Top.Mail.Ru

 

                 Заняткі

Занятак “Жніўны абрадава-гульнёвы і святочна-ўраджайны комплексы”

 Войшніс Ф.С., кіраўнік этнаграфічнага

                    музея “Спадчына”

 

Мэта: пазнаёміць выхаванцаў са жніўна абрадава-гульнёвым і святочна-ўраджайным комплексе 

Задачы:

- узнавіць і пашырыць веды пра традыцыйныя беларускія святы і абрады, звязаныя са жнівом;

- навучыць адрозніваць асаблівасці абрадаў Зажынак і Дажынак, свята Багач;

- далучыць школьнікаў да тысячагадовай  традыцыі народа;

- развіваць аналітычнае мысленне школьнікаў;

- садзейнічаць выхаванню цікавасці да народных святаў і абрадаў, а таксама імкненне захоўваць спадчыну.

Атрыбуты: калоссе, лубок, ручнік, фартухі, стол, талерка, збожжа.

Музычнае суправаджэнне: песні “Мой родны кут”, “Беларуская полька”, “Полька-весялуха” (муз. І. Лучанка), народныя песні.

 Абсталяванне. Выстава кніг “Летнія і восеньскія святы”, “Традыцыйная мастацкая культура беларусаў”, “Жывая крыніца”, “Народная спадчына”, “Зборнік беларускага фальклору”, “Беларускія народныя абрады”, матэрыялы з інтэрнэт-рэсурсаў пра Зажынкі, Дажынкі, Багач.

Занятак праведзены ў школьным гісторыка-этнаграфічным музеі “Спадчына”.

Ход занятку

І. Арганізацыйны момант

(Гучыць  мелодыя песні  “Мой родны кут”(муз. І. Лучанка,  сл. Я. Коласа)

Педагог. Добры дзень, мае даражэнькія. Сёння ў нас  незвычайны занятак. Мы з адправімся падарожнічаць у краіну святаў і абрадаў, звязаных са жнівом.

ІІ. Уводзіны

Педагог. Для кожнага чалавека  Радзіма пачынаецца з таго месца, дзе ён  нарадзіўся і вырас, дзе жыве і вучыцца, дзе працуюць яго бацькі, родзічы. Наша Радзіма – Рэспубліка Беларусь, малая радзіма – аграгарадок  Забалаць. Усё, што мы вывучаем, гэта і ёсць ваш уклад у моц нашай Радзімы. Як вы лічыце, чаму? (Беларусі патрэбны адукаваныя людзі.)

 Кожны павінен любіць свой край, бо чалавек, які  любіць зямлю, на якой жыве, робіцца моцным і мудрым. У нашых продкаў было шмат святаў, звязаных з важнымі падзеямі ў жыцці чалавека. Яны паўтараліся з году ў год і былі  падпарадкаваныя гадавому вітку Зямлі вакол Сонца, якое давала веснавы росквіт прыродзе і замарожвала яго надоўга восенню, каб адрадзіць  наступнай вясной. Так утварылася кола святаў і абрадаў беларускага народа. Давайце звернемся да дошкі, на якой прымацавана схема “Кола свят”. Успомнім,  якія святы і абрады мы ведаем (Адказы выхаванцаў. Зімовыя: Каляды, Шчодры вечар (Стары Новы год), Грамніцы (Стрэчанне), Масленіца.  Вясновыя:Гуканне вясны, Саракі,Вербная нядзеля (Вербніца) Вялікдзень, Юр’я, Радаўніца, Сёмуха. Летнія: Купалле, Ілля, Зажынкі, Дажынкі.Восеньскія: Багач, Пакровы, Дзяды.) Пра гэтыя святы і абрады больш падрабязна вы можаце даведацца з кніг (знаёмства з выставай кніг), з інтэрнэт-рэсурсаў.

 ІІІ.Тлумачэнне новага матэрыялу.

1. Педагог. Сёння ў нас будзе ісці гутарка толькі пра святы і абрады, звязаныя са жнівом. Як вы лічыце, якія гэта святы і абрады? (Адказы выхаванцаў. Зажынкі, Дажынкі, Багач.)

З 12 ліпеня па 27 верасня беларусы святкуюць “Жніво” – самы працяглы комплекс рытуалаў, ад Зажынак да Дажынак.

2. Паведамленне пра дзеянні, якія папярэднічаюць жніву.

3. Гутарка (вучні адказваюць на пытанні пра Зажынкі).

- Якая праца складала падрыхтоўку да зажынак?

- Які абрад выконвалі перад Зажынкамі?

- У які дзень тыдня іх праводзілі?

- Як выглядалі жнеі ў першы дзень працы?

- Што яны бралі з сабою ў поле? Для чаго?

- Як беларусы называлі першы зжаты сноп?

- Які абрад звязваўся з ім?

- Якія песні спявалі ў час жніва?

4. Педагог. Дажынкі ўвасобілі імкненне чалавека магічна паўздзейнічаць на ніву, заклікаць яе пладавітасць, забяспечыць у будучым плён працы па збору ўраджаю.

5. Звесткі спецыяльна падрыхтаванага выхаванца пра абрад Дажынак на Беларусі (абрады, звязаныя з дажынкавым снапом, абрад “Багіня”, дажынкавае свята – свята ўраджаю).

6. Педагог. Звярніце ўвагу на старажытны ўзор вышыванкі “Жытняя баба”, паспрабуйце намаляваць і расфарбаваць яе (праца ў групах).

Малайцы, добра справіліся з заданнем. Скажыце і пакажыце, на чым такі арнамент мы бачым у нашым школьным музеі? (Вучні паведамляюць і паказваюць арнамент на ручніках, на беларускім народным адзенні).

ІV. Фізкультхвілінка.

Гульня “Калоссе”. На падлозе раскінуты каласы. Выклікаюцца 4 дзяўчынкі, якім завязваюць вочы. З завязанымі вачыма яны павінны сабраць “ураджай”. Гульня праводзіцца пад “Польку-весялуху”.

V. Свята Багач.

 Педагог.Вось і жыта пажалі, каласкі пазбіралі і прыйшло на нашу нівачку  добрае свята Багач.

1. Інсцэніроўка свята “Багач” (сімвал свята Багач,  абрад сустрэчы “багача”, традыцыйнае застолле).

Дзяўчынкі, якія “збіралі” ўраджай, упрыгожваюць калоссем абраз.

2. Гульня “Каравай” (гучыць мелодыя песні “Таўкачыкі”). Зараз будзем пячы пірог (імітацыя рухаў). Паднімаемся з месца і рыхтуем стол для выпечкі цеста.  Апранулі фартух. Засучылі рукавы, у вялікую міску высыпалі муку. Месім і раскатваем цеста. Лепім пірог. Ставім у печ. Дастаем з печы. Кладзем на ручнік. Малайцы! Якія прыгожыя і смачныя караваі атрымаліся.

3. Якое ты, свята Багач? Дапішыце  назоўнікі і прыметнікі насупраць кожнай літары, якія характарызуюць свята. Напрыклад, Б – багацце, багач.

А – адзінае, адметнае;

Г – гістарычнае, гарачая пара; 

А – адмысловае;

Ч – чароўная пара, чарадзейнае.

. Замацаванне

Чаму мы сёння навучыліся? (Адказы выхаванцаў.)

4. Разгадайце крыжаванку. Вызначце назву аднаго з галоўных  восеньскіх свят.

 Па гарызанталі: 1. Назва першага месяца восені. (Верасень.) 2. Як называецца свята, якое адзначаюць, калі на полі дажаты апошні сноп? (Багач.) 3. Назва свята збору ўраджаю. (Жніво.) 4. Дзе “абнаўлялі вогнішча” ў хаце падчас святкавання Багача? (Печ.)

Па вертыкалі:1. З якога зерня хлеб пякуць? ( З жыта.). 2. Куды кожны гаспадар адсыпаў жменьку зерня, калі рабілі “багач”? (Лубок.). 3. Што абнаўляў у печы гаспадар? (Вогнішча.) 4. “Ой, якая багатая восень! Усё ў яе ўдалося! Жыта ў трубу павялося, а авёс як тын прарос! А ячмень палез на пляцень. А пшаніца – як брусніца, а якое зерне, як кветка” (Грэчка.) 5. Самае галоўнае багацце ў гаспадара (Хлеб.)

VІІ.Рэфлексія.   

Ціха гучыць мелодыя песні “Мой родны кут…” (сл. Я. Коласа, муз. І. Лучанка).

Заключнае слова педагога (на фоне музыкі).

Вось і завяршылася наша падарожжа ў краіну абрадаў і святаў, звязаных са жнівом.У будучым мы будзем знаёміцца з асаблівасцямі   зімовых, веснавых, летніх абрадаў і святаў, з народнымі гульнямі, якія праводзіліся на ўрачыстасцях. Не забывайце сваю спадчыну, дзеці. Любіце, як матулю, сваю малую радзіму. Памятайце пра сваіх продкаў, родзічаў, землякоў.

 

 

Экскурсіі

 

Экскурсія “Матулін ручнік”
2022-10-09 20:55 Экскурсія “МАТУЛІН РУЧНІК” Войшніс Ф.С., кіраўнік этнаграфічнага музея “Спадчына” Мэта: -знаёмства з беларускім ручніком як прыкладам высокамастацкай тканіны; -выяўленне асаблівасцей беларускага ...
Экскурсія “Мне выпала шчасце тут нарадзіцца…”
2021-12-10 22:01  Экскурсія “Мне выпала шчасце тут нарадзіцца…”  (віртуальная экскурсія па аграгарадку Забалаць)   Войшніс Ф.С., кіраўнік этнаграфічнага музея “Спадчына” Міхайлава Я.Я., класны кіраўнік  11 класа ...

Урок у музеі

“Ой лянок, лянок мой чысты, валакністы, залацісты!”

Літаратурна-этнаграфічная гасцёўня

(5 клас)

Літаратурна-этнаграфічная гасцёўня “Ой лянок, лянок мой чысты, валакністы, залацісты!”, якая была праведзена ў этнаграфічным музеі “Спадчына”, пазнаёміла вучняў 5 класа (класны кіраўнік Яніна Яўгеньеўна Міхайлава) з прыладамі для апрацоўкі льну і паэтычнымі творамі, прысвечанымі цяжкай жаночай працы; садзейнічала выхаванню цікавасці да мінулага роднага краю, беларускай паэзіі, павазе да сялянскай працы, традыцый беларускага народа.

Кіраўнік музея Фаіна Стэфанаўна Войшніс пазнаёміла пяцікласнікаў з калаўротам, прасніцай, верацяном, церніцай, траплом, грэбенем, кудзелю на прасніцы, сукалам, саматканымі ручнікамі, абрусамі, ткацкім станком.

 Вучні чыталі  вершы М. Машары  і В. Вярбы “Ручнікі”, М. Танка “Расшытае крыжыкам”, В. Ракава “Неданошаныя кашулі”, Я. Крупенькі “Беляць палотны”, Д. Бічэль “Кросны”. Пад гучання беларускай народнай песні “Ох, і сеяла Ульяніца лянок” дзяўчынкі спявалі і танцавалі, імітуючы ўсе згаданыя  дзеянні.

Віды вышыўкі. Асаблівасці беларускай народнай вышыўкі. Вышыўка ў тэхніцы “Набор”

Урок працоўнага навучання

Яніна Мар’янаўна Анаровіч, настаўніца працоўнага навучання, пазнаёміла дзяўчынак з тэхнікай вышывання гладдзю, паўкрыжом і крыжом. Фаіна Стэфанаўна Войшніс, кіраўнік этнаграфічнага музея “Спадчына” правяла для пяцікласніц  у школьным музеі экскурсію “Вышыўка і ткацтва як від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва”.  Паведаміла вучаніцам пра спосабы вышыўкі, пра ролю вышыўкі ў жыцці нашых продкаў, пра  майстэрства мясцовых вышывальшчыц. Пазнаёміла з музейнымі вышыванкамі, сурвэткамі, ручнікамі, вышытым арнаментам на кашулях.

Урок-экскурсія садзейнічала выхаванню у дзяўчынак любові і павагі да свайго краю, народа, яго традыцый, промыслаў.

Пазнавальная экскурсія “Лепш нічога няма свайго роднага вугла”

Кіраўнік этнаграфічнага музея “Спадчына” Ф.С. Войшніс сумесна з  выхавальнікам інтэграванай групы навучання і выхаванн Л. І. Глушэнь правялі з выхаванцамі пазнавальную экскурсію “Няма нічога мілей свайго роднага вугла”. Гэтая экскурсія прывабіла дашкольнікаў цікавай экспазіцыяй, магчымасцю пагуляць з экспанатамі.

Перад наведваннем музея дашкольнікі пазнаёміліся з ілюстраваным матэрыялам з папкі “З куфэрка бабулі”, створанай Людмілай Іосіфаўнай Глушэнь паводле часопіса “Вясёлка” (“музей Вясёлкі”).

Фаіна Стэфанаўна апавядала дзецям пра жыццё беларусаў у пачатку ХХ стагоддзя, знаёміла з інтэр’ерам сялянскай хаты, асноўнымі прадметамі вясковага побыту, з прадметамі гаспадара, гаспадыні, з ткацкімі прыладамі і вырабамі. Дзеці гулялі ў гульню “Хустачка”, адгадвалі загадкі, спявалі беларускую народную песню-танец “Бульба”, называлі прыказкі і прымаўкі, расказалі верш “Я люблю сваю хату”.

Пазнавальная экскурсія ўзбагаціла слоўнік дзяцей на аснове паглыблення ведаў пра прадметы і з’явы навакольнага свету; далучыла іх да багацця беларускай мовы праз малыя жанры (гульні, загадкі, прыказкі і прымаўкі, песні); садзейнічала выхаванню павагі да гістарычнага мінулага сваёй краіны, цікавасці да нацыянальных і агульначалавечых каштоўнасцей.

Загадкі ў музейных прадметах

Гульня-спаборніцтва

З выхаванцамі ГПД №1 (выхавальнік Р.І. Чапля) кіраўніком этнаграфічнага музея “Спадчына” Фаінай Стэфанаўнай Войшніс праведзена гульня-спаборніцтва “Загадкі ў музейных прадметах”. Для гульні выкарыстоўваліся экспанаты. Каманды “Верасок” і “Васілёк” заўзята адгадвалі, што знаходзіцца ў “чароўным” кошыку, падбіралі прыладу, знаходзілі адгадкі сярод экспанатаў музея, разгадвалі загадкі-пытанні, загадкі-жарты, загадкі-задачы. Яны ўдзельнічалі ў гульні “Забі гол”.

Каштоўнасць загадкі ў тым, што яна ў высокапаэтычнай форме адлюстравала гаспадарчую і працоўную дзейнасць чалавека, яго жыццёвы вопыт. Гэта сродак забавы і пацехі для дзяцей.

Гульня вучням спабалася. Яны былі актыўныя, кемлівыя, назіральныя, разважлівыя. 

Top.Mail.Ru google-site-verification=qdfyVLnF0XqW4z_zbAcUO5CPzEfFXwZG8ruI7E8EvsA google-site-verification: google6c9153f8f6561b92.html