Top.Mail.Ru

 

                 Заняткі

Занятак-гульня “Музейная хата ўцехамі багата”
2022-02-01 16:05 Занятак-гульня “Музейная хата ўцехамі багата” Войшніс Ф.С., кіраўнік этнаграфічнага  музея  “Спадчына” Мэты: пазнаёміць вучняў з заклічкамі, забаўлянкамі, лічылкамі, гульнямі, прыказкамі і прымаўка...
Занятак "Загадкі з роднай хаткі!
2022-01-26 16:13 Занятак “Загадкі. Паходжанне і тэматычнае багацце загадак. Гульня- спаборніцтва “Загадкі з роднай хаткі”                                                        Войшніс Ф. С., кіраўнік этнаграфічнаг...

Экскурсіі

 

Экскурсія “МАТУЛІН РУЧНІК”

Войшніс Ф.С., кіраўнік этнаграфічнага музея “Спадчына”

Мэта:

-знаёмства з беларускім ручніком як прыкладам высокамастацкай тканіны;

-выяўленне асаблівасцей беларускага ручніка;

-знаёмства з тэхналогіяй вырабу, прызначэннем ручніка;

- выхаванне і стымуляванне цікавасці і павагі да культурных здабыткаў свайго народа;

- садзейнічаць выхаванню эстэтычнага густу.

Абсталяванне: у этнаграфічным музеі “Спадчына”арганізавана выстава, дзе развешаны розныя віды ручнікоў: ручнікі-ўціральнікі, ручнікі-трапкачы, ручнікі-набожнікі (пакутнікі, набожныя платкі), ручнікі-абыдзённікі, вясёлыя ручнікі…

Першы  экскурсавод.   

 Мамін ручнік –

Белая дарога ў вечнасць.

Усё яго жыццё – натканае падзеямі.

Усе яе надзеі – пабітыя градам болю.

Увесь яе боль – падшэрхлая скарынка  цярпення.

Усё яе цярпенне – крона магутнага радаводнага дрэва.

Трымаю аберуч святыню –

Мамай сатканы ручнік

З кутасамі падзеі і веры – і не веру,

Што некалі гэтае сонейка зойдзе.

                    Н. Загорская “Мамін ручнік.”

    Якія трывожныя думкі! Якая жальба! Якія хвалюючыя і балючыя радкі! Чаму так маркоціца і засмучаецца Ніна Загорская, аўтар верша, калі ўзгадвае ручнік? Чаму гэты смутак перадаецца і нам? Паспрабуем адказаць на гэтыя пытанні.

    Ручнік – гэта прадаўгаваты кавалак тканіны абрадавага дэкаратыўнага і ўтылітарнага прызначэня (паказвае). Шырыня яго звычайна 25-45 см, даўжыня 1-3 м. На Беларусі вядомы з глыбокай старажытнасці, з часоў з’яўлення ткацтва.

  Ручнікі ткалі на кроснах (паказвае кросны) – ткацтва на кроснах пашыралася з ХІ – ХІІІ ст. – з ільняных, баваўняных нітак, аздаблялі ўзорыстым натыканнем, вышыўкай, вязанымі і плеценымі карункамі, прошвамі, махрамі. У нашай мясцовасці ручнікі ткалі шэрыя, бялюткія з вышываным узорам да карункамі.

 Ва ўзоры ручніка заўсёды пераважаў ромб. Асаблівай папулярнасцю карысталіся грабеньчатыя ромбы з падоўжанымі канцамі, запоўненыя разеткамі ці крыжамі.

  Для арнаменту характэрны прамалінейнасць абрысаў даволі буйных матываў, прастата і яснасць узораў, спакойны рытм чаргавання аднародных элементаў, сіметрыя малюнка. Значэнне матываў звязана з такімі спрадвечнымі паняццямі, як дабро, святло, жыццё, урадлівасць. Яны ўспрымаюцца таксама як знакі сонца, агню, зямлі, неба, вады, свету.

Кідаецца ў вочы неадназначнасць матываў. Канкрэтная сімволіка залежыць ад месца матыву ў кампазіцыі, ад таго, выступае ён адзінкавай фігурай ці элементам арнаменту. Невыпадковым з’яўляецца існаванне своеасаблівых сувязей паміж матывамі (паказвае). Яно праяўляецца ў тым, што контуры адной фігуры з’яўляюцца адначасова контурамі другой, а ў адным малюнку наслайваецца некалькі розных  па масштабу фігур, якія захоўваюць адзін цэнтр ці паралельнасць ліній.

  Такім чынам, беларускі ручнік у лепшых сваіх узорах дае прыклад высокамастацкай тканіны, ярка выяўленым характарам аздаблення (паказвае). Своеасаблівасць яго – у выкарыстанні льняных нітак для фонавага палатна і баваўняных нітак для ўзорыстага ўтка, у чырвонай аднаколернасці ўзораў, хаця і адцененых часам невялікай колькасцю сіняга, пазней чорнага тону.

 Калісьці ўбілі нам у галовы, што лён – гэта ад беднасці, бо і сапраўды беларусы ўсё сваё жыццё хадзілі ў палатняным адзенні.

А вось у Старажытным Рыме амаль такія ж абрусы, як нашы продкі засцілалі на стол кожны дзень, былі прыкметай раскошы. Ці не таму, што здалёк, мо з-пад самага Нёмана, прывозілі?

Другі экскурсавод. А ці вядома вам, што палатняныя латы, якія не прабівала нават страла, насілі воіны персідскага цара Ксеркса…  І на нашай зямлі быў калісь лён адной з самых шанаваных раслін, бо апранаў, і карміў (паказвае лён). Беларускія жанчыны падчас трох найважнейшых паганскіх святаў, што спраўляліся ў зімовы і летні сонцавароты ды на вясновае  раўнадзенства, звярталіся да магічных дзеянняў, каб вырас добры лён. На Масленіцу спецыяльна ездзілі як мага далей на санях, каб лён быў доўгі. А на Купалле дзяўчаты і маладзіцы кідалі ў вогнішча бярозавыя галінкі ды прыгаворвалі: “Каб мой лён быў такі ж вялікі, як гэтая бярэзінка”. А ўжо працы беларускія жанчыны не шкадавалі.

 Сапраўдны ручнік – гэта не проста кавалачак тканіны, якім выціраюць твар і рукі. На Беларусі шмат звычаяў, звязаных з выкарыстаннем ручнікоў. На ручніку падносяць хлеб-соль, калі вітаюць дарагіх гасцей, таму што ручнік – гэта сімвал чысціні, цяпла беларускай зямлі і роднай хаты.

Сцежкамі ў полі ўздоўж дарожных даляў

Вышытыя розна ручнікі ляжалі,

Белыя, даўгія, гэтак у час мяцелі

Студзень каля хатаў чысты снег насцеле

Па канцах карункі тонкім павуціннем,

Альбо пераплётам фрэндзлі зіхацелі.

У покуці павесіць, на абраз у хату,

Альбо перакінуць цераз плечы свату.

Ручніка такога не ўстыдно дзяўчыне,

Значна, з працавітых, калі поўна скрыня… Л. Геніюш “Куфар”.

Вось гляджу я на гэтыя ручнікі і думаю: служаць яны нам усё жыццё, а потым яшчэ і ў апошні шлях праводзяць.

Так, ручнікі выкарыстоўваюць і ў жалобнай абраднасці. На Віцебшчыне, напрыклад, калі цела нябожчыка ўжо ляжала ў труне на кутнім месцы, за акном, пры якім стаяла труна, вывешваўся ручнік – і ў знак жалобы, і для “патрэбаў” нябожчыка,  які можа вярнуцца ў пакінутую хату.

А ў Гомельскай вобласці на акно ставілі шклянку з вадой і вешалі ручнік, каб душа нябожчыка магла памыцца і з’явіцца на той свет чыстай.

Ручнік ўжываўся і для ўшанавання духаў продкаў на Дзяды. На Магілёўшчыне, напрыклад, у гэты дзень пасля вячэры на канец стала клалі ручнік і ставілі кубак з вадой. На стале пакідалі поўную чарку і вячэру. Людзі верылі, што “дзяды” прыйдуць уначы на вячэру і будуць мыць рукі.

На Палессі здаўна абвязваюць ручнікамі надмагільныя крыжы. На ручніках апускалі труну ў магілу.

Ручнікі – ўціральнікі (паказвае) служылі для бытавых патрэб, у ручніках – трапкачах насілі абед ў поле.

Да пачатку ХХ ст. ручнікі шырока выкарыстоўваліся ў дэкаратыўных і абрадавых мэтах. Ручнікамі-набожнікамі прыбіралі абразы (паказвае).

У часы засухі, войнаў, эпідэмій жанчыны адной вёскі за дзень ці ноч ткалі ручнік – абыдзённік (паказвае), які вешалі на прыдарожны крыж, абносілі вакол вёскі, праганялі па ім хатнюю жывёлу.

Ручнікі былі абавязковым атрыбутам у радзінных абрадах. На ручніку з тонкай кудзелі або з танюткай палатнянай тканіны нашы продкі калісьці прымалі нованароджанае дзіця. Калыску падвешвалі да бэлькі таксама на вузкім ручніку ці на тканым паяску (паказвае).

А дзяўчаты дарылі вышываныя ручнікі хлопцам, якіх праводзілі ў войска,  каб не забыліся на дом, успаміналі (паказвае).

Трэці экскурсавод. Дзяўчынкі з маленства ўмелі прасці, ткаць кросны, самі гатавалі сабе пасаг, у якім галоўнае места адводзілася ручнікам. Бяручы шлюб, маладыя, як правіла, стаялі на ўзорным ручніку. Адыходзячы ад аналоя, нявеста старалася пацягнуць за сабой і ручнік. Гэта рабілася для таго, каб сяброўкі цягнуліся за ёй – хутчэй выходзілі замуж. Ручнікамі ўпрыгожвалі рамкі з фотаздымкамі, вешалі на сцены падчас вяселля. А лаўкі засцілалі, каб прыгожа было ды каб гасцям зручна было сядзець.

Вясельны каравай ставілі на вышываны ручнік (паказвае).

Ручніком карысталіся і ў іншыя моманты вясельнага абраду: ім звязвалі нявесту і жаніха на вянчанні, а таксама падчас пераезду да жаніха. Гэта сімвалізавала адзінства маладых. Ручнікамі перавязвалі цераз плячо свата.

 Ужываўся ручнік і для абгортвання рук. Маладых урачыста вялі ручніком вакол стала, заводзілі за стол. Такім жа чынам маладога і нявесту ўводзілі ў царкву ці ў касцёл.

Кульмінацыйны момант вяселля – прыезд павянчаных да хаты маладога – суправаджаўся своеасаблівай выставай пасагу нявесты: ручнікоў, абрусаў, посцілак. Госці прыдзірліва ацэньвалі іх колькасць і якасць, багацце вышыўкі, карункаў.

Ручнікамі маладзіца ўпрыгожвала хату на свой густ. Часам жаніх загадзя майстраваў спецыяльны вяшак пад ручнік, ведаючы, што бярэ дзяўчыну з пасагам.  Ручнікі пацвярджалі, што маладая ўмее добра ткаць, а значыць, зможа апрануць сям’ю. Дарэнне ручнікоў заўсёды суправаджалася песнямі. Але ручнікі дарылі не ўсім сваякам жаніха, а пераважна мужчынам: мададому, яго бацьку, свату і яго памочніку, дружыне маладога. Вясельныя ручнікі перадаваліся ў спадчыну ад маці да дачкі, іх хавалі, як сямейную рэліквію. Таму, невыпадкова, яшчэ і цяпер можна знайсці ў старой бабулі ручнікі, якія ткала яе маці, бабуля, прабабуля. Як мастацкая рэч, ручнік – набожнік размаўляе з намі на мове вобразаў, таму з ручніком асацыіруюцца ўстойлівыя сімвалы – вобразы: ручнік-шлях, ручнік-повязь, ручнік-увасабленне дабра.

Вобраз ручніка-шляху нараджаўся ў прадзенні ніці, прадаўжаўся ў сувоі палатна і даўжыні ручніка, якая суадносілася з размахам рук, ростам чалавека, памерамі яго жылля. Ручнік у пахавальным абрадзе служыў шляхам для душ памерлых у іншы свет.

Вобраз ручніка-повязі сімвалізуе ў вясельных абрадах сувязь двух пачаткаў – мужчынскага і жаночага, дзвюх сем’яў, двух родаў, у памінальных абрадах – непарыўную сувзь паміж членамі роду.

Ручнік – увасабленне дабра. Ён выконваў свае засцерагальна-магічныя функцыі праз сімвалічныя якасці пражы і палатна. Ідэя ж дабратворнасці найбольш была ўвасоблена ў ручніках-абыдзённіках.

Вышывала маці… У руках,

Як вясёлкі, ніткі мільгалі.

Клаліся на белых  ручніках

Роднай нівы фарбы і адценні.

Расцвіталі ружы і ляны

У непаўторных веснавых узорах.

Упляталіся напевы, сны,

Промні сонца і далёкіх зорак.

Дочкі і сыны ў жыццёвы шлях

Гэты дар – благаславенне бралі,

У партызанскіх баравых лясах

Ручнікі на ранах абгаралі;

Тлелі пад сцягамі і дажджом

На магільным помніку Герою.

Сёння ў хатах многіх над Сажом

Зоры тыя зіхацяць зарою.

На далёкім полі цаліны

Выцірае хлопец твар спацелы,

За паўсвета ў свет,

Ручнікі, як птахі заляцелі.

Крылы льняныя…Ручнікі…

Ружы незавялыя і краскі…

Прыкладземся вільгаццю шчакі,

Быццам матчыну адчуем ласку.

Першы экскурсавод.

Людзі, ведайце:

Ручнік жыве!

Памятайце, людзі:

Ручнік хоча жыць!

Няхай спрадвечнае застаецца

Вечным!

Праходзяць гады, мяняюцца густы, на змену рукам чалавечым прыхозяць машыны, створаныя тымі ж рукамі…

Але пакуль побач з чалавекам будзе жыць пачуццё прыгожага, імкненне да натуральнага  будзе жыць ручнік, бо спрадвечнае застаецца вечным.

 

Урок у музеі

“Ой лянок, лянок мой чысты, валакністы, залацісты!”

Літаратурна-этнаграфічная гасцёўня

(5 клас)

Літаратурна-этнаграфічная гасцёўня “Ой лянок, лянок мой чысты, валакністы, залацісты!”, якая была праведзена ў этнаграфічным музеі “Спадчына”, пазнаёміла вучняў 5 класа (класны кіраўнік Яніна Яўгеньеўна Міхайлава) з прыладамі для апрацоўкі льну і паэтычнымі творамі, прысвечанымі цяжкай жаночай працы; садзейнічала выхаванню цікавасці да мінулага роднага краю, беларускай паэзіі, павазе да сялянскай працы, традыцый беларускага народа.

Кіраўнік музея Фаіна Стэфанаўна Войшніс пазнаёміла пяцікласнікаў з калаўротам, прасніцай, верацяном, церніцай, траплом, грэбенем, кудзелю на прасніцы, сукалам, саматканымі ручнікамі, абрусамі, ткацкім станком.

 Вучні чыталі  вершы М. Машары  і В. Вярбы “Ручнікі”, М. Танка “Расшытае крыжыкам”, В. Ракава “Неданошаныя кашулі”, Я. Крупенькі “Беляць палотны”, Д. Бічэль “Кросны”. Пад гучання беларускай народнай песні “Ох, і сеяла Ульяніца лянок” дзяўчынкі спявалі і танцавалі, імітуючы ўсе згаданыя  дзеянні.

Віды вышыўкі. Асаблівасці беларускай народнай вышыўкі. Вышыўка ў тэхніцы “Набор”

Урок працоўнага навучання

Яніна Мар’янаўна Анаровіч, настаўніца працоўнага навучання, пазнаёміла дзяўчынак з тэхнікай вышывання гладдзю, паўкрыжом і крыжом. Фаіна Стэфанаўна Войшніс, кіраўнік этнаграфічнага музея “Спадчына” правяла для пяцікласніц  у школьным музеі экскурсію “Вышыўка і ткацтва як від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва”.  Паведаміла вучаніцам пра спосабы вышыўкі, пра ролю вышыўкі ў жыцці нашых продкаў, пра  майстэрства мясцовых вышывальшчыц. Пазнаёміла з музейнымі вышыванкамі, сурвэткамі, ручнікамі, вышытым арнаментам на кашулях.

Урок-экскурсія садзейнічала выхаванню у дзяўчынак любові і павагі да свайго краю, народа, яго традыцый, промыслаў.

Пазнавальная экскурсія “Лепш нічога няма свайго роднага вугла”

Кіраўнік этнаграфічнага музея “Спадчына” Ф.С. Войшніс сумесна з  выхавальнікам інтэграванай групы навучання і выхаванн Л. І. Глушэнь правялі з выхаванцамі пазнавальную экскурсію “Няма нічога мілей свайго роднага вугла”. Гэтая экскурсія прывабіла дашкольнікаў цікавай экспазіцыяй, магчымасцю пагуляць з экспанатамі.

Перад наведваннем музея дашкольнікі пазнаёміліся з ілюстраваным матэрыялам з папкі “З куфэрка бабулі”, створанай Людмілай Іосіфаўнай Глушэнь паводле часопіса “Вясёлка” (“музей Вясёлкі”).

Фаіна Стэфанаўна апавядала дзецям пра жыццё беларусаў у пачатку ХХ стагоддзя, знаёміла з інтэр’ерам сялянскай хаты, асноўнымі прадметамі вясковага побыту, з прадметамі гаспадара, гаспадыні, з ткацкімі прыладамі і вырабамі. Дзеці гулялі ў гульню “Хустачка”, адгадвалі загадкі, спявалі беларускую народную песню-танец “Бульба”, называлі прыказкі і прымаўкі, расказалі верш “Я люблю сваю хату”.

Пазнавальная экскурсія ўзбагаціла слоўнік дзяцей на аснове паглыблення ведаў пра прадметы і з’явы навакольнага свету; далучыла іх да багацця беларускай мовы праз малыя жанры (гульні, загадкі, прыказкі і прымаўкі, песні); садзейнічала выхаванню павагі да гістарычнага мінулага сваёй краіны, цікавасці да нацыянальных і агульначалавечых каштоўнасцей.

Загадкі ў музейных прадметах

Гульня-спаборніцтва

З выхаванцамі ГПД №1 (выхавальнік Р.І. Чапля) кіраўніком этнаграфічнага музея “Спадчына” Фаінай Стэфанаўнай Войшніс праведзена гульня-спаборніцтва “Загадкі ў музейных прадметах”. Для гульні выкарыстоўваліся экспанаты. Каманды “Верасок” і “Васілёк” заўзята адгадвалі, што знаходзіцца ў “чароўным” кошыку, падбіралі прыладу, знаходзілі адгадкі сярод экспанатаў музея, разгадвалі загадкі-пытанні, загадкі-жарты, загадкі-задачы. Яны ўдзельнічалі ў гульні “Забі гол”.

Каштоўнасць загадкі ў тым, што яна ў высокапаэтычнай форме адлюстравала гаспадарчую і працоўную дзейнасць чалавека, яго жыццёвы вопыт. Гэта сродак забавы і пацехі для дзяцей.

Гульня вучням спабалася. Яны былі актыўныя, кемлівыя, назіральныя, разважлівыя. 

Top.Mail.Ru google-site-verification=qdfyVLnF0XqW4z_zbAcUO5CPzEfFXwZG8ruI7E8EvsA google-site-verification: google6c9153f8f6561b92.html