Top.Mail.Ru

Этнографический музей "Спадчына"

Занятак

“Загадкі. Паходжанне і тэматычнае багацце загадак. Гульня- спаборніцтва “Загадкі з роднай хаткі”

 

                                                     Войшніс Ф. С., кіраўнік этнаграфічнага музея “Спадчына”

                                                                                                                                         

І. Уводзіны

Цудоўны скарб у творчасці народнай

                                                           Для нас сабраны мудрымі дзядамі.

                                                             Яго адкінуць – значыць без пашаны

                                                             Паставіцца да продкаў працавітых.

У. Дубоўка

Сапраўды, наш таленавіты народ стварыў найбагацейшую духоўную спадчыну. Нашы продкі пакінулі для нас безліч фальклорных жанраў: казак, загадак, прыказак, песень, легенд, жартаў і інш.

Мінаюць і аддаляюцца дзесяцігоддзі, чалавецтва выходзіць на новыя рубяжы, а гэтыя жанры не старэюць. Загадка да нашых дзён мае вялікае эстэтычна-мастацкае значэнне для выхавання дзяцей. У гэтым яе актуальнасць.

Каштоўнасць загадкі ў тым, што яна ў высокапаэтычнай форме                                                              

адлюстравала гаспадарчую і працоўную дзейнасць чалавека, яго жыццёвы вопыт, быт, працу, фауну, флору, будаву сусвету. Цяпер гэты старажытны жанр страціў сваю сур’ёзную актыўна-грамадскуюфункцыю і стаў сродкам забавы і пацехі – творчасцю дзяцей і для дзяцей.

Занятак праводзіцца ў этнаграфічным музеі “Спадчына” ў форме гульні-спаборніцтва, выкарыстоўваючы музейныя прадметы. Вядома, што гульня – адзін з найважнейшых шляхоў навучання і выхавання.

Мэта: пашырэнне цікавасці пяцікласнікаў да загадак; знаёмства з загадкамі-пытаннямі, загадкамі-задачамі, загадкамі-жартамі, іх жартоўным зместам. Правядзенне гульні-спаборніцта “Загадкі з роднай хаткі”.

Задачы: прааналізаваць адлюстраванне сялянскай працы, хатняга начыння, адзежы, абутку ў загадках, выкарыстоўваючы музейныя прадметы;

- пазнаёміць навучэнцаў з тэматыкай загадак, дапамагчы ўсвядоміць мастацкую своеасаблівасць такога жанру фальклору;

- развіваць кемлівасць, дапытлівасць, назіральнасць;спрыяць развіццю фантазіі ў навучэнцаў, асацыятыўнага мыслення, творчых здольнасцей;

- садзейнічаць выхаванню цікавасці да набыткаў беларускай спадчыны, любові да роднага краю.

Абсталяванне: табліцы “Прыёмы пабудовы загадак”, “Тэматыка беларускіх загадак”, “чароўны” кошык”; тканы ручнік, на якім размешчаны музейныя прадметы (лапаць, шапка, пояс, грэбень, боты, падушка, ночва, гаршчок, качарга, патэльня);тканая посцілка, на якой раскладзены музейныя прадметы(сякера, піла, рубанак, венік, іголка з ніткай, малаток)  этнаграфічнага музея “Спадчына”,“чарадзейная яблынька” (загадкі і адгадкі ў малюнках); зборнікі загадак.

Узрост: 5 клас                                       ІІ. Асноўная частка

Занятак праводзіцца ў  этнаграфічным музеі “Спадчына”

Ход занятку

І. Стварэнне эмацыянальнага настрою.

Гульня “Загадай і адгадай” (дамашняе заданне). Умовы гульні: той, хто загадвае загадку, атрымлівае права для адгадкі выклікаць вучня па сваім выбары. Калі выкліканы вучань адгадае, то ўжо сам загадвае загадку.

II. Знаёмства з паходжаннем і значэннем загадак.

Кіраўнік музея. У духоўнай спадчыне беларускага народа загадкам належыць значнае месца.

- Як вы думаеце, колькі загадак маюць беларусы?

( Сёння беларусы маюць каля 3500 загадак).

Калі і чаму ўзніклі загадкі? (Адказы навучэнцаў.) 

Загадкі ўзніклі ў сівую мінуўшчыну, калі чалавек жыў у суладдзі з прыродай, не ўмеў растлумачыць многіх яе з’яў, баяўся стыхій. Таму і адухаўляў іх. Сонца, гром, вецер, маланка былі для нашых продкаў жывымі істотамі, якіх яны ведалі. Палюючы або ловячы рыбу, збіраючы ягады, зёлкі, карані, людзі прыглядаліся да прыроды. Потым параўноўвалі таямнічае, нязведанае з тым, што назіралі кожны дзень.

Пэўна, тады ўзніклі такія загадкі, як “Конь бяжыць – зямля дрыжыць”, “Чорная карова ўсіх накалола, белая ўстала – усіх пападнімала”.

Паступова чалавек пазнаваў прыроду, адкрываў яе законы і выкарыстоўваў іх для сваіх патрэб. Змяніўся тады і погляд на загадкі. Яны сталі сродкам выпрабавання розуму чалавека, яго кемлівасці і здагадлівасці.

У многіх чарадзейных казках мы сустракаем такія сітуацыі, калі лёс героя, поспех яго справы залежаць ад таго, ці здолее ён адгадаць загадкі. Успомніце, калі ласка, такія казкі, назваць загадкі, якія загадваюць герою?

 ( Бытавая казка “Разумная дачка”).

Загадкі, якія загадваў пан у казцы “Разумная дачка”:

             – Што на свеце сыцей (тлусцей) за ўсё?  (Зямля. Яна ўсіх корміць.)

– Што на свеце саладзей за ўсё?(Сон. Хоць якое гора, як заснеш, дык і забудзешся.)

   – Што на свеце шпарчэй за ўсё? (Думкі. Сам ты яшчэ тут, а думкі далёка-далёка.)

             –  Як можна назваць дачку беднага селяніна? (Мудрай і кемлівай.)

Кіраўнік музея.У мінулым загадка з поспехам выкарыстоўвалася ў ваенных і пасольскіх справах. На Забалаччыне існаваў звычай: у вёсцы, у час вяселля, сталасць і кемлівасць маладых правяралі загадваннем загадак, выконвалі песні-загадкі. Маладой загадвалі загадкі дружына маладога, яго сваякі, маладому – наадварот. Гэты звычай захаваўся і па сённяшні дзень, але роля яго іншая. Ён уносіць элемент весялосці ў шлюбны абрад.

Як вядома, загадка не называе прадмет, з’яву чалавека, якія трэба адгадаць, а гаворыць пра іх іншасказальна, намёкам, дае іх вобраз, паказвае на асобныя прыкметы, па якіх трэба здагадацца, што маецца на ўвазе. Таму і ў нашы дні ўменне адгадваць загадкі сведчыць аб назіральнасці, кемлівасці чалавека, яго эрудыцыі, кругазору, дасціпнасці.

– Што такое загадка? (Вучні даюць тлумачэнне.)

Загадка, ад слова гадаць, што абазначае думаць, разважаць.

Загадка – кароткае паэтычна-вобразнае апісанне прадмета або з’явы, якое даецца, як правіла, у форме пытання і адгадваецца па другарадных адзнаках, па прыкметах падабенства. 

  ІІІ.Знаёмства вучняў з прыёмамі пабудовы загадак па табліцы 

Прыёмы пабудовы

Прыклады

Параўнанне

– Стаіць слуп бялёны, на ім кажух зялёны? (Бяроза.)

– Разаслана цёмна-сіняя посцілка, на посцілцы рассыпаны сярэбраны паясочак, а пасярэдзіне залаты клубочак. Што гэта? (Неба, зоркі, месяц.)

Супрацьпастаўленне

–  Зялёная, ды не луг, белая, ды не снег, кучаравая, ды без валасоў?(Бяроза.)

–  Круглая, ды не ягадка, чырвоны, ды не яблык, з хвосцікам, ды не мышка?(Чарэшня.)

Поўнае адмаўленне

– Не мора, не зямля, караблікі не плаваюць, і хадзіць нельга? (Неба.)

–  У агні не гарыць, у вадзе не тоне, і па саломе не шалясціць? (Цень.)

Кіраўнік музея. Загадкі стварыў народ. У іх адлюстравана яго светаўспрыманне, яго ўяўленне пра свет. Па сваім змесце загадкі надзвычай разнастайныя. Яны ахопліваюць прыроду, грамадскае і асабістае жыццё чалавека. Таму і трэба ведаць тэматычную разнастайнасць загадак. Паглядзіце на табліцу “Тэматыка беларускіх загадак”

Тэматыка беларускіх загадак

З’явы прыроды

 – Ехаў камісар, на акне ўзор напісаў. (Мароз.)

 – Крыкнуў вол на сто азёр, на сто міль, на ўвесь мір. (Гром.)

Жывёлы

 – Семсот свішча, чатыры плешча, два слухае, два нюхае, два паглядае. (Конь.)

 – Нос доўгі, голас тонкі, хто яго заб’е, той сваю кроў пралье. (Камар.)

Расліны

 – Малы малышак упаў з вышак, сам не забіўся, толькі шапачкі пазбыўся. (Жалуд.)

 – Твар пахучы, хвост калючы. (Ружа.)

Чалавек, часткі яго цела

 – Дзве маткі маюць па пяць сынкоў, і кожны з іх аднаго імя. (Рукі і пальцы.)

 – Каля пралому белыя галубы сядзяць. (Зубы ў роце.)

Хата, хатняя гаспадарка

 – Гліняны конь, у сярэдзіне агонь, цёпла мне на яго спіне. (Печ.)

Праца, прылады працы

 – Рыбка бялявая хвосцікам віляла, лясы ламала, горы стаўляла. (Каса.)

 – Без работы я пацею і ржавею. (Сякера.)

Тэхніка і культура

 – Жалезны конь, у жываце агонь, есці не просіць, арэ, жне і косіць. (Камбайн.)

 – Пад шклом сяджу, у адзін бок гляджу. (Компас.)

Загадкі-пытанні

 – А што ўецца каля дрэўца?(Мошка.)

 –  Што гарыць без агню? (Зара.)

Загадкі-задачы

 – Сядзяць тры каты: супраць кожнага па два. Колькі іх?

 – Дзве дачкі, дзве мацеры, бабулька з унучкай. Колькі іх?

IV.Замацаванне

Кіраўнік музея. Зараз праверым, хто з нашых навучэнцаў самыя кемлівыя, вынаходлівыя, назіральныя і актыўныя. Правядзём гульню-спаборніцтва “Загадкі з роднай хаткі”. Удзельнічаюць дзве каманды “Васілёк” і “Верасок”. Пажадаем нашым удзельнікам поспехаў і цудоўнага настрою.

Настаўнік са словамі “Зямлю паважай – будзеш мець ураджай” бярэ ў рукі “чароўны” кошык, які накрыты ручніком. У ім ляжыць агародніна.

1 конкурс. “Загадкі з бабулінай градкі” (у разгадванні загадак удзельнічаюць абедзве каманды).  

Адгадайце, што ляжыць у гэтым “чароўным” кошыку? А каб адгадаць, паслухайце загадкі. Кожная загадка ацэньваецца  адным балам

 –  Мыш у нары, а хвост на двары. (Цыбуля.)

 –   Кіну з блыху, а вырасце з кулак. (Бурак.)

–  Чырвона, ды не дзеўка,

 –  Зялёна, ды не дуброва. (Морква.)

   –   Стаіць дуб, а пад дубам дзеці. (Бульба.)

   –   Не шыта, не кроена, аўся ў рубцах. (Капуста.)

 –   Баран у хляве, яго рогі на дварэ. (Часнок.)

– На якую тэматыку складзены гэтыя загадкі? (Агародныя культуры.)

Гэта важнейшыя культуры, якія спрадвеку вырошчваліся на гародах беларускіх сялян.

Бульба з’явілася на Беларусі ў другой палавіне ХVІІ – пачатку ХVІІІ стагоддзя. На працягу першай палавіны ХІХ ст. высаджвалася сялянамі толькі на агародах.

2 конкурс. “Падбяры прыладу”.

На стале, засланым тканым абрусам, знаходзяцца прылады працы з фондаў музея.  Настаўнік зачытвае загадкі. Трэба як мага хутчэй разгадаць. Калі адгадка адпавядае прыладзе жаночай працы, навучэнец яе кладзе ў куфэрак, калі мужчынскай – у драўляны чамадан.Ацэньваецца адным балам.

Загадкі камандзе “Васілёк”

1.Увесь у крыжах, а павагі не мае. (Лапаць.)

2.Вярхом сядаю, на каго, не знаю, знаёмага ўбачу – адразу саскочу. (Шапка.)

3. Ты ідзі туды, ая туды і сыдземся на пуповай гары. (Пояс.)

4. Сухі Мартын з-за гары свіней гоне. (Грэбень.)

5. Бяжыць – скрыпіць, стане – маўчыць. (Боты.)

– Да якой тэмы належаць названыя музейныя прадметы?(Адзежжа, абутак)

Загадкі камандзе “Верасок”

1. Напхана пухам, ляжыць пад вухам. (Падушка.)

2. У аднаго парсюка два лычы. (Ночва.)

3. Сеў на конь, паехаў у агонь. (Гаршчок.)

4.Чорны конь скача ў агонь. (Качарга.)

5. Што гэта за загадка, калі ўсюды гладка?(Патэльня.)

– Якая тэма музейных прадметаў?( Хатнія рэчы.)

3 конкурс. “Адгадкі на посцілцы”. За кожны правільны адказ налічваецца 1 бал.

Музейныя прадметы размешчаны на тканай посцілцы.

Настаўнік загадвае загадкі, а вучні знаходзяць адгадкі сярод рэчаў, называюць і паказваюць наіх.

1каманда. – Дровы нарыхтоўвае працаўніца дбайная, галава сталёвая, тулава – драўлянае. (Сякера.)

2 каманда – Есці век яна не просіць, хоць зубоў і многа мае, як працуе – сыпле проса, весела спявае. (Піла.)

1каманда – Нібыта фокуснік той стужкі, ён выкідае з рота стружкі. (Рубанак.)

2 каманда – Ходзіць, скача па пакоі дзед з доўгаю барадою, як няма чаго рабіць, у куце тады стаіць. (Венік.)

1каманда – Носік сталёвы, а хвосцік ільняны. (Іголка з ніткаю.)

2 каманда – Як вазьму цябе ў руку, трапна б’еш ты па цвіку. (Малаток.)

 – Да якой тэмы належаць гэтыя музейныя прадметы? (Прылады працы.)

Кіраўнік музея. Сустракаюцца загадкі-пытанні.

4 конкурс.“Загадкі - пытанні”

Камандзе “Васілёк”

1. Што сіне не сінячы?

2. Што гарыць без полымя?

3. Што гарыць без агню?

4. Што бяжыць без повада?

5. Што расце без кораня?

6. Што расце без цвету?

7. Хто наўперад у царкву ўваходзіць?

8. Што на хаце гарбом?

9. На чым найбольш абручоў?

Адгадкі: 1. Неба. 2. Сонца. 3. Зара. 4. Вада. 5. Камень. 6. Папараць.7. Ключ. 8. Крук. 9. На клубку.

Камандзе “Верасок”

1. Што бела не белячы?

2. Што чорна не чэрнячы?

3. Хто ляціць без крылаў?

4. Што без вады плавае?

5. На чым знаку не наложыш?

6. Што  кладзе мельнік на голаў, як ідзе ў млын?

7. Што за кароль, што з аднаго чалавека два зробіць?

8. Што ў яме ўверх хвастамі?

9. Што гэта за свінка: на спіне дзеравяшка, на жываце шчацінка?

Адгадкі: 1. Лебедзь. 2. Воран. 3. Вецер. 4. Воблака. 5. На вадзе і агні. 6. Шапку. 7. Люстэрка. 8. Лыжка. 9. Шчотка.

–  Назавіце з адгадак прадметы, якія маюцца ў школьным музеі(Ключ,крук, клубок, шапка, люстэрка, лыжка, шчотка)

5 конкурс “Загадкі - жарты” (удзельнічаюць абедзве каманды)

1. Хто з барадой родзіцца?

2. Чаго не абнясеш вакол хаты?

3. Пад якім кустом заяц сядзіць, як дождж ідзе?

4. Без чаго хаты не пабудуеш?

5. У што першы цвік гналі, калі  Гродна будавалі?

6. Ад чаго гусь плыве?

7. Чаму шапку купляюць?

8. Якая мушка не лятае?

9. Дзе гарады без людзей, а рэкі без вады?

10. Што пасярэдзіне Кіева стаіць?

11. Дзе сярэдзіна зямлі?

12. Чаму ў Парыжы сена не сохне?

Адгадкі: 1. Казёл. 2. Вада ў рэшаце. 3. Пад мокрым. 4. Без стуку. 5. У плешку. 6. Ад берага. 7. Бо дарма не даюць. 8. На стрэльбе. 9. На глобусе, карце. 10. Літара “е”. 11. Там, дзе стаіш. 12. Бо Сена – рака ў Парыжы.

6 конкурс “Загадкі - задачы”  “Хто хутчэй дасць адказ”.

1. Дваццаць без пятнаццаці, трох не далажыўшы, двух не далічыўшы. Колькі будзе?

2. Дзве дачкі, дзве мацеры і бабулька з унучкай. Колькі ўсіх?

3. Ляцелі галкі, стаялі палкі. Як сядуць яны па адной – галка лішняя, як сядуць па дзве – палка лішняя. Колькі было галак і колькі палак?

4. Сем семярэй, сямёра свіней, свінка, свінчын брат і сямёра парасят. Колькі ўсяго?

5. Падзяліць сорак коней у дзевяць стайняў, каб не было пароўну.

6. Купец купіў за дваццаць грошаў дваццаць яец: качыныя – па тры грошы, гусіныя – па два грошы, а курыныя – па паўгроша. Колькі было куплена качыных, гусіных і курыных яец?

7. Несла гаспадыня ў кошыку дзесяць яец, а дно ўпала. Колькі засталося?

8. Сядзяць у кругу чатыры кошкі, супраць кожнай кошкі па тры. Колькі было разам?

9. Пералічыце пяць дзён па парадку, не называючы дат і назвы дзён.

10. Як паставіць чатыры салдаты ў адным боце? Адказы. Нічога. 2. Трое: бабка, маці, дачка. 3. Тры палкі і чатыры галкі. 4. Усяго 65. 5. У 4 стайні па 5 коней, а ў 5 стайнях па 4 кані. 6. Качыных – 1, гусіных – 5, курыных – 14. 7. Усе разбіліся. 8. Чатыры. 9. Пазаўчора, учора, сёння, заўтра, паслязаўтра. 10. Зняць у кожнага адзін бот.

7 конкурс Конкурс капітанаў “Забі гол”.

На плакаце запісаны загадкі ў 2 слупкі. Тут размешчана “чароўная яблыня”, на якой знаходзяцца адгадкі. Па сігналу капітаны зрываюць “яблыкі”- адгадкі і называюць іх. “Чароўныя” яблыкі ператвараюцца ў сапраўдныя. За кожны правільны адказ уручаецца яблык.

Загадкі “Стальны пёс у зямлю ўрос” (барана), “Маленькі, гарбаценькі, а ўсё поле абскача”(серп),“Вось вам быль-небыліца: у пяці чалавек адна паясніца” (рука),  “Сам драўляны, а галава жалезная” (малаток), “Новая пасудзіна, а ўся ў дзірках” (сіта), Вусаты, касматы есці пачынае, песенькі спявае (кот).

 – Якія з гэтых прадметаў ёсць у нашым музеі? (Барана, серп, малаток, сіта.)

– Для  чаго яны служаць?(Адказы навучэнцаў).

Барана – земляробчая прылада для рыхлення (баранавання) глебы.

Серп – прылада для ўборкі  збожжавых культур (жыта, ячменю, пшаніцы, проса, аўса …).

 Малаток – ручны інструмент у выглядзе металічнага бруска або цыліндра, насаджанага на драўляную ручку.

 Сіта – прыстасаванне ў выглядзе дробнай сеткі або металічнага ліста з дробнымі адтулінамі для прасейвання, працэджвання або сартавання чаго-небудзь.

Падвядзенне вынікаў..

Слова журы.  Паважаныя знаўцы, журы падлічыла вынікі гульні-спаборніцтва “Загадкі з роднай хаткі” З вялікай радасцю аб’яўляем, што перамагло сяброўства. Вялікі дзякуй усім нашым удзельнікам і гледачам. Узнагароджванне.

ІІІ. Заключэнне

Кіраўнік музея. Вось і скончылася наша сустрэча Ніколі не забывайце, дзеці,  пра багатую спадчыну нашага народа, шануйце, вывучайце яе.

Паслухайце параду беларускага паэта Ніла Гілевіча:

Вам, маладым будаўнікам і творцам,

Каб меншыя цярпець няўдачы-страты,

У наш вучоны век я раю моцна:

Чытайце казкі, хлопцы і дзяўчаты.

            Сапраўды, казкі – самы любімы дзецьмі фальклорны жанр. Дарагія сябры: разгадвайцезагадкі. Бо яны пашыраюць кругагляд чалавека, развіваюць яго фантазію, кемлівасць, назіральнасць, трэніруюць памяць, прывучаюць да развагі. 

Рэфлексія.

 - Ці спадабалася вам гульня-спаборніцтва?

-  Якія цяжкасці сустрэлі?

- Ці задаволены сваёй працай?

- Як вы адчувалі ў час занятку? Які ў вас быў настой?

-Што новага вы даведаліся? (Многа цікавага даведаліся пра музейныя прадметы; адгадвалі, што знаходзіцца ў “чароўным” кошыку, падбіралі прыладу, знаходзілі адгадкі сярод  музейных прадметаў, разгадвалі загадкі-пытанні, загадкі-жарты, загадкі-задачы. Удзельнічалі ў гульні “Забі гол”)

Занятак распрацаваны для навучэнцаў 5 класа. Яго пажадана правясці пасля вывучэння жанраў казак і загадак, якія прадугледжаны праграмай па беларускай літаратуры  пятага класа.

Вывучаючы фальклор, прылады працы, хатняе начынне, вырабы рамёстваў, народныя святы і абрады дзеці бачаць сапраўдную душу народа.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

ПРА НАС

 

 

Кароткая характарыстыка этнаграфiчнага музея “Спадчына”

 

Этнаграфічны  музей Забалацкай сярэдняй школы створаны ў верасні 1985 года. Кіраўнікамі музея з 1985 па 1987 гг. была Мялешка Таццяна Іванаўна, настаўнік рускай мовы і літаратуры, з 1987 па 1993 гг. – Войшніс Фаіна Стэфанаўна, настаўнік беларускай мовы і літаратуры, з 1993 па 1997 гг. – Адамоніс Ванда Браніславаўна, настаўнік гісторыі, з 1997 па 2003 гг. Бужынская Леакадзія Яўгеньеўна, настаўнік геаграфіі, з 2003 па 2004 гг. – Радзько Вольга Мечыславаўна, настаўнік беларускай мовы і літаратуры. Кіраўніком этнаграфічнага музея “Спадчына” з 2004 г.з’яўляецца  Войшніс Фаіна Стэфанаўна.

Наш музей прапагандуе культурную спадчыну роднага краю.  Мы знаёмім дзяцей і дарослых са знакамітымі людзьмі, з песеннай спадчынай. У музеі праходзяць урокі гісторыі, грамадазнаўства, беларускай мовы і літаратуры, працоўнага навучання.

Агульная колькасць эспанатаў – 580

Колькасць экспанатаў асноўнага фонду – 470

Колькасць экспанатаў дапаможнага фонду –  110

 Экспазіцыя музея (раздзелы “Беларуская хатка”, “Куток гаспадара”, “Куток гаспадыні”, “Ткацтва і вышыўка”, “Вырабы з саломы і лазы”) апавядае пра жыццё і побыт жыхароў Забалаччыны канца ХІХ – сярэдзіны ХХ стагоддзя. Ільняныя вырабы, ткацкія прылады працы, вырабы з саломы і лазы. Тут і прылады земляробчай працы, гаспадарчы рыштунак, конская вупраж і інш.

Этнаграфічны музей “Спадчына” – цэнтр выхаваўчай работы па народных традыцыях, па гісторыі Бацькаўшчыны, пошука-даследчай дзейнасці. Задача музея – каб кожны экспанат як мага актыўней працаваў на сваіх наведвальнікаў.

Юныя экскурсаводы праводзяць вучэбныя, тэматычныя, віртуальныя экскурсіі, экскурсіі тыпу “музей у чамадане” на беларускай, рускай і нямецкай мовах, падчас якіх можна не толькі далучыцца да мінулага нашых продкаў, але і зрабіць “сэлфі”, прымераць адзенне забалацкіх мадоннаў пачатку – сярэдзіны  ХХ ст.

 Для навучэнцаў школы арганізоўваюцца экскурсіі-вандроўкі ў рамках міні-праекта “Маленькая краіна – гэта мая Забалаць”. Распрацаваны некалькі турыстычных маршрутаў па наваколлі Забалаччыны.

У музеі дзейнічаюць выставы “Матулін ручнік”, “Мова забалацкіх дываноў”, “Забалацкая школа: учора і сёння”, “Калекцыя калядных, навагодніх і велікодных паштовак ХХ стагоддзя”, “Грашовыя знакі мінулага”.

На базе музея працуе клуб “Спадчына”, члены якога ладзяць каляндарныя і сямейна-бытавыя святы і абрады; заняткі краязнаўчай накіраванасці, квэст-гульні.

Пры музеі працуюць пошука-даследчыя атрады “Пошук”, “Нашчадкі”. Актыўна вядзецца краязнаўчая, турыстычная і пошукавая работа. Сабраны краязнаўчы матэрыял, які выкарыстоўваецца ў вучэбна-выхаваўчым працэсе.

Войшніс Фаінай Стэфанаўнай, кіраўніком музея, і членамі гісторыка-краязнаўчай секцыі НТВ “Шлях у навуку” напісаны шэраг даследчых работ аб малой радзіме і яе знакамітых земляках, удзельніках  Вялікай Айчыннай вайны.

Удзел у конкурсах, канферэнцыях, краязнаўчых праектах і акцыях садзейнічае паспяховай сацыялізацыі і самарэалізацыі навучэнцаў.

Вынікі даследчай дзейнасці краязнаўцаў за апошнія тры гады (2019 – 2021):

- абласныя этапы конкурсаў: 9 дыпломаў І ступені, 7 дыпломаў ІІ ступені, 5 дыпломаў ІІІ ступені. Музей “Спадчына” ў абласным конкурсе “Віртуальны музей установы адукацыі” ў намінацыі “Веб-сайт музея” заняў І месца.

- рэспубліканскія этапы конкурсаў: Тры дыпломы І ступені: за распрацоўку матэрыялаў у ХVІІІ рэспубліканскай выстаўцы навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту; за ўдзел у рэспубліканскіх конкурсах этнаграфічных музеяў (экспазіцый) і “Скарбонка краязнаўчых знаходак”. Два дыпломы ІІ ступені: у рэспубліканскім конкурсе юных музеяў устаноў адукацыі ў намінацыі “Гісторыя аднаго экспаната” і ў творчым праекце “Скарбонка краязнаўчых знаходак” у рамках Усебеларускай маладзёжнай экспедыцыі “Маршрутамі памяці, маршрутамі адзінства”, дыплом пераможцы ў І Рэспубліканскім конкурсе творчых пісьмовых работ “За што я люблю родную зямлю”,  дыплом лаурэата ў творчым праекце “Натхнёны водарам Радзімы”.

Навучэнцы прымалі ўдзел у ХІІ і ХІІІ Міжнародных маладзёжных навукова-практычных канферэнцый “Вялікая Айчынная вайна ў 1941 – 1945 гг. у  гістарычнай памяці народа”. Атрымалі пахвальныя водзывы і падзякі педагогу.

Вынікі даследчай дзейнасці за 2021 - 2023 гады:

Міжнародныя дыпломы - 6 (2 - І ступені, 4 - ІІ ступені);

Рэспубліканскія дыпломы - 4 ІІ другой ступені;

абласныя дыпломы - 24 (10 - І ступені, 9 - ІІ ступені, 5 - ІІІ сткпені).

 

Наша команда

Наша команда

Мар'янская Лілія Паўлаўна

Войшніс Фаіна Стэфанаўна

Мар'янская Лілія Паўлаўна

Наша команда

Войшніс Фаіна Стэфанаўна

Мар'янская Лілія Паўлаўна

УДЗЕЛ У КОНКУРСАХ І ПРАЕКТАХ
2023-12-14 23:00  УДЗЕЛ У КОНКУРСАХ І ПРАЕКТАХ У 2019 – 2023 гг. актывісты музея, удзельнікі гісторыка-краязнаўчай секцыі школьнага навуковага таварыства вучняў “Шлях у навуку”, навучэнцы школы, іх кіраўнікі Ф.С. Вой...
ЭКСКУРСІЙНАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ ЭТНАГРАФІЧНАГА МУЗЕЯ “СПАДЧЫНА”
2023-12-14 22:41 ЭКСКУРСІЙНАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ ЭТНАГРАФІЧНАГА МУЗЕЯ “СПАДЧЫНА” Адным з эфектыўных відаў дзейнасці этнаграфічнага музея “Спадчына” з’яўляецца падрыхтоўка экскурсаводаў з ліку навучэнцаў.  За 2021 – 2023 гад...
Савет этнаграфічнага музея "Спадчына"
2023-09-25 13:41 Савет этнаграфічнага музея “Спадчына”  1. Юшэвіч Надзея Іванаўна – дырэктар  дзяржаўнай установы адукацыі “Забалацкая сярэдняя школа імя Я.Н. Карпянкова” 2. Мар’янская Лілія Паўлаўна – настаўнік гі...
План работы
2023-09-05 14:45   План работы этнаграфічнага музея “Спадчына” на 2023/2024 навучальны год № п/п           Накірункі і змест работы                              Тэрмін в...

Справаздача "Тыдзень Этнаграфічнага музея" 

Top.Mail.Ru google-site-verification=qdfyVLnF0XqW4z_zbAcUO5CPzEfFXwZG8ruI7E8EvsA google-site-verification: google6c9153f8f6561b92.html