Top.Mail.Ru

З даследчай работы "ПАРТЫЗАНСКІМІ СЦЕЖКАМІ (ДЗЕЙНАСЦЬ ПАРТЫЗАНСКАГА АТРАДА ІМЯ КАТОЎСКАГА НА ТЭРЫТОРЫІ ВОРАНАЎШЧЫНЫ  Ў ЧАС ВЯЛІКАЙ АЙЧЫННАЙ ВАЙНЫ)" Краеўскай Вікторыі

                                                                                                             Не патрэбна ніякаму часу вайна!

                                                                                                             Не патрэбна і нашаму веку!

                                                                                                             Не прыносіла шчасця ніколі яна - 

                                                                                                             Колькі гора дала чалавеку!..

                                                                                                                                                         Людміла Воранава

Мая малая радзіма Забалаччына мае багатую спадчыну, цікавую гісторыю. У час Вялікай Айчыннай вайны на Забалаччыне дзейнічаў партызанскі атрад імя Катоўскага. Барацьбу з ворагамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны  вялі салдаты Чырвонай Арміі, а таксама мясцовыя актывісты, якія засталіся на акупіраванай тэрыторыі і змагаліся з нямецкімі акупантамі ў партызанскіх атрадах.

Падзеі Вялікай Айчыннай вайны і ўсё, што звязана з гэтымі жудаснымі гадамі нашай гісторыі, будзе заўжды актуальна. У розных сродках масавай інфармацыі мы вельмі часта чуем пра подзвігі беларускіх салдат, падпольшчыкаў, партызан, мірнага насельніцтва. Але вельмі шкада, што многія з нас не ведаюць сваіх мясцовых герояў. Лічу сваім абавязкам асвятліць падзеі гадоў Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі маёй малой радзімы. Хачу паказаць, што не толькі воіны Чырвонай Арміі, якія арганізавалі атрад імя Катоўскага (камандзір атрада Еўдакімаў Іван Раманавіч), але і нашы землякі прымалі актыўны ўдзел у барацьбе супраць фашысцкай Германіі. Яскравым прыкладам сталі патрыёты з сем’яў Будзько з хутара Каюцева, Родзікаў з вёскі Пасека-Дварчаны, Павядайкі з вёскі Праважа, якія непасрэдна прымалі ўдзел у аперацыях супраць нямецкіх захопнікаў. Нашы землякі ў гады ваенных ліхалеццяў, рызыкуючы сваім жыццём, абаранялі свой родны край. А трагедыя, што адбылася ў 1943 годзе, калі былі забіты і спалены немцамі жыхары вёскі Пасека-Дварчаны, балючай ранай засталася ў сэрцах мясцовага насельніцтва. 

 Экскурсія “Мне выпала шчасце тут нарадзіцца…”

 (віртуальная экскурсія па аграгарадку Забалаць)

Войшніс Ф.С., кіраўнік этнаграфічнага музея “Спадчына”

Міхайлава Я.Я., класны кіраўнік  11 класа

Цыбулька Г.Ч., настаўнік інфарматыкі

Забалоцце маё, Забалоцце –

Нашы светлыя мары на ўзлёце,

Нерашучыя першыя крокі

І сягонняшняй явы вытокі.

А. Кавалевіч.

Мэта: спрыяць фарміраванню актыўнай грамадзянскай пазіцыі, паважлівых адносін да гісторыі і культуры роднага кута, пачуцця гонару за яго мінулае і сучаснае, садзейнічаць выхаванню адказнасці за будучыню сваёй краіны.

Форма правядзення: віртуальная экскурсія.

Ход экскурсіі

Уступнае слова кіраўніка  музея

 (дэманструецца  слайд № 2)

 Дзе б мы ні былі, якую б экзатычную прыроду ні бачылі, якімі б архітэктурнымі помнікамі не зачароўваліся б, нас заўсёды цягне да родных мясцін – тых мілых сэрцу сцежак да бацькоўскага парога, тых спакойных жытнёвых палёў з налітым коласам, тых гаманлівых невялікіх рачулак з чыстай вадзіцай.

Ва ўсе вякі чалавек адчуваў толькі тады асалоду жыцця, калі ведаў свае карані, адкуль ён родам, як жылі яго дзяды і прадзеды. Як  і чым  частавалі гасцей, якія мелі звычаі і традыцыі.

 Радзіма! Мая малая  радзіма, ты самая цудоўная, ты самая дарагая, ты даеш сілы для жыцця. Мая малая радзіма, табе ёсць чым ганарыцца. Працалюбівыя, таленавітыя, шчырыя людзі кожны дзень сваёй працай памнажаюць твае багацці.

Вельмі актуальна,  бо  2018 год  абвешчаны ў Рэспубліцы Беларусь Годам малой радзімы.

 Гістарычны экскурс

 (дэманструецца слайд № 3)

Вёска Забалаць  – цэнтр сельсавета. У пісьмовых крыніцах упамінаецца ў ХVІ ст. У канцы ХV ст. уладанне Якуба Чыжэвіча, які трэцюю частку маёмасці запісаў сваім сёстрам, баярыням Васілішкаўскага павета, Святохне і Марыне Чыжэўнам у пажыццёвае валоданне, а дзве часткі сваёй дачцэ Ганне Чыжоўне. З 1503 г. маёнткам валодаў гаспадарскі падстолій, васілішскі намеснік князь Васіль Львовіч Глінскі. Пасля мяцяжу Глінскіх 1508 г. супраць караля Жыгімонта І маёнтак быў канфіскаваны і пажалаваны намесніку ожскаму, пераломскаму і ясвойскаму Войцеху Нарбутовічу, які ў 1536 г. заснаваў тут мястэчка. У 1567 г. маёнткі Войцеха Войцехавіча Нарбута; Станіслава Мікалаевіча Нарбута і гаспадарскага двараніна Юрагі Лебедскага. У пачатку ХVІІ ст. Забалаць належала Сапегам. У 1616 г. Соф’я Сапяжанка запісала маёнтак свайму мужу князю Канстанціну Палубенскаму. У далейшым уладальнікамі былі Габаі, Тышкевічы. У 1622 г. пабудаваны драўляны касцёл св.Тройцы. У пачатку 18 ст. належала Волянам. Архіўныя матэрыялы сведчаць аб  валоданні Нарбутамі Забалаццю з 1496 па 1788 гг.

У 1812 г. граф Л.Тышкевіч заснаваў мураваны касцёл, які захаваўся да цяперашняга часу. У другой палове ХІХ – пачатку ХХ стст. Мястэчкацэнтр воласці Лідскага павета Віленскай губерні пад уладаннем Патоцкіх. Падчас паўстання 1863 – 1864 гг. у наваколлі Забалоцця дзейнічаў атрад Нарбута.

У 1864 г. на сродкі мясцовай сялянскай абшчыны адкрыта школа граматы. У 1873 г. настаўніцай працавала дачка купца Надзея Восіпаўна Макарава. Згодна перапісу 1897 г. 24 двары, 151 жыхар, касцёл, народнае вучылішча, крама дробных тавараў, пастаялы двор, вінны склад. У 1905 г. 94 жыхары, маёнтак – уласнасць Плямяннікавых. З 1921 г. мястэчка– цэнтр гміны Лідскага павета Навагрудскага ваяводства Польшчы.

З 12.10.1940 г. Мястэчка– цэнтр сельсавета, Радунскага, з 25.12.1962 г. Воранаўскага раёнаў Баранавіцкай, з 20.09.1944 г. Гродзенскай абласцей. У канцы 1945 г. адкрыты дзіцячы дом. У 1970 г. Забалаць з’яўлялася цэнтрам калгаса імя У.І.Леніна. На 01.01.2004 г. 441 двор, 1022 жыхары. Цяпер у Забалаці налічваецца 431 двор, 1000 жыхароў. Сярэдняя школа, клуб, бібліятэка, аптэка, аддзяленне сувязі, бальніца,  5 магазінаў. Касцёл – помнік архітэктуры пачатку ХІХ ст. З 2006 г. вёску Забалаць перайменавалі ў аграгарадок Забалаць.

 Тапанімія, мікратапонімы, гідронімы

(дэманструецца слайд № 4)

Забалаць (руск.: Заболоть, польск. Zabłoć ) аграгарадок у Воранаўскім раёне Гродзенскай  вобласці Рэспублікі Беларусь. Размешчана на паўднёвым захадзе за 55 км ад г.п. Воранава, 46 км ад чыгуначнай станцыі Бастуны на лініі Ліда – Вільнюс, 80 км ад Гродна, на аўтадарозе Радунь – Астрына – Радунь –  граніца Літвы (Доцішкі). Цэнтр Забалацкага сельскага савета .

Назва Забалаць мае славянскае паходжанне, што не характэрна для гэтых мясцін, бо яны былі заселены балтамі. Дакладна невядома, калі  славянскія плямёны з’явіліся на гэтай тэрыторыі.

Забалаць – назва-арыенцір, якая гаворыць аб месцазнаходжанні вёскі за балотам. Сапраўды, у гэтых мясцінах калісьці знаходзіліся вялікія балоты. Аб гэтым сведчыць легенда пра Забалаць.

 Вомхі – лес, дзе  многа моху. Дуброва – лес, дзе расце  многа дубоў.  Нізянка – рэчка,  названа з-за нізкага месца. Наберажная  – вуліца аг. Забалаці, якая размешчана на беразе возера. Двор – месца, дзе знаходзіўся былы панскі маёнтак пана Быльчынскага. Лысая гара – месца, дзе нічога не расло. Пяроўскія равы – равы, якія знаходзяцца каля вёскі Пяроўцы.

Наркуны – назва вёскі, дзе многа жыхароў маюць прозвішча Наркун. Кунеі – вёска, паходзіць ад прозвішча Куней. Першымі гаспадарамі на гэтай зямлі была сям’я Кунеяў. Шлавенцы –вёска, паходзіць ад урочышча “Шловені”. Дарэчы, з такім прозвішчам тут  9 чалавек. Валэйшы – вёска. Паводле легенды, калісьці пан, які жыў у маёнтку, валодаў вялікай колькасцю зямель. Тыя палеткі, якія былі ўрадлівымі, называліся “валы”, а няўдобіца – “лэйшы” дасталіся сялянам. Пабудавалі хаты, узнікла вёска, якую назвалі Валэйшы.

Раслінны і жывёльны свет

(дэманструецца слайд №5)

Расліннасць нашай мясцовасці прадстаўлена лясамі, балотамі, а таксама культурнымі ўгоддзямі. У лясах растуць хвоя, елка, дуб, вольха, ясень, ліпа, рабіна, арэшнік.

Пераважае хваёвы лес, які расце на пясчаных глебах. У хваёвых лясах расце шмат ядлаўцу, чарніц, брусніц, крушыны, верасу, папараці,  імхоў і лішайнікаў. Сустракаюцца віды раслін, якія занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь: купальнік жоўты, воўчыя ягады, дзераза аднагадовая, сон-трава і іншыя.

Жывёльны свет фарміраваўся на працягу доўгага часу над уздзеяннем змяненняў клімату, расліннага покрыва і гаспадарчай дзейнасці людзей. Водзіцца каля 50 відаў млекакормячых: лось, дзік, воўк, заяц-русак, заяц- бяляк, ліс, вавёрка… З паўзуноў ёсць вуж, гадзюкі, мядзянкі. На вадаёмах і меліярацыйных каналах сустракаюцца бабры, выдры, андатры. Вадаёмы багаты рыбай: карась, акунь, шчупак. Багаты і разнастайны птушыны свет.Часцей за ўсіх сустракаюцца сойкі, кулікі, пеначкі, кнігаўкі. Ёсць цецярукі, шэрыя курапаткі.

У Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь занесены наступныя птушкі: чапля-бугай (вялікі бугай), сокал-пустальга, малы арлец, шэры журавель, малая і шызая чайкі, беласпінны дзяцел, звычайны зімародак.

Геалогія і геамарфалогія

(дэманструецца слайд № 6)

Наша мясцовасць прымеркава да Лідскай раўніны, для якой характэрны дробна-ўзгорысты тып рэльефу.

Тэрыторыя раўніны прымеркавана да паўночнай часткі Беларускай антэклізы. Паверхня крышталічнага фундамента знаходзіцца на глыбіні ад 100 да 150 метраў. Карэнныя пароды прадстаўлены адкладамі мела і неагена. Магутнасць антрапагенных адкладаў складае 110-130.

У нашай мясцовасці дамінуюць вышыні 150-170 метраў. Раўніна ў асобных месцах забалочана.

З карысных выкапняў  ёсць невялікія запасы пясчана-жвіровага матэрыялу (в. Пасека-Дварчаны), торфу і гліны (в.Праважа).

За 4,5 км. на захад ад вёскі Забалаць, за 46 км. на паўднёвы захад ад гарадскога пасёлка Воранава, за 500 метраў на поўначны захад ад заходняй ускраіны вёскі Рэмзы знаходзіцца валун-камень.

Валун “Будрэвіч-камень” воранаўскі – так завецца геалагічны помнік прыроды (дэманструецца здымак). Пастановай Міністэрства прыроды і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь ад 31 ліпеня 2006г. № 48 “Аб аб'яве некаторых геалагічных аб'ектаў геалагічнымі помнікамі прыроды рэспубліканскага значэння” быў абвешчаны геалагічным помнікам прыроды рэспубліканскага значэння.

А  камень з ямкамі поруч в.Рэмзы Забалацкага сельскага Савета аказаўся самым вялікім каменем, выяўленым у нашым Варанаўскім раёне Гродзенскай вобласці.

Бачная частка каменя  важыць больш 30 тон, а агульная вага каменя каля 130 тон. Навукоўцы мяркуюць, што трапіў ён сюды прыкладна 150-220 тысяч г. назад са Швецыі ў час так званага сожскага абледзянення. Такім вось гістарычным каменем валодае наша Забалаччына. Назвалі  валун “Будрэвіч-камень” воранаўскі таму, што ён знаходзіцца ў Воранаўскім раёне на тэрыторыі былога маёнтка Будрэвіча.

 Гідраграфія

(дэманструецца  слайд № 7)

Аграгарадок размешчаны на паўднёвым захадзе Воранаўскага раёна, з'яўляецца трэцім па велічыні населеным пунктам раёна. Размешчаны непадалёк ад мяжы Літвы. Каля Забалаці знаходзіцца штучнае возера Нізянка, утворанае перакрыццем ракі Нізянка дамбай, якая бярэ пачатак каля вёскі Талочкі. Нізянка  ўпадае ў раку Пеляса на тэрыторыі Літвы.

У выніку перагароджвання ракі плацінай утварылася штучнае возера (сажалка) на Лідскай раўніне. Адлегласць ад пачатку ракі да возера 1км. Плаціна ўяўляе сабой земляны вал вышынёй 6м. Рэчка перакрываецца шлюзам. Люстраная паверхня возера складае 31 га.

Помнікі гісторыі і культуры

(дэманструецца  слайд № 8)

Да помнікаў гісторыі і культуры ў Забалаці адносіцца касцёл Святой Тройцы і помнік воінам-землякам у гады Вялікай айчыннай вайны.

Парафіяльны касцёл  Святой  Тройцы  знаходзіцца ў цэнтры аграгарадка Забалаць. Па сваіх памерах святыня невялікая. Даўжыня яе 18 м., а шырыня  14 м. Ззаду галоўнага  алтара дабудаваны дзве закрыстыі. Увесь касцёл мураваны. Перад галоўным уваходам у касцёл умуравана табліца, на якой напісана, хто заснавальнік і ў якім годзе пабудаваны касцёл.

Касцёл мае змешаны стыль: вокны ў стылі готыкі, а ўнутры – раманскі стыль. Касцёл мае 3 алтары: адзін галоўны, два бакавыя. У цэнтры галоўнага алтара знаходзіцца абраз Святой Тройцы. Паабапал галоўнага алтара змешчаны два бакавыя алтары. З левага боку на алтары знаходзіцца вобраз Маці Божай Вострабрамскай, а таксама фігура Маці Божай Ружанцовай. З правага боку знаходзіцца алтар святых Іакіма, Ганны і  фігура Сэрца Іісуса.

Прыгажосць касцёлу надаюць стацыі Дарогі крыжовай, якія зроблены ў гатычным стылі. Гэтыя стацыі былі падораны сям’ёй Шпяткоўскіх.

Над галоўным уваходам размешчаны хоры, якія трымаюцца на чатырох калонах. Таксама ёсць арган, прывезаны з Вільні.

Ззаду галоўнага алтара знаходзяцца дзве закрыстыі. У адной з іх рыхтуюцца да святой літургіі.

Касцёл абгароджаны каменным мурам. Пры касцёле знаходзіцца Місійны крыж. З 2001 года настаяцелем Забалацкай парафіі становіцца Генрых Яблонскі.

Вясною 2009 года каля бальніцы вяліся земляныя работы. У час якіх знайшлі чатыры званы, якія  належалі каплічцы з в.Варонічы. У цяперашні час званы ўстаноўлены на тэрыторыі касцёла.

 Помнік землякам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны 

(дэманструецца  слайд № 9)

Недалёка ад касцёла Святой Тройцы на тэрыторыі сельсавета ўзвышаецца помнік воінам-землякам у гады Другой сусветнай вайны, скульптарам і мастаком якога з’яўляецца жыхар г.Ліды Г.Б.Груша. Яму ўдалося ажыццявіць ідэю, якая сімвалізуе тыя далёкія ваенныя гады.

У цэнтры аг. Забалаць 6 мая 2005 года ў гонар 60-годдзя Вялікай Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне адбылося ўрачыстае адкрыццё помніка, які ўяўляе сабой трылогію камянёў. На помніку высечаны гады вайны (1941-1945). У цэнтры словы: “Вечная слава героям!”. Месца ўзвядзення помніка абрана невыпадкова. На франтах Вялікай Айчыннай вайны змагаліся 132 воіны з Забалацкага сельскага Савета. Памяць пра ветэранаў будзе жыцъ у нашых сэрцах.

 Праваслаўны храм у Забалаці

(дэманструецца слайд № 10)

 У 2010 годзе была афіцыйна зарэгістравана праваслаўная абшчына. У гэтым жа годзе быў набыты жылы дом  з участкам у цэнтры аграгарадка Забалаць, дзе пазней была заснавана царква Віленскіх пакутнікаў Антонія, Іаана і Яўстафія.

У 2012 годзе сіламі прыходу была пачата перабудова дома ў парафіяльны храм. У 2014 годзе асноўныя работы былі завершаны і прыступілі да добраўпарадкавання прылеглай тэрыторыі. 29 сакавіка 2015 года ў нядзельны дзень Высокапраасвяшчэнейшы Арцыбіскуп Арцемій асвяціў храм. На цяперашні час настаяцелем з’яўляецца іерэй Ігар Шыло.

 Адміністрацыйны будынак

 (дэманструецца слайд № 11)

Адміністрацыйны будынак быў рэканструяваны з былой старой школы. З 2003 па 2015 гг. знаходзілася праўленне СВК “Забалацкі-агра”. Цяпер у гэтым будынку размешчаны Забалацкі сельсавет, аддзяленне сувязі Белпошта, аддзяленне філіяла  ААТ “Беларусбанк”, аптэка №33, пашывачны цэх КСУП “Гіркі”, тэлефонная станцыя,  кабінет участковага міліцыянера.

Забалацкая  школа

(дэманструецца слайд № 12)

У аграгарадку Забалаць дзейнічае дзяржаўная ўстанова адукацыі “Навучальна-педагагічны комплекс Забалацкія яслі-сад – сярэдняя школа”.

 Забалацкая школа мае даўнюю гісторыю,  доўгую і цікавую.

 З архіўных дакументаў вядома, што Забалацкая школа граматы агульнага тыпу  была адчынена ў 1864 г., якую наведвалі дзеці праваслаўных вернікаў  Забяспечвалася на сродкі мясцовай сялянскай абшчыны. Размяшчалася ў будынку Забалацкага валаснога праўлення.

У 1865 г. была пабудавана вялікая драўляная аднапавярховая школа з калонамі   каля касцёла.   Выкладалі ў школе на польскай мове.

Да пачатку 30-х гадоў ХХ ст. школа састарылася. У класах  было вельмі няўтульна, пахла сырасцю.

У 1935 г.  у школе ўзнік пажар.  Стэфана Кшыстафовіча знялі з работы і перавялі ў іншае месца. А дырэктарам прыслалі Юзэфа Ігнашэўскага. Гэта быў вельмі заслужаны чалавек.  Узнагароджаны ордэнам Віртута Мілітары. Пад яго кіраўніцтвам пачалося будаўніцтва новай цаглянай школы на 3 паверхі, а ў 1937 г. закончылася. Школе прысвоілі імя Юзэфа Пільсудскага.

Працавалі гурткі: драматычны, стралковы, рэлігійны. Вучылі дзяцей вышываць, вязаць кручком і пруткамі. Для школьнікаў арганізоўваліся экскурсіі (па-польску “выцечкі”) у Ліду і Вільню (цяпер Вільнюс. Рэспубліка Літва).

19 верасня 1939 г. савецкія войскі ўвайшлі ў Забалаць. Але выкладанне ў школе яшчэ  ў кастрычніку-снежні гэтага года было на польскай мове. Дырэктарам школы была жанчына (прозвішча ўстанавіць не ўдалося).

У час фашысцкай акупацыі школа не працавала. Там знаходзілася нямецкая камендатура з вышкай і кулямётам. У школе было 12 немцаў, якія адразу ж устанавілі свой “новы парадак”. Не дазвалялася з’яўляцца на вуліцы пасля 20 гадзін, за сувязь з партызанамі – расстрэл. Школа была абнесена калючым дротам. Пабудаваны бліндажы, вырыты акопы. У школе фашысты  праводзілі расстрэлы партызан і другіх падазроных жыхароў. Настаўнік Уладзіслаў Калямант быў расстраляны немцамі за сувязь з партызанамі.

У 1944 г., пасля вызвалення Забалаці, аднавіла працу сямігадовая школа. Прыказам Радунскага РАНА ў школу было назначана тры настаўнікі: Бружынская, Данецкая, Трэцяковіч. Усіх вучняў было 77. У 4 класе было 12 вучняў, а ў астатніх – 65 . У 1945 – 1946 гг. колькасць вучняў павялічылася да 120. Са Смільгінскай школы ў Забалацкую быў пераведзены  Міхаіл Нікіфаравіч Конан, настаўнік пачатковых класаў. У гэтым г. у школу прыехалі настаўнікі Таццяна Ціханаўна  Ганчарова, Соф’я Мінаўна Лапо, Матушко. 

З 1947-1948 навучальнага г. стала Забалацкай няпоўнай сярэдняй  школай з колькасцю вучняў 180 чалавек. Працавала вячэрняя школа. Дырэктарам  быў назначаны Міколай Івановіч  Будкевіч.

З 1950  па 1951 гг. школу ўзначальваў Пётр Іванавіч Васільеў,  з 1951 па 1952 гг. – Аркадзій Міхайлавіч Клябанаў. З 1953 па 1954 гг. дырэктарам у школе працаваў Юрый  Аркадзьевіч Мышковец, а з 1954 па 1958 гг. – Мікалай Паўлавіч Мікуліч.

У 1955 г. адбыўся першы выпуск з 13 чалавек у Забалацкай сярэдняй школе.  Са жніўня 1958 г. па 31жніўня 1991 г. (на працягу 33 гадоў) Забалацкай сярэдняй школай кіраваў  Яўгеній Навумавіч Карпянкоў.

У канцы 60-х – пач. 70-х гг. мінулага ст. колькасць вучняў прыбліжалася да 700 чалавек.  Займаліся ў  дзве змены і пачатковыя, і сярэднія, і старэйшыя класы. Узнікла неабходнасць будаўніцтва большай школы. Таму ў 1975 г. пачалося будаўніцтва новай школы на 1176 месцаў.

У 1977 г. адбыўся апошні  23-ы выпуск у старой школе, якая праіснавала 40 гадоў. Дырэктар школы Яўгеній Навумавіч Карпянкоў паспяваў і будоўляй займацца,  і вучэбным працэсам кіраваць, і сям’і ўдзяляў увагу. Магчыма, таму, што стварыў у школе добры працалюбівы калектыў. Пры Яўгенію Навумавічу Забалацкая сярэдняя школа была адной з лепшых у Воранаўскім раёне.  У ёй была створана моцная матэрыяльная база, асабліва па працоўным навучанні.

Да пачатку 1978 года будаўніцтва школы завяршылася. 11 студзеня 1978 г. у першы дзень заняткаў пасля зімовых канікул вучні, настаўнікі калонай перайшлі ў новую школу. Пачаліся заняткі ў прасторных светлых класах з сучасным абсталяваннем па кабінетнай сістэме.   Самы вялікі выпуск быў у 1980 г. – 105 вучняў, 4 выпускныя класы.

З верасня 1991 г. па жнівень 2013 г.  школу ўзначальваў Міхаіл Міхайлавіч Лях.

 Пры Міхаілу Міхайлавічу праведзена рэканструкцыя школы, значна замацавалася матэрыяльна-тэхнічная база, школа набыла сучасны выгляд. Наша школа  першая ў раёне апрабіравала 10-бальную сістэму ацэньвання. З 2005 г. школа стала інавацыйнай пляцоўкай сацыяльна-педагагічнага праекта “Этнашкола – Панямоння”. Па 2008 г. лічылася Забалацкай сярэдняй этнашколай-садам. Мела свой герб, сцяг і гімн. Выпрацаваны мадэль выпускніка. Актыўна працавалі гурткі і спартыўныя секцыі фізкультурна-эстэтычнага і фальклорна-тэатральнага накірункаў. Вялікіх поспехаў на раённым і абласным узроўнях дасягнулі клубы: “Што? Дзе? Калі?” (кіраўнік І. І. Юшэвіч), “Патрыёт” (кіраўнік С.Э. Войшніс). Плённа працаваў і працуе  гісторыка-этнаграфічны музей “Спадчына”. З 2005 г працуе літаратурны клуб “Пегасік” (кіраўнік В.У. Коцік). Усіх школьнікаў згуртоўвае аб’яднанне “Спадчына”.

З верасня 2013 па сакавік 2016 г. узначальваў школу Віталій Антонавіч Мікша. Многа ўвагі ўдзялялася інфармацыйным тэхналогіям.

 Школа камп’ютарызавана на 100%, у класах знаходзіцца неабходная да навучання тэхніка. Прадметныя кабінеты падключаны да лакальнай сеткі інтэрнэт.

З мая 2016 г. узначальвае школу  Надзея Іванаўна Юшэвіч – выпускніца Забалацкай сярэдняй школы.

 Асаблівасць у гісторыі Забалацкай школы ў тым, што дваццаць дзве сямейныя пары настаўнічала тут у розныя гады. Дваццаць тры настаўнікі дзяржаўнай установы адукацыі “Навучальна-педагагічны комплекс Забалацкія яслі-сад-сярэдняя школа” з’яўляюцца выпускнікамі школы.

 Этнаграфічны музей “Спадчына”

(дэманструецца слайд № 13)

Этнаграфічны музей Забалацкай сярэдняй школы створаны ў 1985 годзе. Кіраўнікамі музея з 1985 па1987гг. была Мялешка Таццяна Іванаўна, настаўнік рускай мовы і літаратуры, з 1987 па 1993 гг. – Войшніс ФаінаСтэфанаўна, настаўнік беларускай мовы і літаратуры, з 1993 па 1997 гг. Адамоніс Ванда Браніславаўна, настаўнік гісторыі, з 1997 па 2003 гг. Бужынская Леакадзія Яўгенаўна, настаўнік геаграфіі, з 2003 па 2004 гг.  Радзько Вольга Мечыславаўна, настаўнік беларускай мовы і літаратуры. Кіраўніком этнаграфічнага музея “Спадчына” з 2004 г.з’яўляецца  Войшніс Фаіна Стэфанаўна.

Наш музей прапагандуе культурную спадчыну роднага краю.  Мы знаёмім дзяцей і дарослых са знакамітымі людзьмі, з песеннай спадчынай. У музеі праходзяць урокі гісторыі, грамадазнаўства,  беларускай мовы і літаратуры, чалавек і свет, працоўнага навучання, класныя мерапрыемствы.

Плошча музея складае 72 м2, а таксама ёсць памяшканне для фондасховішча. Экспазіцыя музея створана на высокім мастацка-эстэтычным узроўні, з улікам сучасных патрабаванняў.

Большасць жыхароў Воранаўскага і Шчучынскага раёнаў наведваюць наш гісторыка-этнаграфічны музей “Спадчына”. Былі госці  з Ваўкавыскага, Зэльвенскага, Іўеўскага, Аставецкага, Смаргонскага і Лідскага раёнаў, гарадоў Гродна, Ліды, Слоніма, Мінска, а таксама замежныя госці з Літвы, Украіны, Польшчы, Англіі,  Германіі.

Адзінаццаць  нашых экспанатаў узяты на дзяржаўны ўлік у Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей.

  Пагранічная застава “Забалаць”

(дэманструецца  слайд № 14)

Пагранічная застава “Забалаць” з месцам дыслакацыі ў населеным пункце Забалаць Воранаўскага раёна пачала фарміравацца з верасня 1993 г., у складзе камендатуры “Ліда” Смаргонскага пагранічнага атрада. З 1 лістапада 1993 г. падраздзяленне прыняло пад ахову дзяржаўную мяжу працягласцю каля 20 км. Першапачаткова адміністрацыйныя памяшканні падраздзялення размяшчаліся ў “Доме калгасніка” у аг. Забалаць. Па заканчэнні будаўніцтва будынка пагранічнага паста ў 1995 г. у адпаведнасці з Праграмай ўладкавання мяжы Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, ажыццёўлена перадыслакацыя падраздзялення на новае месца на ўскраіне аг. Забалаць, на тым месцы, дзе знаходзіўся  млын, заснаваны ў XIX ст.

 Пажарны аварыйна-выратавальны пост №11

(дэманструецца слайд № 15)

Навучэнцы Забалацкага НПК з радасцю наведваюць пажарны аварыйна-выратавальны пост №11 аг.Забалаць. З цікавасцю слухаюць аповеды пра асаблівасці прафесіі выратавальніка.

Забалацкая ўчастковая бальніца

(дэманструецца слайд №16)

Забалацкая участковая бальніца (у яе склад уваходзіць АДАП) –15 ложкаў, з іх 10 ложкаў сацыяльнага догляду. Валанцёры Забалацкага НПК наведваюць сацыяльныя палаты ў Забалацкай бальніцы.

  АЗС N 15 ААТ Ліданафтапрадукт

 (дэманструецца слайд № 17)

Фірменная збытавая сетка  “Беларуснафта” – найбуйнейшая ў Рэспубліцы Беларусь: больш за 530 аўтазаправачных станцый, у тым ліку і АЗС у аг. Забалаць. На АЗС фірменнай сеткі “Беларуснафта” можна заправіцца бензінам, дызельным палівам, прапан-бутан аўтамабільным. Кампанія “Беларуснафта” гарантуе кліентам продаж якасных нафтапрадуктаў.

Звязаны лёсам з Забалаццю

(дэманструецца слайд № 18)

Пісьменнік Аляксей Пятровіч Кавалевіч

А.П. Кавалевіч пасля заканчэння Гродзенскага педістытута імя Я. Купалы працаваў завучам і выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры ў Забалацкай СШ да 1962 г., затым дырэктарам Клайшанскай васьмігадовай школы.

У 1995 г. выйшаў з друку яго першы зборнік вершаў “Прыстанак”, у 1996 – кніга нарысаў і замалёвак “Сустрэча праз гады”. У 1997 г. убачыў свет паэтычны зборнік “Прыгоды Дзеда Мароза і Снягурачкі на Міёршчыне”.

 Затым адна за адной выходзяць кнігі “Бацькоўскія карані”, “Волат на пустэчы”, “Ах, мая рэдакцыя!” Апошняя кніга прысвечана 60-гадоваму юбілею раённай газеты “Сцяг працы”. У 1999 г. у гонар 70-гадовага юбілею А.П. Кавалевічу за асаблівы ўклад у беларускую журналістыку было прысвоена ганаровае званне “Заслужаны журналіст Беларускага саюза журналістаў” і прэмія. Адзін са сваіх вершаў Аляксей Кавалевіч прысвяціў вёсцы, у якой пачынаў свой працоўны шлях, — Забалаці.

Забалоцце

Забалоцце маё, Забалоцце –

Нашы светлыя мары на ўзлёце,

Нерашучыя першыя крокі

І сягонняшняй явы вытокі.

Мы табой ганарымся без меры:

Ты ў свет адчыняла нам дзверы,

Адарыла любоўю, пяшчотай

І жаданай работай.

Забалоцце – наш першы прыстанак.

Залацісты, квітнеючы ранак,

Нашы думы і нашы надзеі

І сябры-дабрадзеі,

Карпянковы, Ратайка, Заманы –

Педагогі-майстры без заганы.

О, як хочацца мне памаліцца,

Каб тваёй дабрынёй абапіцца,

І хаця б на якую хвілінку

У тваіх апынуцца абдымках…

Забалоцце, маё Забалоцце –

Нашы мары, як сонца, на ўзлёце.

 Актывісты пасляваеннага часу

(дэманструецца  слайд № 19)

Генрых Іванавіч Юшкевіч

 Генрых Іванавіч Юшкевіч – першы пасляваенны старшыня Забалацкага сельскага Савета.

 Генрых Юшкевіч нарадзіўся ў вёсцы Дварчаны  ў 1920 г. Калі пачалася вайна, Генрыху ішоў 21 г. Вайна, нібы той звер, нанесла чыстай душы юнака глыбокую, незагойную рану. Адгрымела Вялікая Айчынная вайна. Ішло залячэнне ран, якія прынесла вайна: аднаўлялі народную гаспадарку, будавалі новае жыццё. Пасля дэмабілізацыі з Савецкай Арміі вярнуўся дадому Генрых Іванавіч Юшкевіч. Ён быў першым камуністам у вёсцы. Дапамагаў бедным, агітаваў землякоў за новае жыццё, арганізаваў сялян на выканання дзяржаўных планаў, падпіску на заем. У юнака заўважылі арганізатарскія здольнасці і выбралі першым пасляваенным старшынёй Забалацкага сельсавета. Людзі любілі свайго старшыню сельсавета.

 Вядома, што ў Забалаці яшчэ да вайны на колішніх памешчыцкіх землях быў арганізаваны калгас “Інтэрнацыянал”. У яго ўступілі ў асноўным тыя, хто батрачыў у пана. Менавіта, пасля вайны жыццё ў іх было вельмі цяжкім: не мелі свайго надзела зямлі, не мелі жылля. I Генрых Іванавіч стараўся ім дапамагчы. Вельмі быў чулым і справядлівым чалавекам.

Генрыха Іванавіча  паважалі тыя, чые інтарэсы ён адстойваў. Але былі і такія, каму не падабалася новая ўлада. Яны трымалі сувязь з нацыяналістычнымі бандамі. Стараліся памяшаць будаўніцтву новага жыцця.

За актывістам сачылі. Быў выхадны дзень. Моладзь сабралася на вечарыну ў вёску  Гудзінішкі Забалацкага сельсавета. Зайграў гармонік. Вясёлая музыка сабрала ўсіх на танец. Генрыха паклікалі…

 Загінуў першы пасляваенны старшыня 7 ліпеня 1949 г., у 30-гадовым узросце. Подлая рука з банды Іваноўскага спыніла жыццё нашага земляка.

Генрых Іванавіч  пахаваны на могілках у вёсцы Забалаць. Памяць аб ім жыве і сёння. Яго прозвішчам названа адна з вуліц вёскі Забалаць.

Антон Аляксандравіч Савіцкі

Антон Савіцкі – сакратар камсамольскай ячэйкі ў вёсцы Забалаць. Многа спраў у Антона – трэба арганізаваць камсамольскія ячэйкі ва ўсіх вёсках, стварыць спажывецкую кааперацыю. Агітаваць за калгасдаручэнне райкома камсамола.

Становішча ў тыя часы было трывожнае. Савецкая ўлада толькі аднаўлялася, нацыяналістычныя банды пранікалі з тэрыторыі Літвы, забівалі актывістаў, савецкіх і партыйных работнікаў.

На юнака хтосьці данёс. Антон не чуў, як бандыты зайшлі ў пакой. Адзін з бандытаў накіраваў аўтамат у грудзі соннаму камсамольцу і выстраліў. Так перастала біцца гарачае сэрца камсамольца Антона Савіцкага. Ён загінуў у дваццаць гадоў за тое, каб людзі, якіх ён любіў, убачылі сапраўднае шчасце.

Заслужаны работнік народнай адукацыі

(дэманструецца  слайд № 20)

Карпянкоў Яўгеній Навумавіч

Карпянкоў Яўгеній Навумавіч нарадзіўся 25 жніўня 1930 г. у в. Яш- Буды Краснапольскага раёна Магілёўскай вобласці.

У 1953 г.  паступіў у Гродзенскі педагагічны інстытут імя Я. Купалы на фізіка-матэматычны факультэт, які скончыў у 1958 г. з адзнакай "выдатна". Малады юнак вёў вялікую грамадскую работу: быў членам ЛКСМБ, старастам інтэрната, камсоргам. Тут жа быў залічаны кандыдатам у члены партыі.

Пасля заканчэння інстытута ў 1958 г. быў напраўлены на працу ў Радунскі раён дырэктарам Забалацкай сярэдняй школы, дзе і працаваў да пенсіі. У 1991 г. пайшоў на заслужаны адпачынак. 33 гг. аддаў Забалацкай СШ.

За сваю нястомную працу Яўгеній Навумавіч быў узнагароджаны медалямі “За доблесную працу” і “Ветэран працы”, ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1971). Званне “Заслужаны работнік народнай адукацыі” прысвоена ў 1990г. Пазней прысвоілі званне “Персанальны пенсіянер”.

Заслужаны настаўнік Беларусі

(дэманструецца  слайд №21)

Карпянкова Аляксандра Дзмітрыеўна

Карпянкова Аляксандра Дзмітрыеўна нарадзілася ў 1935г. у в. Купіск Любчанскага раёна (цяпер Навагрудскі раён ) Гродзенскай вобласці. У 1953г.  паступіла ў Гродзенскі педінстытут на гісторыка-філалагічны факультэт. Пасля заканчэння інстытута, з 1958 г. Аляксандра Дзмітрыеўна працавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры ў Забалацкай СШ. Была дэлегатам 4 з'езда настаўнікаў БССР. Мае знак  “Выдатнік народнай адукацыі”, медаль Ветэран працы, а ў 1970 г. ёй было прысвоена званне Заслужаны настаўнік БССР. У 1991 г. Аляксандра Дзмітрыеўна пайшла на заслужаны адпачынак.

 Заключнае слова кіраўніка музея

(дэманструецца  слайд 22)

І думкамі, і сэрцам кожны з нас зноў і зноў вяртаецца ў свой родны кут, каб з гэтай невычэрпнай крыніцы ўзяць новы зарад бадзёрасці, набрацца сіл і энергіі. Мы дапытваемся ў мінулага, каб яно растлумачыла наша цяперашняе і падказала будучыню. “Мне выпала шчасце тут нарадзіцца…”. Шчаслівы той чалавек, які ганарыцца сваёй краінай, сваёй вёскай, паважае мясцовых жыхароў, ушаноўвае памяць продкаў, любіць, беражэ і ахоўвае сваю зямлю. Ад кожнага з нас залежыць, ці захаваем мы ўсё, што створана рукамі продкаў, ці памножым мы славу роднай краіны, роднай вёскі, ці будуць ганарыцца намі нашчадкі, ці скажуць нам “дзякуй” за тое, што мы пакінулі прыгожы, квітнеючы край.

Мілая старонка

Старонкай сваёй я змалку ганаруся.

Хоць кажуць — непрыкметная яна.

З малых гадоў у яе я закахана,

Бо лепшае яе зямлі няма.

Мне мілыя ўсе яе куточкі:

І птушкі розныя ў старых лясах,

І жоўтыя каменьчыкі ў лясочку,

І залатое жыта на палях.

І возера блакітнае за вёскаю,

Чароўны шум Нізянкі, ручаёў,

І песні жаўранка бясконцыя вясною,

І травяны прастор лугоў.

Мне даспадобы мілая старонка,

Таму, што ў ёй я нарадзілася.

Жыві, мая любімая старонка,

Каб я табой заўсёды ганарылася.

 Міклашэвіч Ірына

Разделы музея

Уолок хозяина

Вышивка и ткачество

Изделия из соломы и лозы

Основной фонд музея

Путешествуем вместе!

Top.Mail.Ru google-site-verification=qdfyVLnF0XqW4z_zbAcUO5CPzEfFXwZG8ruI7E8EvsA google-site-verification: google6c9153f8f6561b92.html