Экскурсія “МАТУЛІН РУЧНІК”
Войшніс Ф.С., кіраўнік этнаграфічнага музея “Спадчына”
Мэта:
-знаёмства з беларускім ручніком як прыкладам высокамастацкай тканіны;
-выяўленне асаблівасцей беларускага ручніка;
-знаёмства з тэхналогіяй вырабу, прызначэннем ручніка;
- выхаванне і стымуляванне цікавасці і павагі да культурных здабыткаў свайго народа;
- садзейнічаць выхаванню эстэтычнага густу.
Абсталяванне: у этнаграфічным музеі “Спадчына”арганізавана выстава, дзе развешаны розныя віды ручнікоў: ручнікі-ўціральнікі, ручнікі-трапкачы, ручнікі-набожнікі (пакутнікі, набожныя платкі), ручнікі-абыдзённікі, вясёлыя ручнікі…
Першы экскурсавод.
Мамін ручнік –
Белая дарога ў вечнасць.
Усё яго жыццё – натканае падзеямі.
Усе яе надзеі – пабітыя градам болю.
Увесь яе боль – падшэрхлая скарынка цярпення.
Усё яе цярпенне – крона магутнага радаводнага дрэва.
Трымаю аберуч святыню –
Мамай сатканы ручнік
З кутасамі падзеі і веры – і не веру,
Што некалі гэтае сонейка зойдзе.
Н. Загорская “Мамін ручнік.”
Якія трывожныя думкі! Якая жальба! Якія хвалюючыя і балючыя радкі! Чаму так маркоціца і засмучаецца Ніна Загорская, аўтар верша, калі ўзгадвае ручнік? Чаму гэты смутак перадаецца і нам? Паспрабуем адказаць на гэтыя пытанні.
Ручнік – гэта прадаўгаваты кавалак тканіны абрадавага дэкаратыўнага і ўтылітарнага прызначэня (паказвае). Шырыня яго звычайна 25-45 см, даўжыня 1-3 м. На Беларусі вядомы з глыбокай старажытнасці, з часоў з’яўлення ткацтва.
Ручнікі ткалі на кроснах (паказвае кросны) – ткацтва на кроснах пашыралася з ХІ – ХІІІ ст. – з ільняных, баваўняных нітак, аздаблялі ўзорыстым натыканнем, вышыўкай, вязанымі і плеценымі карункамі, прошвамі, махрамі. У нашай мясцовасці ручнікі ткалі шэрыя, бялюткія з вышываным узорам да карункамі.
Ва ўзоры ручніка заўсёды пераважаў ромб. Асаблівай папулярнасцю карысталіся грабеньчатыя ромбы з падоўжанымі канцамі, запоўненыя разеткамі ці крыжамі.
Для арнаменту характэрны прамалінейнасць абрысаў даволі буйных матываў, прастата і яснасць узораў, спакойны рытм чаргавання аднародных элементаў, сіметрыя малюнка. Значэнне матываў звязана з такімі спрадвечнымі паняццямі, як дабро, святло, жыццё, урадлівасць. Яны ўспрымаюцца таксама як знакі сонца, агню, зямлі, неба, вады, свету.
Кідаецца ў вочы неадназначнасць матываў. Канкрэтная сімволіка залежыць ад месца матыву ў кампазіцыі, ад таго, выступае ён адзінкавай фігурай ці элементам арнаменту. Невыпадковым з’яўляецца існаванне своеасаблівых сувязей паміж матывамі (паказвае). Яно праяўляецца ў тым, што контуры адной фігуры з’яўляюцца адначасова контурамі другой, а ў адным малюнку наслайваецца некалькі розных па масштабу фігур, якія захоўваюць адзін цэнтр ці паралельнасць ліній.
Такім чынам, беларускі ручнік у лепшых сваіх узорах дае прыклад высокамастацкай тканіны, ярка выяўленым характарам аздаблення (паказвае). Своеасаблівасць яго – у выкарыстанні льняных нітак для фонавага палатна і баваўняных нітак для ўзорыстага ўтка, у чырвонай аднаколернасці ўзораў, хаця і адцененых часам невялікай колькасцю сіняга, пазней чорнага тону.
Калісьці ўбілі нам у галовы, што лён – гэта ад беднасці, бо і сапраўды беларусы ўсё сваё жыццё хадзілі ў палатняным адзенні.
А вось у Старажытным Рыме амаль такія ж абрусы, як нашы продкі засцілалі на стол кожны дзень, былі прыкметай раскошы. Ці не таму, што здалёк, мо з-пад самага Нёмана, прывозілі?
Другі экскурсавод. А ці вядома вам, што палатняныя латы, якія не прабівала нават страла, насілі воіны персідскага цара Ксеркса… І на нашай зямлі быў калісь лён адной з самых шанаваных раслін, бо апранаў, і карміў (паказвае лён). Беларускія жанчыны падчас трох найважнейшых паганскіх святаў, што спраўляліся ў зімовы і летні сонцавароты ды на вясновае раўнадзенства, звярталіся да магічных дзеянняў, каб вырас добры лён. На Масленіцу спецыяльна ездзілі як мага далей на санях, каб лён быў доўгі. А на Купалле дзяўчаты і маладзіцы кідалі ў вогнішча бярозавыя галінкі ды прыгаворвалі: “Каб мой лён быў такі ж вялікі, як гэтая бярэзінка”. А ўжо працы беларускія жанчыны не шкадавалі.
Сапраўдны ручнік – гэта не проста кавалачак тканіны, якім выціраюць твар і рукі. На Беларусі шмат звычаяў, звязаных з выкарыстаннем ручнікоў. На ручніку падносяць хлеб-соль, калі вітаюць дарагіх гасцей, таму што ручнік – гэта сімвал чысціні, цяпла беларускай зямлі і роднай хаты.
Сцежкамі ў полі ўздоўж дарожных даляў
Вышытыя розна ручнікі ляжалі,
Белыя, даўгія, гэтак у час мяцелі
Студзень каля хатаў чысты снег насцеле
Па канцах карункі тонкім павуціннем,
Альбо пераплётам фрэндзлі зіхацелі.
У покуці павесіць, на абраз у хату,
Альбо перакінуць цераз плечы свату.
Ручніка такога не ўстыдно дзяўчыне,
Значна, з працавітых, калі поўна скрыня… Л. Геніюш “Куфар”.
Вось гляджу я на гэтыя ручнікі і думаю: служаць яны нам усё жыццё, а потым яшчэ і ў апошні шлях праводзяць.
Так, ручнікі выкарыстоўваюць і ў жалобнай абраднасці. На Віцебшчыне, напрыклад, калі цела нябожчыка ўжо ляжала ў труне на кутнім месцы, за акном, пры якім стаяла труна, вывешваўся ручнік – і ў знак жалобы, і для “патрэбаў” нябожчыка, які можа вярнуцца ў пакінутую хату.
А ў Гомельскай вобласці на акно ставілі шклянку з вадой і вешалі ручнік, каб душа нябожчыка магла памыцца і з’явіцца на той свет чыстай.
Ручнік ўжываўся і для ўшанавання духаў продкаў на Дзяды. На Магілёўшчыне, напрыклад, у гэты дзень пасля вячэры на канец стала клалі ручнік і ставілі кубак з вадой. На стале пакідалі поўную чарку і вячэру. Людзі верылі, што “дзяды” прыйдуць уначы на вячэру і будуць мыць рукі.
На Палессі здаўна абвязваюць ручнікамі надмагільныя крыжы. На ручніках апускалі труну ў магілу.
Ручнікі – ўціральнікі (паказвае) служылі для бытавых патрэб, у ручніках – трапкачах насілі абед ў поле.
Да пачатку ХХ ст. ручнікі шырока выкарыстоўваліся ў дэкаратыўных і абрадавых мэтах. Ручнікамі-набожнікамі прыбіралі абразы (паказвае).
У часы засухі, войнаў, эпідэмій жанчыны адной вёскі за дзень ці ноч ткалі ручнік – абыдзённік (паказвае), які вешалі на прыдарожны крыж, абносілі вакол вёскі, праганялі па ім хатнюю жывёлу.
Ручнікі былі абавязковым атрыбутам у радзінных абрадах. На ручніку з тонкай кудзелі або з танюткай палатнянай тканіны нашы продкі калісьці прымалі нованароджанае дзіця. Калыску падвешвалі да бэлькі таксама на вузкім ручніку ці на тканым паяску (паказвае).
А дзяўчаты дарылі вышываныя ручнікі хлопцам, якіх праводзілі ў войска, каб не забыліся на дом, успаміналі (паказвае).
Трэці экскурсавод. Дзяўчынкі з маленства ўмелі прасці, ткаць кросны, самі гатавалі сабе пасаг, у якім галоўнае места адводзілася ручнікам. Бяручы шлюб, маладыя, як правіла, стаялі на ўзорным ручніку. Адыходзячы ад аналоя, нявеста старалася пацягнуць за сабой і ручнік. Гэта рабілася для таго, каб сяброўкі цягнуліся за ёй – хутчэй выходзілі замуж. Ручнікамі ўпрыгожвалі рамкі з фотаздымкамі, вешалі на сцены падчас вяселля. А лаўкі засцілалі, каб прыгожа было ды каб гасцям зручна было сядзець.
Вясельны каравай ставілі на вышываны ручнік (паказвае).
Ручніком карысталіся і ў іншыя моманты вясельнага абраду: ім звязвалі нявесту і жаніха на вянчанні, а таксама падчас пераезду да жаніха. Гэта сімвалізавала адзінства маладых. Ручнікамі перавязвалі цераз плячо свата.
Ужываўся ручнік і для абгортвання рук. Маладых урачыста вялі ручніком вакол стала, заводзілі за стол. Такім жа чынам маладога і нявесту ўводзілі ў царкву ці ў касцёл.
Кульмінацыйны момант вяселля – прыезд павянчаных да хаты маладога – суправаджаўся своеасаблівай выставай пасагу нявесты: ручнікоў, абрусаў, посцілак. Госці прыдзірліва ацэньвалі іх колькасць і якасць, багацце вышыўкі, карункаў.
Ручнікамі маладзіца ўпрыгожвала хату на свой густ. Часам жаніх загадзя майстраваў спецыяльны вяшак пад ручнік, ведаючы, што бярэ дзяўчыну з пасагам. Ручнікі пацвярджалі, што маладая ўмее добра ткаць, а значыць, зможа апрануць сям’ю. Дарэнне ручнікоў заўсёды суправаджалася песнямі. Але ручнікі дарылі не ўсім сваякам жаніха, а пераважна мужчынам: мададому, яго бацьку, свату і яго памочніку, дружыне маладога. Вясельныя ручнікі перадаваліся ў спадчыну ад маці да дачкі, іх хавалі, як сямейную рэліквію. Таму, невыпадкова, яшчэ і цяпер можна знайсці ў старой бабулі ручнікі, якія ткала яе маці, бабуля, прабабуля. Як мастацкая рэч, ручнік – набожнік размаўляе з намі на мове вобразаў, таму з ручніком асацыіруюцца ўстойлівыя сімвалы – вобразы: ручнік-шлях, ручнік-повязь, ручнік-увасабленне дабра.
Вобраз ручніка-шляху нараджаўся ў прадзенні ніці, прадаўжаўся ў сувоі палатна і даўжыні ручніка, якая суадносілася з размахам рук, ростам чалавека, памерамі яго жылля. Ручнік у пахавальным абрадзе служыў шляхам для душ памерлых у іншы свет.
Вобраз ручніка-повязі сімвалізуе ў вясельных абрадах сувязь двух пачаткаў – мужчынскага і жаночага, дзвюх сем’яў, двух родаў, у памінальных абрадах – непарыўную сувзь паміж членамі роду.
Ручнік – увасабленне дабра. Ён выконваў свае засцерагальна-магічныя функцыі праз сімвалічныя якасці пражы і палатна. Ідэя ж дабратворнасці найбольш была ўвасоблена ў ручніках-абыдзённіках.
Вышывала маці… У руках,
Як вясёлкі, ніткі мільгалі.
Клаліся на белых ручніках
Роднай нівы фарбы і адценні.
Расцвіталі ружы і ляны
У непаўторных веснавых узорах.
Упляталіся напевы, сны,
Промні сонца і далёкіх зорак.
Дочкі і сыны ў жыццёвы шлях
Гэты дар – благаславенне бралі,
У партызанскіх баравых лясах
Ручнікі на ранах абгаралі;
Тлелі пад сцягамі і дажджом
На магільным помніку Герою.
Сёння ў хатах многіх над Сажом
Зоры тыя зіхацяць зарою.
На далёкім полі цаліны
Выцірае хлопец твар спацелы,
За паўсвета ў свет,
Ручнікі, як птахі заляцелі.
Крылы льняныя…Ручнікі…
Ружы незавялыя і краскі…
Прыкладземся вільгаццю шчакі,
Быццам матчыну адчуем ласку.
Першы экскурсавод.
Людзі, ведайце:
Ручнік жыве!
Памятайце, людзі:
Ручнік хоча жыць!
Няхай спрадвечнае застаецца
Вечным!
Праходзяць гады, мяняюцца густы, на змену рукам чалавечым прыхозяць машыны, створаныя тымі ж рукамі…
Але пакуль побач з чалавекам будзе жыць пачуццё прыгожага, імкненне да натуральнага будзе жыць ручнік, бо спрадвечнае застаецца вечным.