Экскурсія “Тавары з Забалацкага кірмашу”
Войшніс Ф.С., кіраўнік этнаграфічнага
музея “Спадчына”
Мэта: выклікаць цікавасць да асобных музейных прадметаў этнаграфічнага музея “Спадчына”: хатніх рэчаў і гаспадарчай прылады працы ручной веялкі
Задачы:
- сфатаграфаваць музейныя прадметы: збанок, апалонік, прас, ручнік, палатно, боцікі (“фільцуфкі”), ручную веялку і апісаць іх;
- выявіць асаблівасці хатніх рэчаў Забалаччыны: збанка, апалоніка, праса, ручніка, палатна, боцікаў (“фільцуфак”); пазнаёміць з тэхналогіяй і прызначэннем вырабаў;
- адлюстраваць ролю і прымянення ручной веялкі, як гаспадарчай прылады ў жыцці нашых продкаў;
- паглыбіць цікавасць наведвальнікаў да гісторыі і культуры нашага краю;
- садзейнічаць выхаванню гонару за сваю духоўную спадчыну, захаплення ёю і павагі да яе.
Абсталяванне: чамадан, музейныя прадметы: прас, боцікі (“фільцуфкі”), збанок, палатно, ручная веялка, апалонік, ручнік.
Ход экскурсіі
Выходзіць дзяўчына-экскурсавод у беларускім нацыянальным адзенні і спявае песню “Купалінка”
Дзяўчына-экскурсавод. Добры дзень, дарагія сябры! Рада вітаць вас!
Стамілася я. Ды і не дзіва. На Забалацкім кірмашы была. Шмат чаго бачыла. Многае купіла. Усе тавары мясцовыя, незвычайныя. Зробленыя ўмелымі рукамі. Прыгодныя для хатняй гаспадаркі. Паглядзіце, што я купіла і чым парадую родных. Адгадайце загадку:
Параход сам не хадзіў,
Я яго рукой вадзіў.
Параход ішоў па хвалях
Як прыйшоў – яны прапалі.
Правільна, гэта прас (паказвае).
Яго я купіла для матулі. У нашай гаспадарцы ёсць некалькі прасаў. Вялікі прас. Вугалькі закладваліся ўнутры вырабу і награвалі ніз. Ён нагадвае паравоз. Такі прас прызначаны для таго, каб адгладжваць бялізну і адзенне. Прадаў яго каваль з вёскі Рэмзы Станіслаў Янавіч Мікулка.
У праса – пачэсная праца.
Сваю цеплыню дорачы,
Тугая далонь праса
Гладзіць заўсёды горача.
Якое адзенне асмеліцца
Пазбегнуць з ім сустрэчы?
Ніц перад прасам сцелюцца
Рознага крою рэчы.
П. Макаль “Прас”
Сёння будуць вячоркі. Адпрасую гэтым прасам сваю спадніцу і буду самая прыгожая і вясёлая. Вядома ж усім, што вясёлыя людзі доўга жывуць. На Забалаччыне гавораць: “Гуляй дзяўчына: твая гадзіна”. Трэба цяпер, пакуль маладая, прыбірацца і весяліцца. Ой бяда, бяда са мной здарылася…(спявае).
Хлопцы ўсе гуляць ідуць,
А мне нечага абуць.
Лапці новыя згарэлі,
А страхоўкі не даюць.
Хацела купіць сабе новыя лапці, старыя парваліся (паказвае на босыя ногі). Аж бачу – прадаюцца боцікі (“фільцуфкі”), прывезеныя з Васілішак (паказвае). Вырабілі іх таленавітыя браты-самавучкі Станіслаў і Юзэф Кірвелі. Паглядзіце, які цудоўны абутак! Буду насіць “фільцуфкі” і позняй восенню, і зімой, і ранняй вясной. Але толькі ў святочныя дні. Для вырабу такіх боцікаў шаўцы выкарыстоўвалі мокрае валенне – гэта ўвальванне шэрсці рукамі пры дапамозе гарачай вады і мыла. Як бачыце, яны белага колеру, аздобленыя “вісюлькамі” і ромбікамі. Я даведалася, што для вырабу “вісюлек” і ромбікаў майстры карысталіся спецыяльнай машынкай.
Ну а каля гэтага паліванага збанка (паказвае) ніяк не магла не прайсці. Паглядзіце, які зграбны! З Ліды прывезены. Зроблены з мяккай, падатлівай гліны. А ведаеце, чым старэйшая гліна, тым больш выдатны збан атрымоўваецца.
А нашы ганчары ўмелі
Рабіць і міскі, і збаны.
Пад матчынай рукой звінелі
Штодня гліняныя збаны.
П. Панчанка
Бакі ў збана выпуклыя, шыйка – звужаная. Мае ручку і носік-дзюбку (лейку), каб тое малако, скажам, лёгка роўным струменьчыкам лілося ў міску ці ў кубак. Збан выкарыстоўваецца для захавання малака, смятаны, маслёнкі, сыроваткі. Майстар даў параду. Не паверыце!.. Каб малако даўжэй пастаяла, пакласці ў збан з малаком жабку (смяецца). Вось дык дзіва! Жабка халодная – малоко будзе халодным.
Калі пад рукой не было карзінкі, дзеці збіралі ў збанок ягады. Там, у ягадным лесе, знайшлася і смяшынка:
Пытае маці
Гледзячы ў збанок:
– Ці шмат сунічак
Назбіраў сынок?..
Пусты збанок,
Ды хваліцца Фядот:
– Ой, мама, шмат,
Аж забалеў жывот!
Знайшлася і загадка: “Быў на капальні, быў на таптальні, быў на кружары, быў на пажары”. Падкажам, кружар – ганчарны круг, а хто з гэтага круга трапляў потым на пажар – здагадайцеся самі.
На Забалаччыне, перасцярагаючы, гавораць: “Да пары збан ваду носіць”. Як вы, напэўна, здагадаліся, што не заўсёды так будзе, усяму бывае канец.
Вось кавалак палатна (паказвае). У Пяроўцах сатканае. Адмысловая работа. Добра папрацавала Генавефа Людвікаўна Кашлей. Выткала на кроснах, вымачыла ў вадзе, выбіла пранікам, адбяліла.
Што я пашыю? Можа, кашулю для таты. У гэтай льняной кашулі ён будзе так соладка спаць, як пшаніцу прадаўшы. Але баюся, каб не атрымалася, як у той прыпеўцы (спявае):
Што за я, што за я,
Што за масцярыца:
Шыла міламу штаны,
Выйшла рукавіца.
А гэту рэч я набыла для дзядулі. Ведаеце, абмалочанае збожжа не адразу малолі. Да жорнаў яго трэба ачысціць ад мякіны, дробных зярнятак, пустазелля, сухіх травінак. І тут гаспадар не можа абысціся без ручной веялкі – драўлянага шуфліка з ручкаю (паказвае). Гэта веялка зроблена з кавалка ліпы. Майстар Баляслаў Антонавіч Кашлей з вёскі Пяроўцы выдзёўбнуў дно, каб шуфлікам лёгка, як вялікай лыжкаю, можна было чэрпаць зерне. Будзе дзядуля веяць на таку ў гумне. І вырастуць дзве гурбачкі, залацістая і шэрая. У залацістай будзе адборнае зерне, якое дзядуля змеле на жорнах, атрымаецца мука.
А бабуля з гэтай мукі ў блінніцы расчыніць цеста для выпечкі бліноў. Яна возьме вось гэты апалонік (паказвае) – вялікую драўляную лыжку, зробленую з бярозы, кіне цеста на скавародку і паставіць у печ. Гарачыя бліны, намазаныя маслам, мігам з’ядаюцца, толькі падавай на стол. Любяць бліны і старыя людзі, пра што сведчыць вясёлая прыпеўка:
Дзве бабулі без зубоў
Гаварылі пра любоў:
– Мы з табою ўлюбляны,
Ты ў капусту, я ў бліны.
Ласункам для бліноў – яшчэ і загадка: “Жалезны ток, свіны падскок, а грэцкі пасад”. Адгадайце і вы. Не кожны адгадае, таму падкажу: жалезны ток – патэльня, свіны падскок – падмазка са здору, якой патэльню мажуць, каб бліны не падгарэлі, а грэцкі пасад – гэта блін з грэцкай мукі. Спявае прыпеўку
У Забалаці на базары
Хлопцы прадаюцца:
За капейку – трыццаць штук
І то задаюцца.
Ой і я буду задавацца! Паглядзіце, які я ручнік купіла! (паказвае) Не з далёкіх краёў прывезены, а мясцовы ён – забалацкі. Тут лянок вырас, быў павязаны ў снапы. Добра вымачаны. Памяты ў церніцы, патрэплены трапачом, вычасаны грэбенем. Атрымалася валакно найвышэйшага гатунку – кужаль. На калаўротку кудзеля ў нітачкі спрадзена, на кроснах палатно выткана, з пераборам. Вось і ручнік атрымаўся. Але не спыніліся ўмелыя рукі майстрыхі Ненартовіч Галіны Іосіфаўны з вёскі Казляны. Узяла яна іголку і ніткі, вышыла прыгожыя кветачкі і галінкі з лісточкамі. Выкарыстала ніткі чырвонага, сіняга, зялёнага, ружовага, фіялетавага і жоўтага колераў. А ведаеце, чырвоны колер – колер жыцця, які аберагае ад злых духаў, дапамагае ў працы. Гэта сімвал яркай радасці, аховы здароўя, перасцярогі ад усяго негатыўнага. Колер мужнасці, адвагі. Чырвань выяўляе крыніцу касмічнага святла – нябесны агонь, сонца і зоркі. Лічыцца, што ён паляпшае апетыт і лечыць душэўныя пакуты. Чырвань нібы абяцае: хутка надыдзе ўсход, будзе новае нараджэнне. Зялёны колер спрыяе ўрадлівасці, падтрымлівае жыццё, вечную прыроду, яго кругазварот. А ці ведаеце вы, што жоўты колер азначае надзею. Яе чалавек нясе ў сэрцы праз усё жыццё.
Майстрыха звязала і прышыла белыя карункі. Бель – гэта нябеснае святло, колер Хрыста. Белы меў значэнне новага свету, новых ведаў, свабоды і веры, спакойнай вады. Гэта сімвал чысціні, першапачатковасці, святасці. Там, дзе ёсць белы колер, усё на імгненне становіцца чыстым, некранутым лістом. Вядома, сама назва Беларусь, як мяркуюць некаторыя вучоныя, паходзіць ад таго, што любімым колерам адзення беларусаў быў белы. Цудоўная рэч атрымалася.
Бялюткія на сценах ручнікі.
Прыгожых мараў мамы яны сведкі…
З. Мінчанка
На Беларусі шмат звычаяў, звязаных з выкарыстаннем ручнікоў. На ручніку падносяць хлеб-соль, калі вітаюць дарагіх гасцей, таму што ручнік – гэта сімвал чысціні, цяпла беларускай зямлі і роднай хаты.
Экскурсавод спявае “Купалінку”
Паважаныя сябры! Так, магчыма, маглі ганарыцца купленымі таварамі на Забалацкім кірмашы нашы далёкія продкі. Многа часу прайшло. Цяпер гэта музейныя прадметы і знаходзяцца яны ў экспазіцыі этнаграфічнага музея “Спадчына”. Глядзіш на іх – і можаш толькі здзіўляцца таленту і ўмелым рукам нашых продкаў. Гэта наша спадчына. Мы павінны ведаць яе, берагчы і захоўваць. Толькі тады чалавек можа лічыць сябе чалавекам.
Дзе б ты, дружа, не быў –
Прывядуць цябе сцежкі-дарожкі
Пакланіцца хаціне і парогу
Бацькоўскаму зноў.
Хоць тут мала чаго
Засталося ад свету былога,
Тым мацнейшая будзе твая любоў.