Top.Mail.Ru

 

                 Заняткі

Гасцёўня “Славутыя людзі Забалаччыны”

 

Усё пакінуць след павінна,

Бо, як пачаўся белы свет,

Прамень, пясчынка і расінка

Нязменна пакідаюць след

                               П. Броўка

Мэты і задачы: дапамагчы вучням зразумець вытокі мужнасці беларускага народа, выдатны подзвіг людзей, у тым ліку і моладзі ў цяжкія гадзіны Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны час; вучыць дзяцей самастойна мысліць, выказваць стаўленне да роднай вёскі; садзейнічаць  выхаванню пачуцця  гонару за сваю малую радзіму, выклікаць пачуццё павагі да славутых землякоў.

Форма правядзення: гады і людзі.

Абсталяванне і афармленне: фанаграма песні "Священная война" Лебедзева- Кумача, песня "Мой родны кут..." на словы Я.Коласа, музыка І.Лучанка, “Лясная песня”, словы Адама Русака, музыка У.Алоўнікава, камп'ютар, мультымедыйны праектар, карта памятных мясцін Вялікай Айчыннай вайны (Гродзенская вобласць).

Гучыць песня"Мой родны кут..." на словы Я. Коласа,музыка І.Лучанка

Дэманструюцца на экране фотаздымкі аграгарадка Забалаць. Вучань чытае ўрывак з верша "Забалоцце, маё Забалоцце… " А. Кавалевіча.

Забалоцце маё, Забалоцце –

Нашы светлыя мары на ўзлёце,

Нерашучыя першыя крокі

І сягонняшняй явы вытокі.

Кіраўнік па  ваенна-патрыятычным выхаванні (ВПВ). Маленькай зорачкай свеціцца на карце наша родная вёска (аграгарадок) Забалаць, невялікі куток Беларусі, мілыя сэрцу мясціны. Вёска Забалаць мае сваё сталае аблічча, бо існуе ўжо многа гадоў, з канца XIV стагоддзя.

Прываблівае сябе шырокая вуліца Наберажная, якая працягнулася ўздоўж вялікага возера, дзе купаюцца, загараюць, вудзяць рыбу. Тут узвышаюцца двухпавярховыя катэджы.

На вуліцы Маладзёжнай  пабудаваны аднолькавыя сучасныя домікі з гаспадарчымі пабудовамі.

Тут, у вёсцы, навек парадніліся вясковыя хаты і шматпавярховыя дамы, бо Забалаць расце і развіваецца з кожным днем.

Дом культуры, адміністрацыйны трохпавярховы будынак сельсавета, участковая бальніца, пагранічны пост, заправачная станцыя,кафэ “У пана Тадэвуша”.

На цэнтральнай вуліцы Савецкай – прыгожая абноўленая тыповая трохпавярховая школа з фізкультурнай залай, прасторнай сталовай, бібліятэкай, якая з 1 верасня 2022 г. мае назву Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Забалацкая сярэдняя школа імя Я.Н. Карпянкова”.

З 2006 г. пачалося пераўтварэнне вёскі ў аграгарадок. Пабудавалі новыя дамы: двухпавярховыя шматкватэрныя катэджы.

Побач з сучаснымі магазінамі, размешчаны павільён “Вольга”,  “Еўраопт”.

Упрыгожвае вёску святыня – сімвал веры, надзеі, месца ачышчэння чалавека. Гэта касцёл Святой Троіцы.

Самае вялікае багацце малой радзімы – гэта яе жыхары, людзі добрыя, шчодрыя, працавітыя.

 Літаральна па кавалкахскладаем мы зараз для сябепартрэтытыхлюдзей, якіяпраславілінашымясціны. Гэтыялюдзі, не шкадуючысябе, і ў гады ліхалецця, і ўмірны час думаліпраАйчыну, думаліпра свой народ. На жаль, імёныіх усёчасцей і часцейзнікаюць у цемрыгадоў.

Сёння мы пагаворым пра людзей, нашых землякоў, якія пакінулі след на роднай зямлі. Пад словам “след на зямлі” мы разумеем не адбітак босай нагі на мокрым пяску і не помнік на могілках, а пэўныя ўчынкі, справы чалавека, па якіх яго маглі б помніць.

Тэма гасцёўні “Славутыя людзі Забалаччыны”(дэманструецца слайд).

Кіраўнік па ВПВ. Якія задачы мы павінны вырашыць? (Вучні фармулююць задачы гасцёўні. Настаўнік іх удакладняе, дэманструючы наступны слайд.)

Задачы:

  • Пазнаёміцца са славутымі людзьмі Забалаці, удзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны, будаўнікамі новага жыцця ў пасляваенны час, перадавікамі вытворчасці.
  • Усвядоміць вытокі мужнасці беларускага народа, выдатны подзвіг людзей, у тым ліку і моладзі ў цяжкія гадзіны Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны час.

Дэманструецца слайд з выявай плаката  “Родина-мать зовёт!”

Гучыць песня "Священная война" Лебедзева –Кумача.

Кіраўнік ВПВ.Трагедыя напаткала нашу малую радзіму ў 1941 годзе. Трагедыя, якую ўтварыла не стыхія, а нелюдзі-фашысты.

Першы чытальнік.

Зямля мая бой прымала,

 ад стара да мала,

 ад стогадовага Талаша

 да Казея-малыша.

I падаў, распасцёрты,

Кожны чацвёрты.

А. Вярцінскі

Кіраўнік ВПВ.У час Вялікай Айчыннай вайны загінуў кожны трэці беларус.  На фронт з нашай мясцовасці прызвалі 68 чалавек. Сярод іхБраніслаў АдольфавічАдамовіч, Іосіф ІванавічАрабковіч,Станіслаў ІосіфавічАсіповіч, Ядвіга ІосіфаўнаБугарэўская, Мечыслаў СтаніслававічБугарэўскі,  Мікалай МіхайлавічГойда, Пётр АдамавічГрэбень, Іван АдамавічКашлей, Станіслаў АдольфавічКашлей, Юзэф АдольфавічКашлей, Іосіф МікалаевічКозіч, Сяргей КанстанцінавічКонан, Баляслаў  БаляслававічНаркун, Вацлаў АнтонавічНовік,  Станіслаў ІосіфавічПаўловіч, Станіслаў МіхайлавічПаўловіч, Эдвард КанстанцінавічРыдван, Антон Міронавіч Янкоўскі і іншыя.

Не вярнуліся з вайны восем землякоў. Яны аддалі сваё жыццё за наша светлае будучае, за мірнае неба над намі. Чацвёра з іх прапалі без вестак (дэманстрацыя на слайдзе).Яны – заслужаныя героі, з’яўляюцца вялікім скарбам народа.

Другі чытальнік.

                                       Зямля! Не ведала ты,мусіць,

Такіх пакут паміж вякоў –

Ах, колькі легла ў Беларусі

Яе дачок, яе сыноў.

                           П. Броўка

Кіраўнік  ВПВ.З кожным годам ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны становіцца ўсё менш і менш. Адзіны жывы ветэран Вялікай Айчыннай вайны ў Воранаўскім раёне Вера Філіпаўна Цімафеева, якой 12 мая 2023 года споўнілася 100 гадоў.

Дэманструюцца слайды з фотаздымкамі землякоў-ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.

Трэці чытальнік.

Девушкам в шинелях и пилотках

Поклонитесь низко, до земли

Хоть они прошли войну в обмотках,

Но добыть Победу помогли.

Т.Бобина

Кіраўнік ВПВ. Гэтыя словы былі напісаны Таццянай Кузьмінічнай Бобінай (Кавалёвай), ветэранам вайны і працы, выдатнікам аховы здароўя, жыхаркай г.п. Воранава.  Таццяна Кузьмінічна памярла ў 2021 годзе.

 Ганна Антонаўна Пабудка з в. Дварчаны Забалацкага сельсавета, радавая пяхоты першага Войска Польскага, якое сфарміравалася ў 1943 г. пад Разанню.

Навучэнец. Ганна Антонаўна нарадзілася ў в. Дварчаны 15 жніўня 1923 года ў сям’і малазямельных сялян. Сям’я складалася з дзевяці чалавек. Дзяцінства правяла ў роднай вёсцы Дварчаны.

          Вясной 1941 года  яны, маладыя, імкнуліся ў далёкія далі. Так хацелася даведацца пра новае жыццё, убачыць, што за парогам бацькоўскай хаты. Вось і рашылі Ганна Пабудка, Зофія і Генаэфа Імпяровіч і яшчэ некалькі дзяўчат-сябровак паехаць у Расію. Завербаваліся на торфараспрацоўкі ў Падмаскоўе, у Арэхава-Зуеўскі раён.

Успаміны Г.А. Пабудка.

Навучэнкаытае ўспаміны Ганны Антонаўны). “Вельмі захацелася нам зарабіць паркалю на сукенку. Ён рэдка ў вясковай лаўцы паяўляўся, ды і грошай дома лішніх не было. А на торфараспрацоўках нядрэнна плацілі. І на паркаль хапала, і дадому пару рублёў паслаць удавалася”.

Навучэнец. Потым зямлячкі пачалі працаваць на ваенным заводзе. Аднойчы на світанку пастукалі ў акно іх барака, затым суседняга, і чыйсьці горкі крык разрэзаў цішыню ранняй летняй раніцы: “Вайна!..”

           Цяпер і яны былі мабілізаваны – на працу для фронта. Ганна бегла раніцай на работу, а сэрца заходзілася ад болю: як там родныя, ці жывыя? У Беларусі ўжо пракляты немец гаспадарыў.28 верасня 1943 года дзяўчат вызвалі ў мясцовы Куроўскі ваенкамат Маскоўскай вобласці і мабілізавалі па-сапраўднаму. Усе сяброўкі ведалі польскую мову. Магчыма, пагэтаму служыць трапілі ў толькі што створанае Войска Польскае. Тут і разышліся іх шляхі. У радах асобнага жаночага батальёна пракрочыла Ганна Пабудка дарогамі вайны праз Смаленск і Жытомір да Варшавы з 12 жніўся 1944 года па 18 верасня 1945 года.

Навучэнка (зачытвае ўспаміны Г.А. Пабудка): “І на маршах па 50 кіламетраўпры поўнай выкладцы праходзіла, пры штабе паставой была, і рэгуліроўшчыцай на перакрыжаваннях франтавых дарог, і палонных фашыстаў канваіравала, і данясенні ноччу, куды патрэбна, дастаўляла. Што ні даручалі –  усё выконвала. Страшна было ў баі. Да смерці прывыкнуць немагчыма. Колькі смерцяў было на маіх вачах! Асабліва пад Варшавай многа палягло. Цудам сама не загінула ад асколка снарада, але капітан выратаваў”.

Навучэнец. Аб тым, як выконвала даручэнні, гавораць сціплыя радкі салдацкай характарыстыкі, якія беражліва захаваліся да цяперашняга часу: «Рядовая Побудко Анна Антоновна за время службы в отдельном женском батальоне замечаний не имеет, дисциплинированна, добросовестна, политически воспитанна».І падзякі былі – за тое, што важнае данясенне ў штаб палка ў тэрмін даставіла, а ў другі раз – што фашысту палоннаму ўцячы не дала.

Навучэнка. Ганна Антонаўна сустрэла Перамогу ў Варшаве пад урачысты звон касцельных званоў. Да цяперашняга часу не забылася тое ўсеагульнае трыумфаванне, тую вялікую радасць. Але тут, пад Варшавай, злажыў галаву сінявокі юнак па прозвішчу Паплаўскі, які паходзіў з Брэсцкай вобласці. Першае, яшчэ не зусім свядомае каханне Ганны Пабудка, –  самая горкая і балючая страта.

З вызваленай Варшавы іх “пашарпаны” батальён нікуды не адпраўлялі. Батальёна ўжо не было – у жывых засталіся толькі трыццаць дзяўчат. Іх разаслалі па розных палках.

          Калі прыйшоў загад аб дэмабілізацыі, заспяшалася на радзіму. Так і не паспела атрымаць свой “Бронзавы крыж заслугі”, толькі ордэнскую кніжку прывязла і зберагла. Але франтавыя заслугі яе не забыты – у азнаменаванне 40-годдзя Вялікай Перамогі Ганне Антонаўне ўручаны ордэн Айчыннай вайны II ступені.

 У мірны час  працавала на зямлі. Сумленна працавала.

Кіраўнік ВПВ. Так ужо склалася: не сустрэўся Ганне Антонаўне суджаны. Усё багацце вялікай душы сваёй яна шчодра аддавала сястры, яе дзецям і ўнукам.Актыўна ўдзельнічала ў ваенна-патрыятычным выхаванні молодзі. Ганна Антонаўна памярла 19 лістапада 2015 года.

Вучань расказвае пра Іосіфа МікалаевічаКозіча.

Навучэнец. У вёсцы Забалаць на вуліцы Леніна жыў мой аднавясковец Іосіф МікалаевічКозіч. Нарадзіўся Іосіф Мікалаевіч у 1924 годзе ў вёсцы Багданаўшчызна Радунскага раёна Баранавіцкай вобласці (цяпер Гродзенская вобласць, Лідскі раён). Бацька, Мікалай Іванавіч Козіч, і маці, Марыя Іосіфаўна Козіч, батрачылі на пана. Сям'я была мнагадзетная (сем чалавек). Скончыў 4 класы. Быў музыкантам. У 1941-ым годзе сябры параілі купіць гармонь у Арэхава-Зуева (Маскоўская вобласць). Там і сустрэў вайну.

Паступіў у вучылішча ў г. Саранск. Працаваў слесарам у ваенным шпіталі. Узялі ў армію ў 1943 годзе (яму было 16 гадоў). Служыў на другім Прыбалтыйскім фронце пад камандаваннем В. Г. Яроменкі.

Навучэнец(зачытвае ўспаміны І. М. Козіча). "Бой быў у чэрвені 1944 года, калі бралі Нарву. Прыйшлося фарсіраваць раку. I раптам снарад ледзьве не трапіў у лодку. Лодка перавярнулася. Я з таварышам апынуўся ў вадзе. Патануў наш кулямёт, патрэбна было ратавацца самім. За некалькі метраў ад нас былі невялікія астраўкі з глею, нанесенага  ракой. На гэтых астраўках мы выратаваліся. Да нас падплылі байцы. Мы з імі перабраліся на процілеглы бераг і вызвалілі горад. Немцы адыходзілі ўсё далей і далей ад Нарвы.

За тое, што змаглі выратаваць горад, мы атрымалі падзяку ад маршала Савецкага Саюза Іосіфа Вісарыёнавіча Сталіна".

Настаўнік апавядае адзін эпізод з ваеннага жыцця І.М. Козіча.

Кіраўнік ВПВ. Знаходзіўся атрад І.М.Козічаў лесе, а праз некалькі соцен метраў на процілеглым боку, у другім лесе, знаходзіўся нямецкі атрад. А пасярэдзіне была закінутая хатка. У атрадзе ведалі, што там, у хатцы, знаходзіцца бульба ў склепе. Салдаты былі ўзброены, але чамусьці Іосіф Мікалаевіч вырашыў пайсці ў тую хатку толькі з дзвюма схаванымі гранатамі. Зайшоў, залез у склеп, закінуў мяшок бульбы на плечы, збіраўся выходзіць, як у гэты час у склеп спускаецца немец таксама па  бульбу. Стаяць і глядзяць адзін на другога. Абодва вельмі моцна спалохаліся. Немец сцягнуў мяшок з бульбай з плячэй Іосіфа, а той выхапіў у фашыста аўтамат. Абодва выскачылі з дому і разбегліся ў розныя бакі.

Вучаніца паведамляе праСяргея Канстанцінавіча Конана.

Навучэнка. Сяргей Канстанцінавіч Конан нарадзіўся на хутары Лышчыкі Лідскага павета Забалацкай гміны (цяпер Забалацкі сельсавет Воранаўскага раёна) 26 снежня 1922 года. Ён – выхадзец з вялікай сялянскай сям’і. Бацькі Сяргея, Канстанцін Нікіфаравіч і Антаніна Іванаўна, выгадавалі пяцярых сыноў і дзвюх дачок.

У даваенны час Сяргей Конан прайшоў дапрызыўныя вучэбна-ваенныя зборы, а вечарам вучыўся на трактарыста. Працаваў у калгасе на трактарах "Наці" і "Універсал", выконваючы двайныя нормы па ўзорванні палёў.Немцы гаспадарылі ў Забалаці з 23 чэрвеня 1941 года да сярэдзіны 1944 года.У год вызвалення ад фашысцкай навалы сям’я Конанаў – родныя браты Пётр, Сяргей, Арсеній і стрыечны брат Іван пайшлі ў Чырвоную Армію.

На сёмы дзень прызыва чырвонаармеец Сяргей Конан прыняў прысягу, а першы бой – пад Віцебскам, у саставе 44-й асобнай сапёрнай брыгады 39-ай арміі 3-га Беларускага фронту.

Баявы шлях дваццацігадовага сапёра Конана пралёг ад руін Віцебска праз гарады і вёскі Літвы да Кенігсберга.

Тут, ва Усходняй Прусіі, пасля працяглых цяжкіх баёў у час  штурма галоўнай цытадэлі фашызма ў Прыбалтыцы, сяржант Конан трапіў з асколкавым раненнем нагі ў ваенны шпіталь, дыслацыраваны ў горад Кранц (з 1946 года - Зеленагорск). Тут і застала яго вестка аб Перамозе. "Усе мы – дактары, медсёстры, раненыя, смеючыся і абнімаючы адзін аднаго, плакалі ад радасці, " – успамінаў Сяргей Канстанцінавіч.

Сяргей Канстанцінавіч быў узнагароджаны медалямі “За баявыя заслугі”, “За штурм Кенігсберга”, “За перамогу над Германіяй”, ордэнам Вялікай Айчыннай вайны II ступені.

У 1948 годзе змяніў гімнасцёрку на цывільны касцюм. I з той пары працаваў шафёрам у Радунскай пажарнай часці, шафёрам пажарных машын у калгасе імя Леніна.

Да баявых ўзнагарод прыбавіліся працоўныя: значок "Выдатнік пажарнай аховы", шматлікія граматы.

Кіраўнік ВПВ. Сяргей Канстанцінавіч праваяваў толькі дзевяць месяцаў, але гэтыя месяцы ў яго жыцці былі  роўныя  некалькім  гадам.

Вялікая сям’я Конана, рызыкуючы жыццём, аказвала ўсебаковую дапамогу падпольшчыкам і партызанам.

Няма ў Беларусі такога кутка, які б не стаў месцам здзяйснення народнага подзвігу. I няма месца, дзе не шанавалі б гэтыя подзвігі. Абеліскі і помнікі, мемарыяльныя комплексы, Курганы Славы. Іх у Беларусі амаль 6 тысяч.Звернемся да карты памятных мясцін другой сусветнай вайны.

Усяго на тэрыторыі Гродзенскай вобласці знаходзіцца 521 помнік і памятны знак на воінскіх захаваннях, 417 форм увекавечвання пазавоінскіх захаванняў. У іх захаваны 63512 загінуўшых воінаў, многія з якіх невядомыя.

У Воранаўскім раёне знаходзяцца 5 помнікаў і абеліскаў: у г.п. Воранава, в. Пагародна, в.Нача, г.п.Радунь, в.Барташуны; 14 брацкіх магіл і адзіночных захаванняў у г.п. Воранава, в.Бастуны, в.Дубінцы, в.Навасады, в.Пасека-Дварчаны, г.п.Радунь, в. Смільгіні, аг. Тракелі, в.Запрудзяны, аг.Больцішкі, аг.Доцішкі.

Кіраўнік ВПВ.А што вы ведаеце пра помнік у  аг.Забалаць?  (Адказы вучняў.)

Дэманструецца слайд з фотаздымкамі гэтага помніка.

Навучэнка. На тэрыторыі Забалацкага сельсавета і сельскагаспадарчага кааператыва ўзвышаецца помнік воінам-землякам, загінуўшым у гады другой сусветнай вайны, скульптарам і мастаком якога з’яўляецца жыхар г.Ліды Рычард Баляслававіч Груша. Яму ўдалося ажыццявіць ідэю, якая сімвалізуе тыя далёкія ваенныя гады.

Навучэнец (чытае ўспаміны  ВольгіКрахмальчык, выпускніцы 2007 года Забалацкайсярэдняй этнашколы). “Я ўспамінаю дзень 7 мая 2005 года, калі ў вёску Забалаць з'ехалася вялікая колькасць гасцей і ветэранаў вайны з усяго Воранаўскага раёна.  Тут, напярэдадні Вялікай Перамогі, ва ўрачыстай абстаноўцы быў адкрыты помнік воінам-землякам, загінуўшым  у гады другой сусветнай вайны.I калі я была на гэтым свяце, то вельмі ганарылася тым, што і мы, вучні нашых 9-ых класаў, прымалі актыўны ўдзел у добраўпарадкаванні тэрыторыі, на якой быў устаноўлены помнік. Маімі рукамі і рукамі маіх сяброў пасаджана было не адно дрэўца  як сімвал памяці. Слёзы цяклі з вачэй, калі да помніка ішлі ветэраны Сяргей Канстанцінавіч Конан, Іосіф Мікалаевіч Козіч, Франц Адольфавіч Юрэвіч, Станіслаў Іосіфавіч Паўловіч і іншыя. Асабліва ўзрушылі словы падзякі ад імя ветэранаў Сяргея Канстанцінавіча Конана за адкрыццё помніка. Памяць пра ветэранаў будзе жыць у нашых сэрцах”.

Чацвёрты чытальнік.

Паклон вам, воіны-салдаты

Радзімы верныя сыны.

О, колькі зведалі дарог,

Пакуль вярнуліся дахаты,

На мірны, родны свой парог.

Кіраўнік ВПВ.Ініцыятарам устаноўкі помніка ахвярам фашызму ў нашай вёсцы выступіў кіраўнік ветэранскай арганізацыі Забалаці Сяргей Канстанцінавіч Конан. Ля помніка праходзяць урачыстасці, прымаюць вучняў у піянеры.

Дэманструюцца слайды з фотаздымкамі Івана ІосіфавічаБудзько

Кіраўнік ВПВ. Скажыце, вы ўпершыню чуеце прозвішча Будзько? (Адказы вучняў.) Што вы можаце сказаць пра  Івана Іосіфавіча?

Вучань апавядае пра Івана Іосіфавіча Будзько.

Навучэнец.Забалаць на працягу многіх гадоў была цэнтрам рэвалюцыйнай барацьбы.

Тут у пасляваенны час жыў член КПЗБ з 1932 года І.І. Будзько, які на працягу дзесяці гадоў выбіраўся сакратаром падпольнага камітэта партыі і кіраваў адсюль падпольнай работай на тэрыторыі  колішняга Радунскага і Варэнскага раёнаў (Літоўская Рэспубліка). Пасля выхаду на пенсію паехаў жыць у Гродна. Перад ад’ездам Іван Іосіфавіч даў карэспандэнту газеты “Ленинское знамя” Л. Светазараву, з якім часта сустракаўся і гутарыў аб падпольнай барацьбе, копіі дзённікаў.

Вось некаторыя ўрыўкі з іх.

Вучаніца расказвае пра шлях у ячэйку І.І. Будзько.

Навучэнка.

Успаміны І.І. Будзько “У маладосці мала вучыўся, толькі некалькі гадоў наведваў школу. Але і такі чалавек у той час у сям’і і вёсцы лічыўся адукаваным. Маці прыносіла ў дом кнігі і ў вольны час прымушала чытаць уголас. У большасці гэта былі рэлігійныя пісанкі.

Бясспрэчна, мне, пятнаццацігадоваму хлопцу, хацелася чагосьці новага. Якраз у гэты час у нашай мясцовасці з’явіўся нейкі Гудзіновіч. Прыехаў з Расіі, удзельнічаў у рэвалюцыйных падзеях.

Даведаўшыся, што ў гэтага чалавека ёсць кнігі, я наведаў яго.

Упершыню пачуў ад яго аб жыцці беларусаў па той бок мяжы. Некалькі кніг ён даў пачытаць. Гэта былі творы М.Горкага, працы Бебеля. Спадабалася. Потым прыносіў дахаты ўсё новыя і новыя кнігі. І ўсё болей пераканоўваўся, якая бездань паміж тым, што гаварылі нам багатыя, і тым, што напісана ў гэтых кнігах.

Стаў думаць пра жыццё. Чаму пан ні ў чым не адказвае сабе, здзекваецца над намі, беднякамі, якія перабіваліся з хлеба на квас.

Шмат у чым мне дапамог студэнт Казімір Ёніс, з якім я пазнаёміўся ў Дубічах. На многія рэчы ён дапамог мне глянуць па-новаму. З яго дапамогай я стаў членам  падпольнай партыйнай ячэйкі”.

Вучаніца паведамляе пра сустрэчумясцовых падпольшчыкаў з Верай Харужай.

Навучэнка.

Успаміны  І.І. Будзько: “У пачатку 30-х гадоў я ўжо прымаў актыўны ўдзел у рэвалюцыйнай рабоце. А ў 1933 годзе ўвайшоў у склад Дубіцкага падпольнага райкома. Разам з сакратарамі райкома Браніславам Сянкевічам і Канстанцінам Мацконісам прыходзілася выконваць складаную работу па стварэнні партячэек у буйных населеных пунктах. За кароткі час арганізавалі на тэрыторыі ранейшага Воранаўскага, Шчучынскага і Варэнскага раёнаў некалькі дзясяткаў ячэек. Самыя буйныя былі ў вёсках Забалаць (сакратар Янкоўскі), Ракі (сакратар Уладзімір Маркевіч), Першамайск (Іван Дымовіч), Рэмзы (Адам Верамейчык).

Камуністы праводзілі вялікую работу сярод насельніцтва  па размеркаванні палітычнай літаратуры. Да нас прыязджалі вядомыя ў Беларусі рэвалюцыянеры.

Аднойчы паведамілі:

      – Будзьце гатовы да сустрэчы, прыязджае Вера Харужая.

Вялікае ўражанне засталося ад гэтай сустрэчы. Адданы прапагандыст, аратар,  маючы вялікую практыку рэвалюцыйнай работы, Вера Харужая ўсяліла ў нас упэўненасць у сваіх сілах, настроіла на больш актыўную дзейнасць. Часцей сталі збірацца, праводзіць рэвалюцыйныя акцыі. За многімі паліцыя стала ўжо сачыць.

Збіраліся  ў Дубічах, Першамайску, Забалаці.Сходы прымяркоўвалі да рэлігійных святаў. На іх выпрацоўвалася тактыка барацьбы.

На Вялікдзень у 1934 годзе ў Першамайску вывесілі чырвоны сцяг.

Беднякі бачылі ў нас заступнікаў. Не раз атрымлівалі своечасовую падтрымку. Аднойчы нам паведамілі, што ў селяніна па прозвішчу Швед апісалі ў Дубічах за няўплату налогаў жывёлу. Мы правялі сярод насельніцтва работу. І калі ў вёску прыбылі сельвестратар і два паліцаі, на вуліцы сабраўся натоўп. Як толькі справа дайшла да канфіскацыі жывёлы, у панскіх памагатых паляцелі калы, камякі зямлі. Праз некалькі дзён з Забалаці прыбыў начальнік паліцыі Драздовіч са сваімі  людзьмі, але і тады народ не дазволіў забраць скаціну”.

Расказ вучня “Побач з Таўлаем”.

Навучэнец. Хутка пачаліся арышты. Дэфензіва (у панскай Польшчы: ахоўная паліцыя) засылала ў падпольныя арганізацыі правакатараў. Арыштавалі некалькіх маіх таварышаў, а хутка па даносе правакатара Іваноўскага –  і  мяне. Пяць гадоў астрогу – такое рашэнне суда. І вось я ў Вільнюскім астрозе Лукішкі. Палітзняволеныя размяшчаліся ў адзіночных камерах. Але і ў астрозе барацьба за волю не спынялася. Мы даведаліся, што ў адной з камер знаходзіцца вядомы рэвалюцыянер Таўлай. Пад яго кіраўніцтвам выходзіла турэмная газета “Краты”. Я таксама прымаў удзел у яе выпуску. За час майго зняволення ў астрозе выйшла 48 нумароў падпольнай газеты. У рашэнні такіх цяжкасцей, як набыццё паперы, чарніл, нам дапамагалі крымінальнікі, якія больш вольна адчувалі сябе ў астрозе. З газеты зняволеныя даведаліся аб вайне, якую рыхтаваў  Гітлер, аб мужнасці нашых таварышаў па барацьбе, даведаліся імёны здраднікаў і правакатараў.

Зняволеныя адзіночных камер усё ж такі збіраліся разам – у лазні, адзін раз у два тыдні,калі мыліся.

1937 год. Мяне і іншых таварышаў вызвалілі з турмы датэрмінова”.

Гучыць “Лясная песня”, словы А.Русака, музыка У.Алоўнікава.

Чытанне даведкі "Партызанская барацьба на тэрыторыі Воранаўска раёна".

Кіраўнік ВПВ.У гады Вялікай Айчыннай вайны ў Забалаці быў цэнтр партызанскага руху раёна. Ужо на трэці дзень вайны мотарызаваныя нямецкія часці ўварваліся ў мястэчка Забалаць. Самаўпэўненыя акупанты хутка прыступілі да ўстанаўлення новых парадкаў.  Рабавалі і забівалі, урываліся ў дамы, дзе жылі яўрэйскія сем’і, выганялі іх адтуль, выкідвалі рэчы і заганялі ўсіх у гета за знакі жоўтага куска тканіны, нашытага на адзенне.

У 1942 годзе з розных груп салдат-акружэнцаў сталі  складацца партызанскія атрады. У нашых лясах, на тэрыторыі Радунскага (цяпер Воранаўскі ), Васілішскага  і Варэнскага раёнаў (Літва), быў арганізаваны атрад імя Катоўскага. Поспех партызанскага руху ў вялікай меры тлумачыўся падтрымкай мясцовага насельніцтва: забяспечвалі важнымі звесткамі, дапамагалі медыкаментамі.

Восенню 1943 года фашысты пачалі праводзіць  аблавы на партызан. Яны бамбілі стаянкі партызан,спальвалі вёскі і хутары, якія знаходзіліся каля лясоў, каб партызанам не было магчымасці звязацца з насельніцтвам. Сярод партызан нашай мясцовасці самымі актывістамі былі сям’я  Будзько(Іван Іосіфавіч, Канстанцін Іосіфавіч, Зоя Канстанцінаўна, Марыя Канстанцінаўна), Марыя Павядайка, сям’я Родзікаў (Ганна Антонаўна, Антон Іванавіч, Франц Антонавіч ).

Пяты чытальнік.

Партызаны, партызаны,

Беларускія сыны.

Рэжце гітлераўцаў паганых,

Каб не ўскрэслі век яны.

Я. Купала

Вучні паведамляюць пра Зою Канстанцінаўну Будзько.

Навучэнец. У Радунскім раёне самаахвярнае змаганне за свабоду вялі партызаны атрада імя Ленінскага камсамола, патрыёты-падпольшчыкі. З ростам руху супраціўлення павялічвалася сям’я лясных салдатаў. На базе згаданага атрада былі ўтвораны аднайменная партызанская брыгада з трох атрадаў, адзін з якіх, імя  Катоўскага, дыслацыраваўся на Радуншчыне.

Менавіта ў гэтым падраздзяленні народных мсціўцаў праславілася баявымі справамі Зоя Будзько, мужная дзяўчына з хутара Каюцева, што знаходзіцца недалёка ад Забалаці.Нарадзілася і вырасла ў патрыятычнай сям’і Канстанціна Іосіфавіча і Веры Іосіфаўны Будзько. Бацька і бацькаў брат Іван былі членамі кампартыі Заходняй Беларусі. Таму з першых дзён акупацыі браты зведалі ганенні з боку фашысцкайулады. Зоін бацька ўступіў у невялікую партызанскую групу. Зоя і яе сястра Марыя былі першымі надзейнымі сувязнымі той ячэйкі.

Напрадвесні 1943 года ў партызанскім атрадзе з'явілася высокая, стройная дзяўчына з пранікнённым поглядам добразычлівых вачэй.

Галоўнай работай Зоі ў атрадзе была разведка. Восенню 1943 года лясныя салдаты, у ліку якіх была Зоя Будзько, напалі на немцаў у мястэчку Забалаць. У тую ноч партызаны разграмілі варожы гарнізон і малочны завод. У гэтай аперацыі вызначылася Зоя Канстанцінаўна: яна падтрымлівала атаку народных мсціўцаў трапным кулямётным агнём.

Поспех партызанскага руху ў нашым краі ў вялікай меры залежаў ад падтрымкі мясцовага насельніцтва. І самы яскравы прыклад у гэтым паказала сям’я Будзько з малавядомага хутара Каюцева. Самае дарагое—свае жыцці – аддалі за волю народа бацькі Зоі, яе сёстры Жэня і Аня, іншыя сваякі і землякі. За іх кроў і смерць Зоя і сястра Марыя адпомсцілі праклятым фашыстам.

Кіраўнік гуртка.Многа падобных гераічных спраў на баявым рахунку камсамолкі-патрыёткі. Гэта і ўдзел у шматлікіх засадах на гітлераўцаў,у падрыве мастоў на дарогах Астрына – Радунь і Гродна – Астрына, і знішчэнне тэлефоннай сувязі ворага.

У пасляваенны час працавала партыйным работнікам.

Дэманструецца слайд з фотаздымкамі сям’і Франца Антонавіча Родзіка.

Паведамленне пра Ф.А. Родзіка.

Навучэнец.Франц Антонавіч Родзік нарадзіўся ў вёсцы Пасека-Дварчаны. У 1940 годзе ўступіў у калгасІнтэрнацыянал.Трактарам Націразараў межы на палях забалацкіх беднякоў. У ліку першых уступіў у камсамол, пачаў будаваць новае жыццё.

А калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Франц Родзік становіцца партызанскім сувязным, збірае зброю для народных мсціўцаў, а потым сам ідзе ў партызанскі атрад.

3 1942 года і да дня вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў быў разведчыкам у атрадзе імя Ленінскага камсамола, які размяшчаўся на тэрыторыі Варэнскага, Шчучынскага і Радунскага раёнаў. У 1943 годзе фашысцкія карнікі расстралялі маці Франца Родзіка, яго 16-гадовага брата і двухгадовага пляменніка.

У чэрвені 1944 года народныя мсціўцы сустрэліся ў Астрына з часцямі Савецкай Арміі. Але для Франца Антонавіча Родзіка барацьба за новае, светлае жыццё не закончылася. Яго накіроўваюць  на камсамольскую  работу. Многа сіл і намаганняў аддае загадчык аргаддзела Радунскага райкома камсамола выхаванню моладзі.

Франц Антонавіч Родзік многія гады ўзначальваў шэраг калгасаў Воранаўскага раёна. Быў старшынёй калгаса імя Мічурына, імя Кірава. Радзіма высока ацаніла ягозаслугі. Ф. А. Родзік узнагароджаны медалямі "За адвагу", "За працоўнуюдоблесць".

Аб перажытым у гады Вялікай  Айчыннай вайны Франц Антонавіч Родзік не раз усхвалявана дзяліўся з вучнямі Забалацкай сярэдняй школы.

Кіраўнік ВПВ.Настаў светлы час вызвалення. Савецкая ўлада толькі аднаўлялася, нацыяналістычныя банды пранікалі з тэрыторыі Літвы, забівалі актывістаў, савецкіх і партыйных работнікаў. Дзейнічала банда Крыся.

Адным з  актывістаў - барацьбітоў за новае жыццё быў Генрых Іванавіч Юшкевіч.

Дэманструецца слайдпра першага старшыню сельсавета  ў Забалаці.

Паведамленне пра Генрыха Іванавіча Юшкевіча.

Навучэнка. Адгрымела Вялікая Айчынная вайна. Залечваліся раны, якія прынесла вайна. Аднаўлялі  гаспадарку, будавалі новае жыццё. Пасля дэмабілізацыі з Савецкай Арміі вярнуўся дадому Генрых Іванавіч Юшкевіч. Меў сямігадовую адукацыю, арганізатарскія здольнасці. Яго выбралі першым пасляваенным старшынёй Забалацкага сельсавета. Быў пачатак 1947 года. Актывіст поўнасцю прысвяціў сябе справе служэння людзям. Дапамагаў абяздоленым, агітаваў землякоў за новае жыццё, арганізаваў сялян на выкананне дзяржаўных планаў, падпіску на пазыку. Дапамагаў у першую чаргу тым, хто не меў сваёй зямлі, сваёй хаціны.

Быў вельмі  справядлівы і чулы чалавек. Алёна Ёдка ўспамінае: “Аднойчы прыйшла я з просьбай у сельсавет, каб мне аказалі дапамогу з жыллём. Генрых Іванавіч устаў з-за стала, уважліва выслухаў мяне і, з усмешкай, сказаў: “Такім як Вы, Алёна, новая ўлада ніколі не адкажа. І мне выдзялілі кватэру ў доме колішняга кулака Жылінскага”

 Не толькі адной Ёдка, але і ўсім былым батракам было дадзена жыллё тых, хто кінуў абжытыя месцы і збег ад новай улады.

Старшыня спачуваў бедным, добра разумеў чалавечае гора. Юльян Юшкевіч успамінае: “У нас цяжка захварэў сын.Калі аб гэтым даведаўся Генрых Іванавіч, то тэрміновапрыняўмеры для адпраўкі нашага сына ў бальніцу. Хлопчык быў выратаваны”.

Генрыха Юшкевіча любілі тыя, чые інтарэсы ён абараняў. Але былі такія, каму не падабалася новая ўлада. Яны трымалі сувязь з нацыяналістычнымі бандамі, усяляк  стараліся перашкодзіць будаўніцтву новага жыцця.

За актывістам сачылі. А ў 1948 годзе не стала старшыні сельсавета Генрыха Іванавіча Юшкевіча. Подлая бандыцкая рука абарвала жыццё добрага, справядлівага чалавека.

Навучэнец.Памяць аб  першым старшыні мясцовага сельскага савета жыве. Яго прозвішчам названа адна з вуліц аг. Забалаць.

Кіраўнік ВПВ.Антон Аляксандравіч Савіцкі – наш славуты зямляк.

Вучаніца расказвае пра Антона Аляксандравіча  Савіцкага.

Навучэнка. Антон Савіцкі – першы камсамольскі важак Радунскага раёна (цяпер Воранаўскі раён). Сакратар камсамольскай ячэйкі ў вёсцы Забалаць. Многа спраў у Антона: трэба арганізаваць камсамольскія ячэйкі ва ўсіх вёсках, стварыць спажывецкую кааперацыю, агітаваць за калгас. Гэта даручэнне райкома камсамола.

Становішча ў тыя гады было трывожнае. Стройнага юнака ў кіцелі без пагонаў бачылі ва ўсіх вёсках Забалацкага сельсавета. Збіраліся юнакі, дзяўчаты, сталыя людзі, слухалі яго. Антона Савіцкага ведалі, дапамагалі яму, не раз хавалі ад бандытаў, папярэджвалі, што ворагі рыхтуюць расправу. Але адважны камсамолец з'яўляўся зноў і зноў.

Не раз прыходзілася Антону ўступаць у перастрэлку з бандытамі і выходзіць пераможцам. Паважалі і любілі людзі гэтага юнака за ўдаласць і адвагу. I за тое, што ведалі: кожную гадзіну рызыкуе сваім жыццём гэты юнак дзеля  іх шчасця і радаснага будучага ўсіх беднякоў.

Вярнуўся Антон у Забалаць, калі ўжо сцямнела. Вярнуўся стомленым, прамоклым да ніткі. Зайшоў у паштовае аддзяленне, дзе было ўтульна, напалена. Распрануўся, павесіў вопратку, лёг на прыгатаваны ложак і імгненна заснуў.  Хтосьці данёс: Савіцкі тут.

Не ведаў Антон, што заснуў назаўсёды. Не чуў, як бандыты асцярожна адчынілі зашчапку і зайшлі ў пакой. Яны нават пабаяліся будзіць камсамольца. Відаць страшны ён быў для гэтых вырадкаў. Адзін з бандытаў асцярожна  падышоў да ложка. Накіраваў аўтамат у грудзі соннаму  камсамольцу і націснуў курок.

Так перастала біцца сэрца камсамольца Антона Савіцкага. Ён загінуў у дваццаць гадоў за тое, каб людзі, якіх ён любіў, убачылі сапраўднае шчасце.

Вучаніца чытае верш В. Капілевіча "Непрожитая жизнь". Прысвячаецца Антону Савіцкаму – першаму камсамольскаму важаку раёна, загінаўшаму ад зладзейскага выстрала бандытаў.

КіраўнікВПВ.У 70-ыя гады ХХ стагоддзя на пасяджэнні райкома камсамола Антон АляксандравічСавіцкі адзінагалосна занесены ў спіс ганаровых членаў Воранаўскага райкома камсамола.

 Ушануемхвілінаймаўчання светлую памяцьславутыхземлякоў.

Хвіліна маўчання.

Рэфлексія.

- Чаму патрэбна нам ведаць гераічнае мінулае нашай мясцовасці?

- Як вы думаеце, ці лёгка даюцца гераічныя ўчынкі, працоўныя подзвігі?

- Давайце ўспомнім імёны землякоў, пра якіх мы сёння вялі размову. Які след яны пакінулі пасля сябе?

Кіраўнік ВПВ.Ведаць сваіх землякоў – святы абавязак сапраўднага грамадзяніна Беларусі (зварот да эпіграфа).

Кожны чалавек павінен паважаць бацькоў, абараняць Радзіму, любіць, берагчы і ахоўваць сваю зямлю.

Ад кожнага з нас залежыць, ці захаваем мы ўсё, што створана рукамі продкаў, ці памножым мы славу роднай краіны, роднай вёскі.

Экскурсіі

 

Экскурсія "Адзенне забалацкіх мадоннаў пачатку – сярэдзіны XX стагоддзя.
2021-10-14 20:39  Экскурсія “АдЗЕнне Забалацкіх мадоннаў ПАЧАТАК –сярэдзінА ХХ СТАГОДДЗЯ” Войшніс Ф.С., кіраўнік этнаграфічнага музея “Спадчына” Мэта: выклікаць цікавасць да беларускага народнага жаночага адзення  п...

Урок у музеі

“Ой лянок, лянок мой чысты, валакністы, залацісты!”

Літаратурна-этнаграфічная гасцёўня

(5 клас)

Літаратурна-этнаграфічная гасцёўня “Ой лянок, лянок мой чысты, валакністы, залацісты!”, якая была праведзена ў этнаграфічным музеі “Спадчына”, пазнаёміла вучняў 5 класа (класны кіраўнік Яніна Яўгеньеўна Міхайлава) з прыладамі для апрацоўкі льну і паэтычнымі творамі, прысвечанымі цяжкай жаночай працы; садзейнічала выхаванню цікавасці да мінулага роднага краю, беларускай паэзіі, павазе да сялянскай працы, традыцый беларускага народа.

Кіраўнік музея Фаіна Стэфанаўна Войшніс пазнаёміла пяцікласнікаў з калаўротам, прасніцай, верацяном, церніцай, траплом, грэбенем, кудзелю на прасніцы, сукалам, саматканымі ручнікамі, абрусамі, ткацкім станком.

 Вучні чыталі  вершы М. Машары  і В. Вярбы “Ручнікі”, М. Танка “Расшытае крыжыкам”, В. Ракава “Неданошаныя кашулі”, Я. Крупенькі “Беляць палотны”, Д. Бічэль “Кросны”. Пад гучання беларускай народнай песні “Ох, і сеяла Ульяніца лянок” дзяўчынкі спявалі і танцавалі, імітуючы ўсе згаданыя  дзеянні.

Віды вышыўкі. Асаблівасці беларускай народнай вышыўкі. Вышыўка ў тэхніцы “Набор”

Урок працоўнага навучання

Яніна Мар’янаўна Анаровіч, настаўніца працоўнага навучання, пазнаёміла дзяўчынак з тэхнікай вышывання гладдзю, паўкрыжом і крыжом. Фаіна Стэфанаўна Войшніс, кіраўнік этнаграфічнага музея “Спадчына” правяла для пяцікласніц  у школьным музеі экскурсію “Вышыўка і ткацтва як від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва”.  Паведаміла вучаніцам пра спосабы вышыўкі, пра ролю вышыўкі ў жыцці нашых продкаў, пра  майстэрства мясцовых вышывальшчыц. Пазнаёміла з музейнымі вышыванкамі, сурвэткамі, ручнікамі, вышытым арнаментам на кашулях.

Урок-экскурсія садзейнічала выхаванню у дзяўчынак любові і павагі да свайго краю, народа, яго традыцый, промыслаў.

Пазнавальная экскурсія “Лепш нічога няма свайго роднага вугла”

Кіраўнік этнаграфічнага музея “Спадчына” Ф.С. Войшніс сумесна з  выхавальнікам інтэграванай групы навучання і выхаванн Л. І. Глушэнь правялі з выхаванцамі пазнавальную экскурсію “Няма нічога мілей свайго роднага вугла”. Гэтая экскурсія прывабіла дашкольнікаў цікавай экспазіцыяй, магчымасцю пагуляць з экспанатамі.

Перад наведваннем музея дашкольнікі пазнаёміліся з ілюстраваным матэрыялам з папкі “З куфэрка бабулі”, створанай Людмілай Іосіфаўнай Глушэнь паводле часопіса “Вясёлка” (“музей Вясёлкі”).

Фаіна Стэфанаўна апавядала дзецям пра жыццё беларусаў у пачатку ХХ стагоддзя, знаёміла з інтэр’ерам сялянскай хаты, асноўнымі прадметамі вясковага побыту, з прадметамі гаспадара, гаспадыні, з ткацкімі прыладамі і вырабамі. Дзеці гулялі ў гульню “Хустачка”, адгадвалі загадкі, спявалі беларускую народную песню-танец “Бульба”, называлі прыказкі і прымаўкі, расказалі верш “Я люблю сваю хату”.

Пазнавальная экскурсія ўзбагаціла слоўнік дзяцей на аснове паглыблення ведаў пра прадметы і з’явы навакольнага свету; далучыла іх да багацця беларускай мовы праз малыя жанры (гульні, загадкі, прыказкі і прымаўкі, песні); садзейнічала выхаванню павагі да гістарычнага мінулага сваёй краіны, цікавасці да нацыянальных і агульначалавечых каштоўнасцей.

Загадкі ў музейных прадметах

Гульня-спаборніцтва

З выхаванцамі ГПД №1 (выхавальнік Р.І. Чапля) кіраўніком этнаграфічнага музея “Спадчына” Фаінай Стэфанаўнай Войшніс праведзена гульня-спаборніцтва “Загадкі ў музейных прадметах”. Для гульні выкарыстоўваліся экспанаты. Каманды “Верасок” і “Васілёк” заўзята адгадвалі, што знаходзіцца ў “чароўным” кошыку, падбіралі прыладу, знаходзілі адгадкі сярод экспанатаў музея, разгадвалі загадкі-пытанні, загадкі-жарты, загадкі-задачы. Яны ўдзельнічалі ў гульні “Забі гол”.

Каштоўнасць загадкі ў тым, што яна ў высокапаэтычнай форме адлюстравала гаспадарчую і працоўную дзейнасць чалавека, яго жыццёвы вопыт. Гэта сродак забавы і пацехі для дзяцей.

Гульня вучням спабалася. Яны былі актыўныя, кемлівыя, назіральныя, разважлівыя. 

Top.Mail.Ru google-site-verification=qdfyVLnF0XqW4z_zbAcUO5CPzEfFXwZG8ruI7E8EvsA google-site-verification: google6c9153f8f6561b92.html