стэфанаўна

Мар'янская Лілія Паўлаўна

Наша команда

Войшніс Фаіна Стэфанаўна

Мар'янская Лілія Паўлаўна

УДЗЕЛ У КОНКУРСАХ І ПРАЕКТАХ
2023-12-14 23:00  УДЗЕЛ У КОНКУРСАХ І ПРАЕКТАХ У 2019 – 2023 гг. актывісты музея, удзельнікі гісторыка-краязнаўчай секцыі школьнага навуковага таварыства вучняў “Шлях у навуку”, навучэнцы школы, іх кіраўнікі Ф.С. Вой...
ЭКСКУРСІЙНАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ ЭТНАГРАФІЧНАГА МУЗЕЯ “СПАДЧЫНА”
2023-12-14 22:41 ЭКСКУРСІЙНАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ ЭТНАГРАФІЧНАГА МУЗЕЯ “СПАДЧЫНА” Адным з эфектыўных відаў дзейнасці этнаграфічнага музея “Спадчына” з’яўляецца падрыхтоўка экскурсаводаў з ліку навучэнцаў.  За 2021 – 2023 гад...
Савет этнаграфічнага музея "Спадчына"
2023-09-25 13:41 Савет этнаграфічнага музея “Спадчына”  1. Юшэвіч Надзея Іванаўна – дырэктар  дзяржаўнай установы адукацыі “Забалацкая сярэдняя школа імя Я.Н. Карпянкова” 2. Мар’янская Лілія Паўлаўна – настаўнік гі...
План работы
2023-09-05 14:45   План работы этнаграфічнага музея “Спадчына” на 2023/2024 навучальны год № п/п           Накірункі і змест работы                              Тэрмін в...

Справаздача "Тыдзень Этнаграфічнага музея" 

Top.Mail.Ru google-site-verification=qdfyVLnF0XqW4z_zbAcUO5CPzEfFXwZG8ruI7E8EvsA google-site-verification: google6c9153f8f6561b92.html