Top.Mail.Ru

Этнографический музей "Спадчына"

Занятак-гульня

“Музейная хата ўцехамі багата”

Войшніс Ф.С., кіраўнік этнаграфічнага  музея  “Спадчына”

Мэты: пазнаёміць вучняў з заклічкамі, забаўлянкамі, лічылкамі, гульнямі, прыказкамі і прымаўкамі; выхоўваць у навучэнцаў цікавасць да нацыянальнай культуры праз беларускі фальклор, узбагачаць іх лексічны запас

Падрыхтоўчая работа. Вучні пачатковых класаў атрымліваюць заданне: даведацца ад дарослых ці прачытаць у кнігах пра заклічкі, забаўлянкі, лічылкі, гульні, прыказкі і прымаўкі.

 Занятак-гульня праводзіцца ў школьным этнаграфічным музеі “Спадчына”.

 Ціха гучыць беларуская народная музыка

Кіраўнік музея.  Сённяшні занятак-гульня называецца “Музейная хата ўцехамі багата”.

 Першы этап “Уцеха”.

–  А ці ведаеце вы, рабяты, што азначае слова ўцеха? (Адказы вучняў).

Уцеха – гэта забава, задавальненне.

Правільна, малайцы! Калісьці доўгімі асеннімі і зімовымі вечарамі ў хаце самых гасцінных гаспадароў збіраліся разам хлопцы і дзяўчаты. Прыходзілі на гэтыя зборышчы, якія называліся вячоркамі, і сталыя людзі  разам са сваімі дзецьмі. Звычайна бралі з сабой якую-небудзь работу, прыносілі гасцінцы: сланечнік, арэхі, цукеркі, пірагі. Людзі спявалі песні, жартавалі. Вечары ладзіліся не толькі дзеля забавы: тут кіпела творчая праца, дэманстраваліся ўменні, мацаваліся сувязі паміж людзей.

 Дзеці вельмі любілі цешыцца, гуляць, забаўляцца з дарослымі. З даўніх часоў бабуля ці матуля забаўляліся з дзіцяткам. Яны разам з ім пляскалі ў ладкі, шчакаталі яму пяткі, гушкалі ў калысцы. Жанчыны цешылі дзіцятка маленькімі вершыкамі: заклічкамі, забаўлянкамі. Гэта вельмі яскравыя, дасціпныя, забаўныя вершыкі. Зараз аб іх і пойдзе размова.

  Другі этап “Заклічкі”.

 – Што такое заклічкі? (Адказы дзяцей)

  Заклічка – гэта вершаваная просьба, пажаданне.

Дзеці, якія рыхтавалі заклічкі дома, знаёмяць прысутных.

Снег, сняжок,

Сейся на лужок,

Сыпся па полі,

Каб мы з хлебам былі.

 – Пра якую пару года апавядае заклічка?

 – Чаму людзі так жадалі і чакалі снегу? (Адказы дзяцей).

(Правільна. Заклікалі снег, каб быць з хлебам).

Кіраўнік музея. Заклічкі прызначаны заклікаць зіму, вясну, лета, восень. А зараз паслухайце заклічку, у якой людзі клічуць дождж. Гэта заклічка распаўсюджана на нашай забалацкай зямлі.

Дожджык, дожджык, секані!

Людзей з поля прагані.

Дожджык, дожджык, сыпані!

Дзяцей з вуліцы прагані.

Трэці этап  “Забаўлянкі”.

Кіраўнік музея.

 – Што такое забаўлянка? (Забаўлянка адзначае весяліцца, пацяшацца).

  Даецца слова  дзецям, якія рыхтавалі забаўлянкі (пацешкі).

 Інсцэніроўка забаўлянкі “Мышка, мышка, дзе была?”

– Мышка, мышка, дзе была?

– Была ў пана караля.

– Што рабіла?

– Лыжкі мыла.

– А што далі?

– Кусок сала.

 – Дзе паклала?

 – Пад лаўкаю.

– Чым накрыла?

 – Халяўкаю.

 – Дзе падзела?

 – Кошка з’ела.

 Кіраўнік музея. Успомніце, якія-небудзь яшчэ забаўлянкі (Вучні называюць “Сарока, варона дзецям кашу варыла…”, “Ладкі ладком”, “Чы-чы, чы-чы, верабей.)  

У нашай мясцовасці бытавала такая забаўлянка:

Кую, кую ножку,

Паеду ў дарожку,

Дарожка крывая,

Кабылка сляпая,

Ні атос, ні калёс,

Воўк кабылку панёс.

Чацвёрты этап  “Лічылкі”.

Кіраўнік музея. Цяпер паслухаем вучняў, якія збіралі лічылкі.

Дзеці называюць:

Пятро, Пятро,

 Падай вядро.

Карове піць –

Табе журыць.

 

Я ля дома маю градку.

Даглядаю сам яе.

Раскажу вам па парадку,

Што на ёй цвіце-расце:

Мак, часнок, гарох, салата,

Па баках укроп і мята.

Кіраўнік музея. На Забалаччыне з далёкай мінуўшчыны бытавала наступная лічылка:

Кацілася торба

З вялікага горба.

А ў той торбе хлеб, пшаніца,

З кім хочаш – з тым дзяліся.

А зараз пагуляем у гульню “Хустачка”

Гульня “ Хустачка

Кіраўнік музея. З дапамогай лічылкі выберам “гаспадыню” ці “гаспадара”.

Вучань. Кацілася торба з высокага горба, а ў той торбе хлеб, пшаніца – з кім ты хочаш падзяліцца.

Кіраўнік музея. А цяпер ставайце ў круг, бярыцеся за рукі (“гаспадыня” – у цэнтры круга, бярэ ў руку хустачку)  і ідзём карагодам, прамаўляючы словы, у час якіх  “гаспадыня” скача. Прамаўляецца тэкст 2 – 3 разы,  у час якога “гаспадыня” ў любы момант падкідае хустачку ўверх. Усе хлопчыкі імкнуцца злавіць яе. Той, каму гэта ўдасца, будзе наступным “гаспадаром” і ўжо тады хустачку будуць лавіць дзяўчынкі. А цяпер паўтараем тэкст:

                                 Гаспадыня, гаспадыня,

                                 Кідай сваю пражу!

                                 Вясна прыйшла,

                                 Заві нас у госці!

Гаспадыня. Ой, як весела стала! Ілья зараз нам раскажа верш.

Хлопчык Жэня. Я раскажу верш “Я люблю сваю хату”.

Я люблю сваю хату,

І падвор’е, і сад,

Дзе і сонца багата,

Дзе я кожнаму рад.

Радзіма – казка пра гнома,

Радзіма – сцежка ў сад.

Усюды добра, а дома

Лепш у сто крат.

Кіраўнік музея. Дзякуй за прыгожы верш.

Пяты этап  “Прыказкі і прымаўкі”.

Прыказкі і прымаўкі – неацэнны моўны скарб. У іх адлюстроўваецца не толькі гісторыя, звычаі,  быт, але і характар, душа народа. Прыказкі і прымаўкі маюць глыбокі сэнс, вучаць мудрасці чалавека. Чым больш чалавек ведае прыказак, тым большы вопыт народа ён можа пераняць.

Гульні

1.“Знайдзі прыказку ў размове”

– Бабулька, ты казала, што мы пойдзем гуляць.

– Пойдзем, унучка. Але скажы, ці памыла ты посуд?

– Я потым памыю.

– Не, адклад не ідзе ў лад. Памый чысценька посуд, а тады пойдзем.

 

– Пара Алінка абедаць. Мый рукі і сядай за стол.

– Мама, абед не заяц, у лес не ўцячэ.

2. “Збяры прыказку пра хату”

Вучні знаходзяць працяг прыказкі на картках.

Чужая хата (не грэе).

Слаўна хата не вугламі, (а пірагамі).

Лепш нічога няма свайго (роднага вугла).

Свая хатка, (як родная матка).

Дома і вуглы (дапамагаюць).

У сваёй хаце і (качарга маці).

Дарагая тая хатка, дзе (радзіла мяне матка).

Хата плача без гаспадыні, а гумно – (без гаспадара).

Кіраўнік музея. Парадавалі вы мяне сёння, рабяты. Ведаеце шмат заклічак, забаўлянкаў, лічылак, прыказак, прымавак, гульняў. А вам ці спадабалася? Чаму дзеці любяць заклічкі,забаўлянкі, лічылкі, гульні? Чаму вучаць прыказкі і прымаўкі? (Адказы вучняў).

ПРА НАС

 

 

Кароткая характарыстыка этнаграфiчнага музея “Спадчына”

 

Этнаграфічны  музей Забалацкай сярэдняй школы створаны ў верасні 1985 года. Кіраўнікамі музея з 1985 па 1987 гг. была Мялешка Таццяна Іванаўна, настаўнік рускай мовы і літаратуры, з 1987 па 1993 гг. – Войшніс Фаіна Стэфанаўна, настаўнік беларускай мовы і літаратуры, з 1993 па 1997 гг. – Адамоніс Ванда Браніславаўна, настаўнік гісторыі, з 1997 па 2003 гг. Бужынская Леакадзія Яўгеньеўна, настаўнік геаграфіі, з 2003 па 2004 гг. – Радзько Вольга Мечыславаўна, настаўнік беларускай мовы і літаратуры. Кіраўніком этнаграфічнага музея “Спадчына” з 2004 г.з’яўляецца  Войшніс Фаіна Стэфанаўна.

Наш музей прапагандуе культурную спадчыну роднага краю.  Мы знаёмім дзяцей і дарослых са знакамітымі людзьмі, з песеннай спадчынай. У музеі праходзяць урокі гісторыі, грамадазнаўства, беларускай мовы і літаратуры, працоўнага навучання.

Агульная колькасць эспанатаў – 580

Колькасць экспанатаў асноўнага фонду – 470

Колькасць экспанатаў дапаможнага фонду –  110

 Экспазіцыя музея (раздзелы “Беларуская хатка”, “Куток гаспадара”, “Куток гаспадыні”, “Ткацтва і вышыўка”, “Вырабы з саломы і лазы”) апавядае пра жыццё і побыт жыхароў Забалаччыны канца ХІХ – сярэдзіны ХХ стагоддзя. Ільняныя вырабы, ткацкія прылады працы, вырабы з саломы і лазы. Тут і прылады земляробчай працы, гаспадарчы рыштунак, конская вупраж і інш.

Этнаграфічны музей “Спадчына” – цэнтр выхаваўчай работы па народных традыцыях, па гісторыі Бацькаўшчыны, пошука-даследчай дзейнасці. Задача музея – каб кожны экспанат як мага актыўней працаваў на сваіх наведвальнікаў.

Юныя экскурсаводы праводзяць вучэбныя, тэматычныя, віртуальныя экскурсіі, экскурсіі тыпу “музей у чамадане” на беларускай, рускай і нямецкай мовах, падчас якіх можна не толькі далучыцца да мінулага нашых продкаў, але і зрабіць “сэлфі”, прымераць адзенне забалацкіх мадоннаў пачатку – сярэдзіны  ХХ ст.

 Для навучэнцаў школы арганізоўваюцца экскурсіі-вандроўкі ў рамках міні-праекта “Маленькая краіна – гэта мая Забалаць”. Распрацаваны некалькі турыстычных маршрутаў па наваколлі Забалаччыны.

У музеі дзейнічаюць выставы “Матулін ручнік”, “Мова забалацкіх дываноў”, “Забалацкая школа: учора і сёння”, “Калекцыя калядных, навагодніх і велікодных паштовак ХХ стагоддзя”, “Грашовыя знакі мінулага”.

На базе музея працуе клуб “Спадчына”, члены якога ладзяць каляндарныя і сямейна-бытавыя святы і абрады; заняткі краязнаўчай накіраванасці, квэст-гульні.

Пры музеі працуюць пошука-даследчыя атрады “Пошук”, “Нашчадкі”. Актыўна вядзецца краязнаўчая, турыстычная і пошукавая работа. Сабраны краязнаўчы матэрыял, які выкарыстоўваецца ў вучэбна-выхаваўчым працэсе.

Войшніс Фаінай Стэфанаўнай, кіраўніком музея, і членамі гісторыка-краязнаўчай секцыі НТВ “Шлях у навуку” напісаны шэраг даследчых работ аб малой радзіме і яе знакамітых земляках, удзельніках  Вялікай Айчыннай вайны.

Удзел у конкурсах, канферэнцыях, краязнаўчых праектах і акцыях садзейнічае паспяховай сацыялізацыі і самарэалізацыі навучэнцаў.

Вынікі даследчай дзейнасці краязнаўцаў за апошнія тры гады (2019 – 2021):

- абласныя этапы конкурсаў: 9 дыпломаў І ступені, 7 дыпломаў ІІ ступені, 5 дыпломаў ІІІ ступені. Музей “Спадчына” ў абласным конкурсе “Віртуальны музей установы адукацыі” ў намінацыі “Веб-сайт музея” заняў І месца.

- рэспубліканскія этапы конкурсаў: Тры дыпломы І ступені: за распрацоўку матэрыялаў у ХVІІІ рэспубліканскай выстаўцы навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту; за ўдзел у рэспубліканскіх конкурсах этнаграфічных музеяў (экспазіцый) і “Скарбонка краязнаўчых знаходак”. Два дыпломы ІІ ступені: у рэспубліканскім конкурсе юных музеяў устаноў адукацыі ў намінацыі “Гісторыя аднаго экспаната” і ў творчым праекце “Скарбонка краязнаўчых знаходак” у рамках Усебеларускай маладзёжнай экспедыцыі “Маршрутамі памяці, маршрутамі адзінства”, дыплом пераможцы ў І Рэспубліканскім конкурсе творчых пісьмовых работ “За што я люблю родную зямлю”,  дыплом лаурэата ў творчым праекце “Натхнёны водарам Радзімы”.

Навучэнцы прымалі ўдзел у ХІІ і ХІІІ Міжнародных маладзёжных навукова-практычных канферэнцый “Вялікая Айчынная вайна ў 1941 – 1945 гг. у  гістарычнай памяці народа”. Атрымалі пахвальныя водзывы і падзякі педагогу.

Вынікі даследчай дзейнасці за 2021 - 2023 гады:

Міжнародныя дыпломы - 6 (2 - І ступені, 4 - ІІ ступені);

Рэспубліканскія дыпломы - 4 ІІ другой ступені;

абласныя дыпломы - 24 (10 - І ступені, 9 - ІІ ступені, 5 - ІІІ сткпені).

 

Наша команда

Наша команда

Мар'янская Лілія Паўлаўна

Войшніс Фаіна Стэфанаўна

Мар'янская Лілія Паўлаўна

Наша команда

Войшніс Фаіна Стэфанаўна

Мар'янская Лілія Паўлаўна

УДЗЕЛ У КОНКУРСАХ І ПРАЕКТАХ
2023-12-14 23:00  УДЗЕЛ У КОНКУРСАХ І ПРАЕКТАХ У 2019 – 2023 гг. актывісты музея, удзельнікі гісторыка-краязнаўчай секцыі школьнага навуковага таварыства вучняў “Шлях у навуку”, навучэнцы школы, іх кіраўнікі Ф.С. Вой...
ЭКСКУРСІЙНАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ ЭТНАГРАФІЧНАГА МУЗЕЯ “СПАДЧЫНА”
2023-12-14 22:41 ЭКСКУРСІЙНАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ ЭТНАГРАФІЧНАГА МУЗЕЯ “СПАДЧЫНА” Адным з эфектыўных відаў дзейнасці этнаграфічнага музея “Спадчына” з’яўляецца падрыхтоўка экскурсаводаў з ліку навучэнцаў.  За 2021 – 2023 гад...
Савет этнаграфічнага музея "Спадчына"
2023-09-25 13:41 Савет этнаграфічнага музея “Спадчына”  1. Юшэвіч Надзея Іванаўна – дырэктар  дзяржаўнай установы адукацыі “Забалацкая сярэдняя школа імя Я.Н. Карпянкова” 2. Мар’янская Лілія Паўлаўна – настаўнік гі...
План работы
2023-09-05 14:45   План работы этнаграфічнага музея “Спадчына” на 2023/2024 навучальны год № п/п           Накірункі і змест работы                              Тэрмін в...

Справаздача "Тыдзень Этнаграфічнага музея" 

Top.Mail.Ru google-site-verification=qdfyVLnF0XqW4z_zbAcUO5CPzEfFXwZG8ruI7E8EvsA google-site-verification: google6c9153f8f6561b92.html